Вінавацяць у «дзяржздрадзе»? Што вядома пра зняволенага былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра
Знаёмыя Мікалая Зайца расказалі «Н*шай Ніве» пра яго больш. Ён выдаў зборнік беларускага рэпа ў 14 гадоў, адшукаў інфармацыю пра 10 пакаленняў сваіх сваякоў.
25-гадовы Мікалай Заяц мае дзве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію кіравання, а таксама мае ступень MBA. Дадаткова навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і Вышэйшай школе эканомікі. Падчас навучання кіраваў дэбат-клубам на факультэце журналістыкі. Цікавіўся вывучэннем карпаратыўных выданняў, рыхтаваў манаграфію, а ў 2020 годзе стаў лаўрэатам расійскага студэнцкага конкурсу па даследаванні карпаратыўных медыя.
У юнацтве Мікалай захапляўся беларускамоўнай рэп-музыкай. На
пачатку 2010-х адміністраваў першы беларускамоўны хіп-хоп партал. З 2012 года
кіраваў праектам «Лэйбл MZ production», які займаўся прасоўваннем беларускай
музыкі.
А ў 14 гадоў выдаў CD-зборнік беларускамоўнай рэп-музыкі
«Жалуды». У інтэрнэт-дадатку да выдання, сярод іншых, былі трэкі і вядомых
рэп-музыкаў — Макса Каржа і гурта «ЛСП», якія падрыхтавалі для зборніка свае
кампазіцыі на беларускай мове. Асноўны дыск прадаваўся ў крамах.
У 18 гадоў Мікалай стаў індывідуальным прадпрымальнікам,
займаўся арганізацыяй канцэртаў у Мінску, падтрымліваў маладых беларускамоўных
выканаўцаў. За актыўнасць у сферы культуры ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам
стыпендыі імя Аркадзя Смоліча.
Некалькі год таму хлопец рыхтаваўся да арганізацыі
беларускамоўнага джаз-фестывалю, але каронавірус перашкодзіў планам.
Мікалай супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ:
Tut.by, БелТА, Белтэлерадыёкампаніяй і іншымі. Пісаў на тэмы культуры і
мастацтва, а таксама на грамадска-палітычныя. У 2019-м быў акрэдытаваны ў
якасці журналіста для працы ў Данецку, двума гадамі раней — у Прыднястроўі. У
2017 годзе запісаў размову з экс-прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенсам для T*t.by.
Прэс-сакратаром Купалаўскага тэатра ён стаў улетку 2020-га.
У жніўні быў адпраўлены ў прастой, а ў сакавіку 2021-га, не выходзячы з
прастою, звольнены. Паралельна быў піяр-спецыялістам у Чырвоным Крыжы.
Хлопец прадстаўляў сацыяльна-экалагічны праект, які адправіў
на перапрацоўку дзясяткі тон пластыкавых накрывак. На атрыманыя грошы купляліся медычныя сродкі для дзяцей з цяжкімі захворваннямі. У 2021 годзе на
перапрацоўку было накіравана больш за 50 тон пластыку і атрымана больш за 20
тысяч рублёў.
На пачатку восені 2020 года на факультэце журналістыкі БДУ,
які скончыў Мікалай, пачаўся палітычны пераслед студэнтаў і выкладчыкаў. Малады
чалавек быў сярод тых, хто ініцыяваў перамовы з кіраўніцтвам факультэта.
У апошнія гады Мікалай захапіўся генеалогіяй і
краязнаўствам. З блізкімі ён дзяліўся сваімі напрацоўкамі, вёў тэлеграм-канал.
Там ён распавядаў, што знайшоў інфармацыю аб звыш чым 1200 сваяках, даведаўшыся
інфармацыю аб 10 пакаленнях «углыб».
Паводле слоў Мікалая, усе яны — беларусы-сяляне, якія
нарадзіліся і выраслі на беларускіх землях. Па словах Мікалая, яго продкі
сябравалі са знакамітым палескім родам Скірмунтаў.
Адзін з апошніх запісаў у Instagram у Мікалая — пра
беларускую мову. Вось што ён пісаў у сувязі са святкаваннем Дня роднай мовы:
«Калі я вучыўся ў звычайнай рускамоўнай школе ў Мінску, для
мяне было прынцыповай справай весці дзённік і канспект па гісторыі Беларусі не
як усе — на рускай мове, а па-беларуску. Дзённік — твар вучня, а гісторыю
Беларусі я зусім не ўяўляю на любой іншай мове — сінхронна перакладаў лекцыі.
Аднойчы за такую дзёрзкасць мяне выклікалі да дырэктара.
Калі я працаваў у сакратарыяце Беларускага Чырвонага Крыжа,
калега «прад'яўляла» мне за тое, што я насіў вопратку з нацыянальнымі
элементамі.
Калі я праходзіў сумоўе на пазіцыю дырэктара па камунікацыях
аднаго з буйных аўтадылераў у Беларусі, у мяне, чалавека з дзвюма вышэйшымі
адукацыямі і MBA, спыталі: «Почему в ваших соцсетях так много белорусского
языка?»
На жаль, гэтых «калі…» было шмат.
Я ведаю імёны кожнага са сваіх продкаў пачынаючы ад XVIII
стагоддзя. Усе яны беларусы і карысталіся беларускай мовай як хатняй.
Нешта не так сёння ў нашым грамадстве з роднай мовай…»
Мікалая затрымалі 13 сакавіка. Спачатку яму далі 12 сутак
адміністрацыйнага арышту, пасля накінулі яшчэ 14 (абодва разы судзілі за тое,
што ён нібыта «размахваў рукамі ў РУУС»). Па словах сукамернікаў, паведамляла
«Зеркало», хлопца дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве. Невядома, ці
выстаўлена Мікалаю абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»), але калі
так, яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.