490-ты дзень вайны. Расія разбамбіла кавярню ў Краматорску, Зяленскі адзначае поспехі контрнаступу

Контрнаступ УСУ працягваецца марудна, але працягваецца, і ўкраінскае камандаванне абяцае сюрпрызы, якія будуць бачныя адразу. Але і без таго поспехі Украіны бачныя шмат каму. З дапамогай  украінскіх і сусветных медыя сабралі галоўныя апошнія звесткі расійска-ўкраінскай вайны. 

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Генштаб УСУ традыцыйна маўчыць

Зводкі Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны становяцца ўсё менш цікавымі, — там традыцыйна маўчаць пра што-небудзь канкрэтнае. У ранішнім камюніке 28 чэрвеня адзначалася, што на Ліманскім, Бахмуцкім і Мар'інскім напрамках працягваюцца цяжкія баі — на працягу сутак адбылося больш за 30 баявых сутыкненняў. 

На Валынскім і Палескім кірунках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен — нягледзячы на навіны пра нібыта перамяшчэнне ў РБ наймітаў ПВК «Вагнер».

На Запарожскім і Херсонскім напрамках войскі РФ засяроджваюць асноўныя намаганні на абароне — недапушчэнні прасоўвання ўкраінскіх войскаў.

Але прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас вячэрняга відэазвароту ў аўторак, 27 чэрвеня, паведаміў, што УСУ вядуць наступальныя дзеянні на ўсходзе і поўдні краіны. Па яго словах, на ўсходнім фронце ўкраінскія войскі прасунуліся ад 1 да 2 кіламетра па кожным з кірункаў, а на паўднёвым ужо вызвалена больш за 130 квадратных кіламетраў тэрыторый.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што УСУ маюць ініцыятыву пад Бахмутам, а таксама паспяхова наступаюць на Запарожскім і Данецкім напрамках. Сілы абароны Украіны таксама могуць праводзіць аперацыі на тэрыторыях, якія былі затопленыя ў выніку расійскага падрыву Кахоўскай ГЭС. У ISW лічаць, што ўкраінскія сілы ўсталявалі і ўтрымліваюць пэўныя пазіцыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра. Адзін са звязаных з Крамлём вайсковых блогераў сцвярджаў, што ўкраінскія сілы спрабуюць пашырыць свой плацдарм ля Антонаўскага моста на ўсходнім (левым) беразе Херсонскай вобласці.

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв’ю Financial Times заклікаў не надаваць значэння паведамленням СМІ аб павольным прасоўванні Украіны. Ён адзначыў, што ўкраінскія войскі штурмуюць добра ўмацаваныя расійскія пазіцыі. У той жа час, па словах Рэзнікава, асноўныя рэзервы войскаў Украіны, у тым ліку большасць брыгад, нядаўна навучаных на Захадзе і аснашчаных сучаснымі танкамі і бронетэхнікай, яшчэ не задзейнічаны ў аперацыі.

Інфаграфіка: Генштаб УСУ

Інфаграфіка: Генштаб УСУ

Расія б’е па грамадзянскіх

Расія працягвае наносіць ракетныя ўдары і атакі дронамі куды прыйдзецца. Уначы 28 чэрвеня расійцы абстралялі Новапаўлаўскую суполку Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, увечары акупанты ўдарылі з цяжкай артылерыі па Міроўскай абшчыне Нікапольскага раёна, а каля дзвюх ночы пад варожым прыцэлам апынулася Новапаўлаўская абшчына. Пашкоджана аграрнае прадпрыемства.

За папярэднія суткі, 27 чэрвеня, расійскія войскі 77 разоў атакавалі гарады і вёскі Запарожскай вобласці, пад агонь трапілі 16 населеных пунктаў. Адзін грамадзянскі мужчына загінуў, яшчэ дзевяць чалавек атрымалі раненні.

Увечары 27 чэрвеня войскі РФ нанеслі ракетны ўдар па Краматорску з ЗРК С-300. Ракета трапіла ў кавярню ў цэнтры горада, дзе было шмат наведвальнікаў. На месцы траплення ракеты дагэтуль вядуцца пошукава-выратавальныя работы. Па абноўленых даных, колькасць ахвяр павялічылася да 8 чалавек. Сярод загінулых — трое дзяцей. Яшчэ 56 чалавек атрымалі раненні.

Побач з вайною

Выведка Вялікабрытаніі аналізуе ўдары Украіны па аўтадарожных Мастах у Чангары паміж акупаваным Расіяй Крымскім паўвостравам і Херсонскай вобласцю. Гэтыя масты абслугоўваюць адну з дзвюх асноўных дарог паміж Крымам і Херсонам.

Паводле звестак брытанскай выведкі, часовае закрыццё маршруту прывяло да таго, што жыццёва важным расійскім лагістычным канвоям спатрэбілася як мінімум на 50% больш часу, каб дабрацца да фронту па альтэрнатыўных маршрутах.

Пры гэтым расійскія ўлады пабудавалі замену ў выглядзе пантоннага моста цягам 24 гадзін пасля ўдару. Вельмі верагодна, што пераправа выкарыстоўваецца толькі для руху вайскоўцаў.

«Хуткасць, з якой быў пабудаваны запасны пераход, паказвае, наколькі жыццёва важны гэты маршрут для ваенных дзеянняў Расіі на акупаванай тэрыторыі Украіны», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 чэрвеня прыбыў у Кіеў. Ён сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім і возьме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 27-годдзя прыняцця Канстытуцыі Украіны. 

Наўседа прывез з сабою і падарунак. Як напісаў ён у Twitter, Літва набыла дзве пускавыя ўстаноўкі ЗРК сярэдняй далёкасці NASAMS, і іх перададуць Украіне. «Супрацьпаветраная абарона з'яўляецца ключавой ва Украіне ў барацьбе з агрэсарам», — адзначыў ён.