«Ангельскі беларус». 4 факты пра Арнольда Макміліна, які ўсё жыцьцё служыць беларушчыне
21 чэрвеня знаны ангельскі мілосьнік і зацяты абаронца беларушчыны прафэсар Арнольд Макмілін сьвяткуе 85-годзьдзе. На жаль, апошнім часам стан здароўя беларусіста цяжка назваць добрым, але Арнольд трымаецца і зьдзіўляе сваімі здаўна вядомымі аптымізмам і гумарам. У зьвязку зь юбілеем хацелася б прыгадаць асноўныя вехі зь беларусісцкага даробку лёнданскага прафэсара, які трапіў пад няўмольны шарм беларушчыны, пры гэтым надаўшы ёй непаўторных ангельскіх нотак.

Факт №1. Выбраў беларусіку, каб разьбіць манаполію русістыкі
Свой шлях у беларусіцы Арнольд Макмілін пачаў як дасьледнік беларускай мовы XIX стагодзьдзя: The Vocabulary of the Byelorussian Language in the 19th Century (London, 1971). З гэтай публікацыі А. Макмілін выкарыстоўвае беларускую лацінку для трансьлітарацыі ўласных імёнаў і іншых словаў у сваіх працах.
За гэтую практыку яго часта крытыкавалі некаторыя славісты, якія выступалі за выкарыстаньне стандартнай ангельскай трансьлітарацыі кірылічных тэкстаў. У гэтым пытаньні Арнольд выглядае часам больш прынцыповым, чым многія беларусы як эміграцыі, так і Беларусі. Яго можна лічыць моцным сымбалем і эталёнам дакладнай беларусацэнтрычнай трансьлітарацыі.
Па адукацыі быў славістам-русістам, але выбраў у якасьці асноўнага кірунку беларусіку, каб разьбіць каляніяльны сьлед у Брытаніі ў зьліцьці славістыкі з выключна прэстыжнай русістыкай.
Факт №2. Стаяў ля вытокаў галоўнага беларусазнаўчага часопісу ў Вялікабрытаніі
Арнольд Макмілін супрацоўнічаў і рэдагаваў часопіс The Journal of Byelorussian Studies з самага пачатку — з 1965 году. У 1965–1971 гадох быў рэдактарам часопісу.
З замежных беларусістаў менавіта ён напісаў найбольш артыкулаў у гэтае выданьне. Ягонае імя фактычна неаддзельнае ад гісторыі брытанскай беларусістыкі другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзя.
Факт №3. Напісаў адныя з галоўных англамоўных кніг пра беларускую літаратуру
Арнольд Макмілін — аўтар шэрагу грунтоўных дасьледаваньняў беларускай літаратуры, як эміграцыйнай, так і мэтрапольнай:
A History of Byelorussian Literature from its Origins to the Present Day (Giessen, 1977);
Belarusian Literature in the 1950s and 1960s. Release and Renewal (Köln–Weimar–Wien, 1999);
Belarusian Literature of the Diaspora (Birmingham, 2002);
Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day (2010);
Breaking with Tradition: Belarusian Short Prose in the Early Twenty-First Century (2018).
Арнольд Макмілін быў і застаецца адным з самых вядомых англамоўных акадэмічных беларусістаў і папулярызатараў беларускай літаратуры. Знаўца як беларускай літаратуры і тэкстаў, так і шматлікіх літаратараў, іхных жыцьцяў і беларускага сацыяльна-палітычнага кантэксту з 1970-х гадоў.
Сябраваў з процьмай беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц. Ягонымі ўлюбёнцамі можна лічыць Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Сакрата Яновіча, Яна Чыквіна, Віку Трэнас, Вальжыну Морт, Вольгу Гапееву ды некаторых іншых.
Арнольд ганарыцца тым, што Рыгор Барадулін аднойчы назваў яго «ангельскім беларусам».
Апроч клясычнай літаратуры, жвава цікавіцца і дасьледуе маладую літаратуру, асобна займаецца беларускай «турэмнай літаратурай» скрозь час: як цяперашняй, так і ў мінулым.
Факт №4. Стаў амбасадарам беларушчыны ў англамоўным сьвеце
Арнольд Макмілін — даўні сябра Скарынаўкі, Ангельска-беларускага таварыства і айца Аляксандра Надсана, своеасаблівы амбасадар беларушчыны ў англамоўным сьвеце, як яго называў Янка Запруднік.
На міжнародных навуковых форумах амаль заўсёды цягам дзесяцігодзьдзяў выступаў зь беларускай тэмай і вельмі часта па-беларуску. Разам з Джымам Дынглі яны застаюцца рэдкімі волатамі беларускіх штудыяў у Вялікабрытаніі.
Цікавай была повязь Арнольда Макміліна і айца Аляксандра. Іх злучыла беларусіка, беларуская мова ці, як жартаваў сам Арнольд, «саўдзельніцтва ў беларускай справе». Калі ліставаньне айца Аляксандра і Арнольда было вельмі тэхнічным, так бы мовіць, «па справе», то сяброўства іхняе было ўсё ж куды больш зьмястоўнае і лірычнае.

Апроч усяго шарм ангельскага беларусіста палягае ў ягоным слынным ангельскім гумары і часта зачэпістых камэнтарах, якія насьцярожвалі і нават палохалі непадрыхтаваных да такога гумару людзей.
Выступаючы, Арнольд звычайна агнядыхае гумарам. Так, у адным з інтэрвію, запісаным Сьвятланай Курс яшчэ ў 2004 годзе, жартаўлівасьць і кплівасьць Арнольда былі асабліва кідкімі.
Усім вядома, што ён ніколі не хаваецца ад праўды, кажа як ёсьць: «Мы з жонкай — ужо ня першай сьвежасьці асятрына, таму нашыя зацікаўленьні ціхія: падарожжы ў цёплыя краіны, напрыклад».
У тым самым інтэрвію вельмі проста і сакавіта ён апісаў свайго зяцюхну: «Не алкаш, не хуліган».
Суха, просталінейна і не бяз гумару ён канстатуе, што беларусаў, на жаль, ведаюць у Эўропе «пераважна з дрэнных прычынаў: спачатку Чарнобыль, а потым самі ведаеце хто й што».
Арнольд зьяўляецца заядлым сабачнікам, таму ў разводным пратаколе ягоная першая жонка так і напісала: «Арнольд любіў сабак болей, чым мяне».
На пытаньне «А не спрабавалі стаць пісьменьнікам?» ён адказаў, не міргнуўшы: «Гэтае самае простае — стаць кепскім паэтам. Але я так званы прафэсар».
А вось цяпер, напярэдадні дня нарадзінаў Арнольда, мне прыгадалася, як аднойчы, падаецца, у 2022 годзе давялося мне стрэцца зь ім у Варшаве на канфэрэнцыі, арганізаванай катэдрай беларусістыкі.
Пасьля канфэрэнцыі зусім нечакана апынуліся мы ў франкамоўнай кампаніі: усе гаманілі па-француску, Арнольд маўчаў, слухаў, калі-нікалі дадаваў «Oui, oui», потым нахінуўся да мяне і сказаў:
— Уладзь, добра, што ў нас ёсьць беларуская мова, у якой мы можам схавацца ад усіх гэтых замежнікаў!
Мяне ня проста ўразіла гэтая Арнольдава жартаўліва-праўдзівая заўвага, але ў чарговы раз запэўніла ў нашых сымпатыях і прыяцельстве, а яшчэ выклікала ўсьмешку гонару і подзіву ад такой адданасьці беларушчыне ангельскага сябра.