Усё пачынаецца з культуры, або 5 фактаў пра Інбелкульт, якія вас уразяць

Днямі споўнілася 100 гадоў Інбелкульту, які пазней, у 1928 годзе, быў рэагранізаваны ў Акадэмію навук. На жаль, 1930-я гады стваральнікі Інбелкульта не перажылі... 

cfa35cd28b928a8fdfad3.png

Днямі, 30 студзеня, споўнілася 100 гадоў першай беларускай навуковай установе, якая заклала пачатак айчыннай сістэмнай навукі і пазней трансфармавалася ў НАН Беларусі.

Інстытут беларускай культуры, або Інбелкульт, пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў 1921 годзе, але як афіцыйная структура са сваім бюджэтам і штатам супрацоўнікаў змагла аформіцца к 30 студзеня 1922-га.

Узначаліў арганізацыю Сцяпан Некрашэвіч.  

Будынак Інбелкульта, 1926 год, вул. Рэвалюцыйная

Будынак Інбелкульта, 1926 год, вул. Рэвалюцыйная

1. Інбелкульт займаўся не толькі пытаннямі культуры. Пачаўшы сваю працу як установа, што мела на мэце сістэмную работу па вывучэнні беларускай мовы, гісторыі, складанні беларускіх слоўнікаў, распрацоўцы навуковай тэрміналогіі, Інбелкульт паступова пашыраў сферу дзейнасці. Так, у яго складзе працавалі: псіхатэхнічная лабараторыя, Навуковае таварыства па вывучэнні Беларусі, батанічны сад, заалагічны музей. Тут вялася распрацоўка пытанняў эканомікі, сельскай гаспадаркі, закладваліся асновы гісторыі і археалогіі, фларысткі і геабатанікі, вяліся даследаванні ў галіне медыцыны.

Супрацоўнікі Інбелкульта, 1922

Супрацоўнікі Інбелкульта, 1922

2. Культуру тут таксама вывучалі. Але не толькі беларускую. У структуры Інбелкульта існавалі арганізацыі, чыя дзейнасць была скіраваная на культуру нацыянальных меншасцяў, — Яўрэйскі і Польскі аддзелы. Пазней пры інстытуце з’явіліся структурныя падраздзяленні, што займаліся латышскай культурай і гісторыяй Літвы.

Польская секцыя, 1926

Польская секцыя, 1926

613e3c08048f99b34ee41.jpg

Яўрэйская секцыя, 1926

3. Міжнародныя канферэнцыі пачалі ладзіць ужо ў 1920-я. У з’ездзе, прысвечаным рэформе беларускага правапісу і азбукі, у 1926 узялі ўдзел вядомыя фігуры таго часу не толькі з Беларусі, але таксама з Расіі, Украіны, Германіі (Макс Фасмер), Польшчы (Юзэф Галомбек), Літвы (Міколас Біржышка) і Латвіі (Ян Райніс, Эрнэст Блэсэ), прадстаўнікі беларускіх нацыянальных меншасцяў з Літвы, Латвіі і Чэхаславакіі. Гэтая канферэнцыя стала першым навуковым выхадам Беларусі на міжнародную арэну. Ужо тады мы гатовыя былі гаварыць з усім навуковым светам. Гаварыць па-беларуску. Дарэчы, многія зборнікі Інбелкульта выдаваліся на дзвюх мовах: па-беларуску і па-нямецку.

Прэзідыум Мастацкай секцыі, 1926

Прэзідыум Мастацкай секцыі, 1926


4. Натуральна, што інстытут працаваў і як папулярызатар беларускай культуры сярод жыхароў краіны. Так, у гады актыўнай працы Інбелкульта сфарміравалася шырокая мода на краязнаўчыя і фальклорныя даследаванні, збіранне песень, казак. Беларусам адкрываюцца постаці нацыянальных герояў, напрыклад, Францыска Скарыны, становіцца вядомым крыж Еўфрасінні Полацкай. А Першая ўсебеларуская мастацкая выстаўка, што прайшла ў Мінску ў снежні 1925 – студзені 1926 г., паказала яркасць і таленты нашых майстроў. Тут было прадстаўлена больш як тысяча твораў мастацтва!

Друкаваны знак Інбелкульта, з выдання 1927 г.

Друкаваны знак Інбелкульта, з выдання 1927 г.

5. Літаратурнае аб’яднанне ўваходзіла ў структуру Інстытута, а кнігі паэзіі выдаваліся нароўні з навуковымі даследаваннямі. Так, паліца выданняў, што пабачылі свет дзякуючы Інбелкульту, уключае двухтомнік вершаў Максіма Багдановіча, зборнік паэзіі Алеся Гаруна, а ўсебеларускае аб'яднанне беларускіх паэтаў і пісьменнікаў "Маладняк" пачынала сваю работу як секцыя Інбелкульта і толькі пазней стала самастойным.

У 1928 годзе Інбелкульт быў рэагранізаваны ў Акадэмію навук. На жаль, 1930-я гады стваральнікі Інбелкульта не перажылі... Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.


Сёлета ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі распрацавала адмысловы медыяпраект да 100-годдзя Інбелкульта. Тут і багатая фотагалерэя, і бібліяграфія ключавых выданняў таго часу, і — бадай, самае каштоўнае — самі кнігі, выдадзеныя Інбелкультам. Ён знаходзіцца вольным доступе, без смс і рэгістрацый.

@by_culture