Кроў іншых. Пра вайну разам з Сымонай дэ Бавуар

Сапраўдная клясыка ніколі не старэе, дапамагае тлумачыць сьвет цягам дзясяцігодзьдзяў і стагодзьдзяў, прапаноўвае цікавыя паралелі і ўсё яшчэ карысны досьвед мінулага.

416kj64f19l._sx210_.jpg

З пачаткам вайны ва Ўкраіне ў маёй памяці адразу ўсплыў адзін зь першых і, дарэчы, экранізаваных (з Джодзі Фостэр у галоўнай ролі) раманаў Сымоны дэ Бавуар — «Кроў іншых» (Le sang des autres), філязофскі раман пра Супраціўленьне, Другую сусьветную вайну, які часта заставаўся ў ценю іншых твораў — эсэ, раманаў, мэмуараў — францускай пісьменьніцы.
Падзеі 2022 году — вайна, адраджэньне фашызму ў Расеі — актуалізавалі пасланьне францускай літаратаркі, не далі раману стацца выключна гістарычным і кур’ёзным выключна для дасьледнікаў спадчыны Сымоны дэ Бавуар.

le_sang_des_autres_1.webp

Вельмі пасьпяховы раман пісьменьніцы зьявіўся ў 1945 годзе (32 перавыданьні за 2 гады і пераклад на 12 моваў), пісаўся з кастрычніка 1941 году па травень 1943 году, у асноўным у вядомай пасьля вайны кавярні Café de Flore (тады яшчэ ацяплялай і ў Парыжы без немцаў). Гэта адначасова вельмі літаратурны і філязофскі тэкст Сымоны дэ Бавуар — экзыстэнцыйны і экзыстэнцыялісцкі. Француская мысьлярка закранае ў ім улюбёнае пытаньне свабоды: і як важную жыцьцёвую тэму, але таксама стараецца з дапамогай мастацкай літаратуры зрабіць філязофскі панятак свабоды яшчэ больш даступным і цэнтральным у толькі зараджалым тады атэісцкім экзыстэнцыялізьме. Цікава, як у рамане дэ Бавуар зьмяніла пад сваю філязофію вядомую прымаўку «свабода адных заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншых», прапанаваўшы наступны варыянт: «свабода аднаго заўсёды замахваецца на свабоду іншага».

simone_de_beauvoir_cafe_de_flore.jpg


«Кроў іншых» — гэта і назва раману, і важны канцэпт у філязофскай сыстэме дэ Бавуар. Кроў іншых ці чужая кроў заўсёды выклікае ў нас эмоцыі, канкрэтную рэакцыю, пэўнае стаўленьне — мала каго пакідае без эмоцыяў. Калі ліецца кроў блізка ці далёка гэта мабілізуе чалавека і чалавецтва, мы рэагуем, выступаем, крытыкуем, спачуваем, пішам ці йдзем на вайну. Такім парадкам, канцэпт «кроў іншых» тлумачыць чалавечыя адказнасьць, заангажаванасьць, ідэалягічны і ідэйны выбар, салідарнасьць ці, наадварот, татальную парушанасьць сыстэмы салідарнасьці, якая вядзе да замбаванасьці і нібыта апалітычнасьці. Якраз праз кроў іншых мы можам зразумець сэнс уласнага жыцьця і пачаць думаць, дзейнічаць інакш, чымся звычайна ці як вучыць прапаганда. Якраз кроў іншых дае нам зразумець кошт уласнай крыві, уласнага жыцьця і, мажліва, вызваліцца ад чмуту прапаганды і хлусьні.
І хоць у рамане Сымона дэ Бавуар ахоплівае досьвед Эўропы, Францыі напярэдадні Другой сусьветнай вайны і падчас вайны, паралелі з сучасны сьветам навідавоку: назіраньні, развагі герояў рамана на фоне ўзмацьненьня Гітлера і захопу Аўстрыі, а таксама на фоне палітыкі страўса тагачасных эўрапейскіх урадаў дасюль актуальныя. Перадусім цікавая заўвага пісьменьніцы наконт нібыта апалітычнасьці некаторых грамадзянаў ці рэжымаў: «Не займаецца палітыкай — гэта ўсё ж своеасаблівы ўдзел у палітыцы». У дадатак, як не аднойчы заўважае аўтарка ў рамане, ва ўмовах вайны апалітычнасьць спрыяе, дапамагае пераважна агрэсару, таму выбар пэўнага лягеру становіцца абавязковым, лёсавызначальным. Выбар паміж пацыфізмам і агрэсіяй існуе — супраціўленьне ўсімі сродкамі агрэсару і вайне. Адзін з герояў рамана разважае: «У вайну ўсе сродкі дрэнныя, бо вядуць да сьмерці, але супраціў вайне — гэта ўсё лепей, чым фашызм…».
Героі рамана — Жан і Элен — па-рознаму разважаюць пра кроў іншых, але аднолькава згаджаюцца з тым, што кроў іншых — гэта, урэшце, свая ўласная кроў: «Мае жыцьцё бязупынку зьнітаванае з жыцьцямі іншых людзей; Аўстрыя ўвайшла ў мае жыцьцё, увесь сьвет жыве ўва мне». На думку і Сымоны дэ Бавуар, і ейных герояў, хіба дурні і эгаісты могуць заставацца шчаснымі і апалітычнымі, калі йдзе вайна. Нармальны, здаровы чалавек ня можа быць, жыць і ігнараваць вайну, праліцьцё чужой крыві. Таму дэ Бавуар праз сваіх герояў і крытыкуе тагачасны Захад, які працягваў шыкаваць, смачна жыць і адпачываць напярэдадні Другой сусьветнай вайны, ведаючы пра Аншлюс, Чэхаславаччыну, арышты жыдоў, цыганоў і камуністаў. Таму Жан, герой рамана ня мог спакойна шмацыраваць і кахаць Элен, бо ў ягоных вачох пастаянна ўсплываў не суботні Парыж, а ўсё новыя і новыя пушкі і танкі, якія выходзілі на нямецкіх заводах, ствараючы гіганцкую пагрозу ўсім, прэтэндуючы на кроў іншых, на кроў усіх. Свае страхі і развагі Жана завяршаліся адной фразай: «Пасьля Аўстрыі надыйдзе чарга і Францыі».
Падаецца, Бавуарава крытыка, якая гучыць у гістарычным рамане, дасюль актуальная ў дачыненьні да тых эўрапейскіх і заходніх рэжымаў, якія працягваюць калябараваць з новым фашызмам і быць вінаватымі ў крыві іншых. Зрэшты, як раней, рукі ня толькі агрэсара, але цяперашняга Захаду і ўсіх нас у крыві іншых, у крыві ўкраінцаў…
Захаваны аўтарскі правапіс