Беларускія ўлады палохаюць таму, што ім самім страшна

Бываюць такія жабы, што моцна раздуваюцца, калі адчуваць небяспеку. Аднак часам у гэтым эвалюцыйным механізме адбываецца збой — і жаба раздзімаецца так моцна, што лопаецца сама, нагадвае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Жаба ў беларускай сажалцы

Жаба ў беларускай сажалцы

Кажуць, ёсць такія жабы, якія пры набліжэнні драпежніка здольныя раздзімацца ўдвая супраць свайго звычайнага памеру. Эвалюцыя выпрацавала ў іх такі механізм самаабароны. Спосаб сказаць: «Я вялікая! Я моцная! Я страшная! Не ежце мяне, калі ласка, а то можа горш будзе».

Усё роўна, вядома, ядуць. Драпежнікі ж таксама не дурні.

Аднак бывае, што ў гэтым эвалюцыйным механізме адбываецца збой — і жаба раздзімаецца так моцна, што лопаецца сама.

У мінулую пятніцу міністр абароны Хрэнін падчас праверкі ўзроўню боегатоўнасці сказаў, што ён, міністр абароны, гатовы размясціць не толькі тактычную ядзерную зброю, але ўжо і стратэгічную. Таму што беларускі міністр абароны — чалавек выключна міралюбівы. Міралюбівы, але ўражлівы. Таму «варожая рыторыка» яго вельмі хвалюе. І «калі варожая рыторыка працягнецца», ён гатовы адказаць размяшчэннем стратэгічнай ядзернай зброі.


А быў жа час, калі для супрацьстаяння варожай рыторыцы беларускім уладам хапала адной толькі сваёй непераможнай арміі. Потым да арміі дадалі тэрытарыяльную абарону, але на душы ад гэтага спакайней не стала. Умацавалі сельскагаспадарчымі апалчэннямі, аднак узровень бяспекі чамусьці ўсё роўна не павысіўся. Прызвалі паляўніча-рыбалоўныя брыгады — не дапамагло. Раздулі свой віртуальны мабілізацыйны рэзерв з пяцісот тысяч чалавек да паўтара мільёна — стала толькі горш.

Нездарма ўсё ж такі разумныя людзі кажуць, што эскалацыя канфлікту павінна быць паступовай, а кожны наступны крок суразмерным і адпаведным узроўню пагрозы.

А беларускія ўлады так імкліва прайшлі шлях ад паляўніча-рыбалоўных апалчэнняў да пагрозаў чужой стратэгічнай ядзернай зброяй, што калі гэтыя пагрозы не падзейнічаюць, то далей можна будзе пагражаць толькі гіпербалоідам інжынера Гарына.

Аднак жа, будзем шчырымі, няма ніякіх прычын, каб гэтыя пагрозы ядзернай зброяй падзейнічалі. Расія ўжо столькі разоў за апошні год пагражала свету ядзерным попелам, што ядзерныя пагрозы перасталі рабіць уражанне. Ну цяпер вось яшчэ і беларускія ўлады пагражаюць.

Зрэшты, тут жа гаворка не пра рацыянальныя меркаванні. Беларускія ўлады палохаюць таму, што ім самім страшна. Гэта ў іх такі ахоўны механізм. Спосаб сказаць свету: «Не чапайце мяне, а то можа будзе горш».

І вельмі, вядома, пажадана, своечасова спыніцца і не надзімаць свой геапалітычны аўтарытэт да небяспечных межаў. Таму што можа атрымацца няёмка.

Жаба, якая ўмее раздувацца

Жаба, якая ўмее раздувацца