Марзалюк супраць «блогераў-псеўдапатрыётаў»: хто каго?

У ток-шоу на СТБ, прысвечаным моўнай сітуацыі ў краіне, «дэпутат» Ігар Марзалюк выказаўся за пазітыўную дыскрымінацыю на карысць беларускай мовы. Некаторыя прыхільнікі рэжыму накінуліся на яго за «русафобію». У адказ Марзалюк звярнуўся да генпракурора.

Ігар Марзалюк. Фота: прэс-служба парламента

Ігар Марзалюк. Фота: прэс-служба парламента


«Я лічу, што нам у любым выпадку трэба папулярызаваць беларускую мову, умацоўваць беларускамоўнае асяроддзе і ў тым ліку рабіць пэўныя захады, якія давалі б магчымасць кожнаму грамадзяніну вольна камунікаваць па-беларуску. Я лічу, што рэжым пазітыўнай дыскрымінацыі — значыць, умацавання беларускай мовы, бо ў яе іншай радзімы, акрамя Беларусі, няма — вельмі важны», — выказаўся ў эфіры Марзалюк.

«Вой па вас пройдуцца некаторыя блогеры», — адпусціў рэпліку вядоўца перадачы і галоўны рэдактар «Мінскага кур'ера» Кірыл Казакоў.

«Мне начхаць. Мы прыйшлі ў гэтую сітуацыю не ўчора і не ў 1991 годзе, я тут не буду актуалізаваць усе моманты, звязаныя з паланізацыяй і русіфікацыяй. Гэта маё суб'ектыўнае меркаванне, не камісіі, не парламента — я лічу, што было б правільна на сёння вярнуцца да той практыкі, якая была ў Міністэрстве адукацыі, калі гуманітарныя дысцыпліны (геаграфія Беларусі, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства) выкладаліся толькі па-беларуску», — падзяліўся дэпутат.

Марзалюк дадаў, што такое мусіць быць і ў рускамоўных школах.

«Я заканчваў вясковую школу ў Краснапольскім раёне. Калі мне расказваюць, што матэматыку, альбо фізіку, альбо хімію нельга выкладаць на беларускай мове, гэта смешна, таму што мне выкладалі ўвесь комплекс дысцыплін, за выключэннем рускай мовы і літаратуры, па-беларуску», — заявіў ён.

Сваімі словамі Марзалюк абурыў некаторых лукашыстаў і прарасійскіх дзячаў.

«Як вам такое? Быццам Оруэла чытаю. Але праходзіцца па Марзалюку я не буду. Яму ўсё адно "начхаць"», — адрэагавала праўладная мастачка Святлана Жыгімонт.

«Падобна, пачалося ўсё спачатку, зноў беларусізатары з пазітыўнай дыскрымінацыяй павылазілі», — пішуць яе аднадумцы ў каментарах.

Не абышлося і без вядомай у вузкіх колах «патрыёткі» з Гродна Вольгі Бондаравай, якая рэпостнула паведамленне маргінальнага тэлеграм-канала: «Ну гэта ўжо проста нейкае нацысцкае дно. Што ён нясе? Гэта дакладна дэпутат парламента? Парламента краіны, дзе па Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы? Якая яшчэ "пазітыўная дыскрымінацыя" рускай мовы, пан Марзалюк? Вы што, наогул ку-ку? Украіны вам мала?»

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал напісаў, што дэпутат заклікае да дыскрымінацыі рускай мовы (праўда, пасля допіс выдаліў).

«Беларускі дэпутат Марзалюк на дзяржаўным беларускім канале заявіў аб неабходнасці дыскрымінацыі па моўным прынцыпе. Беларуская мова, паводле Марзалюка, павінна стаць дамінуючай, а тытульная нацыя ў Рэспубліцы Беларусь — беларусы. Чым гэта адрозніваецца ад распальвання нацыянальнай і моўнай варожасці?» — незадаволена напісала прарасійская дзяячка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава.

А сёння, 22 лютага, адбылося сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Дэпутаты і сенатары заслухалі інфармацыю генеральнага пракурора аб выніках дзейнасці. Таксама ў іх была магчымасць задаць Андрэю Шведу пытанні.

Як паведамляе прэс-служба парламента, «Ігар Марзалюк звярнуў увагу генеральнага пракурора на актыўнасць у сацыяльных сетках групы "блогераў-псеўдапатрыётаў", што публікуюць матэрыялы, якія выказваюць негатыўнае стаўленне да беларускай дзяржавы, культуры і мовы, і папрасіў органы пракуратуры даць прававую ацэнку такой дзейнасці».

Будзе цікава. Запасаемся папкорнам.