У Купалаўскі тэатр узялі актораў з Расіі: Мову яны не ведаюць, таму ставяцца спектаклі без слоў
Купалаўскі — калісьці самы славуты беларускі тэатр — так і не здолеў набраць актораў-беларусаў пасля таго, як падчас пратэстаў 2020 года з яго сышла ўся трупа. Але не бяды! Актораў, якія пагадзіліся працаваць у тэатры, запрасілі з Расіі. Праўда, яны могуць удзельнічаць толькі ў спектаклях, дзе не трэба гаварыць. Так што новыя пластычныя спектаклі ў рэпертуары тэатра — вымушаная мера.
Няфёдавай, якая плакала перад Лукашэнкам, так і не здолелі набраць беларускую трупу ў Купалаўскі тэатр. Актораў запрасілі з Расіі, піша «Люстэрка»
3 сакавіка 2021 года Купалаўскі тэатр аднавіў працу пасля перапынку, звязанага са звальненнем амаль усёй трупы. З таго часу прайшло два гады, але новае кіраўніцтва працягвае скардзіцца на недахоп акцёраў. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «Культура» заявіла акторка Вольга Няфёдава.
«Нам па-ранейшаму не стае акцёраў. <…>. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу — каб у тэатры былі найлепшыя як па таленце, так і па душэўных якасцях», — заявіла цяперашні мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Няфёдава.
«Самае важнае патрабаванне да кандыдатаў — талент, бо Купалаўскі тэатр заўсёды (і 100 гадоў таму, і цяпер) вылучаецца прафесійным акцёрскім складам. Яшчэ адзін важны крытэрый пры адборы ў трупу — душэўныя якасці, што адпавядаюць гордаму імені Чалавек. Подлых і злосных людзей сцэна не прымае, адштурхоўвае. Таксама мы карыстаемся дапамогай акцёраў з іншых труп, якія з'яўляюцца патрыётамі і сапраўды любяць тэатр», — дадала актрыса, якая стала мастацкім кіраўніком тэатра.
Настойлівыя пошукі выканаўцаў працягваюцца ўжо два гады. У трупе засталося ўсяго дзевяць акцёраў са старога складу. Праўда, у пяці з іх — адна ці дзве ролі ў рэпертуары. Сярод гэтай пяцёркі — і Вольга Няфёдава. На сустрэчы з Лукашэнкам у лютым 2021-га яна плакала, успамінаючы яго выхад з аўтаматам падчас пратэстаў 2020 года. А ў сакавіку атрымала медаль Францыска Скарыны, у верасні — стала заслужанай артысткай Беларусі. У чэрвені 2021-га яна выступіла на адкрыцці алкагольнай крамы ў Маладзечне.
Але пра якія акцёраў з іншых труп кажа Няфёдава? У 2021-м праз кастынгі ў трупу сталі набіраць новых акцёраў. Частка сярод іх былі прафесіяналамі (у тым ліку з тэатраў Бабруйска і Пінска), астатнія — студэнтамі. Але з таго часу адбылося ўжо, як мінімум, восем кастынгаў. Акцёраў з іншых беларускіх тэатраў у трупу Купалаўскага не бралі.
Высветлілася, што калі не знайшлі беларускіх выканаўцаў у Мінску, паклікалі акцёраў з суседняй Расіі. Гэта выпускнікі Маскоўскага ГІТІСа, а таксама экс-студэнты маскоўскага Інстытута сучаснага мастацтва. Пра іх працу яшчэ ў лістападзе 2022-га згадвала дзяржпрэса. У сваіх расійскіх установах яны, зразумела, не вывучалі беларускую мову. Таму для іх у Купалаўскім ставяць пластычныя спектаклі без слоў (напрыклад, сярод апошніх «Наш Космас»).