Здаровы сэнс — не «Іскандэр», ім трэба ўмець карыстацца
Здаецца, на пагрозу паўночнаму флангу хаатычныя беларускія ваенныя манеўры не цягнуць. Тады што адбываецца ў краіне? Ці наспеў час хвалявацца? Пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Учора экстрэмісты ўсялякія нядобрыя пісалі пра трошкі трывожныя рэчы. Пра танкі, якія перакінулі да літоўскай мяжы, і пра мабілізацыйны хапун у Брэсцкай вобласці. Вось, мяркуючы па ўсім, пры правядзенні планавай праверкі ваеннаабавязаных улады задзейнічалі свой вопыт барацьбы з палітычна недальнабачнымі грамадзянамі. Таму што ваеннаабавязаных бралі, нібы тых экстрэмістаў: дзе прыйдзецца і без права апеляцыі. Ну і Міністэрства абароны, вядома, ужо другі дзень радасна рапартуе пра тое, як яно рухае салдацікаў у розныя бакі. Відаць, гэта значыць, што ўлады робяць усё, каб тое, як расце іх боегатоўнасць, не засталася незаўважаным.
І ведаеш, калі я спрабаваў зразумець сэнс гэтых хаатычных ваенных манеўраў, дык застаўся крыху разгубленым ды здзіўленым. Усё ж такі на пагрозу паўночнаму флангу хаатычныя ваенныя манеўры не цягнуць. Хаатычнымі вайсковымі манеўрамі беларускія ўлады займаюцца ўжо больш за год і ўвесь час з нязменным нулявым вынікам. Пагрозу паўночнаму флангу трэба было б пазначаць неяк больш тонка. Неяк далікатней, ці што. Вось Украіна, без усялякага ваеннага балагана, так пазначыла пагрозу контрнаступлення, што саюзнікам кожны дзень даводзіцца мяняць канцэпцыю.
Яшчэ, вядома, як заўсёды, можна было б думаць, што ўсе гэтыя танцы з бубнамі ўздоўж меж задуманы для адцягваня ўвагі. Вось менавіта таму, што за апошні год усе занадта прывыклі да беларускіх вайсковых манеўраў, каб надаваць ім значэнне. І салдацікаў ужо шмат разоў рухалі, і ваеннаабавязаных раптам правяралі. Гэта значыць, калі кінуць хуткі позірк на беларускую вайсковую актыўнасць, няма ніякіх прычын падазраваць, што цяперашнія манеўры носяць больш асэнсаваны характар, чым усе папярэднія.
Карацей, можа яны хочуць пад гэтыя танцы з бубнамі непрыкметна наманеўраваць сабе на які-небудзь наступ? Цалкам такая сабе стратагема, якая адпавядае ўзроўню «другой арміі свету» і яе непераможнага саюзніка. Бо, урэшце, адзіным контраргументам супраць беларускага наступу застаецца здаровы сэнс. А здаровы сэнс — гэта табе не «Іскандэр». Ім яшчэ трэба ўмець карыстацца.
А можа, і дарма я тут табе выкладаю на паперы сваё недаўменне ды здзіўленне…. Няма, хутчэй за ўсё, ва ўсім гэтым ніякага сэнсу і далёкіх планаў. Можа, папросту загадала начальства павысіць боегатоўнасць — яны, як умеюць, павышаюць. Галоўнае — нарабіць пабольш тлуму і шуму, каб начальства заўважыла і засталося задаволеным.