Пра прыдворную паліталогію
Мала хто заўважыў, што ў тых нумарах «СБ», дзе друкаваўся шэдэўр прапаганды — «За кулисами одного заговора» — у рубрыцы «Политические диалоги» быў змешчаны артыкул «Мифы и реальность демократии», які падрыхтаваў прафесар Вячаслаў Оргіш.
Мала хто заўважыў, што ў тых нумарах «СБ», дзе друкаваўся шэдэўр прапаганды — «За кулисами одного заговора» — у рубрыцы
«Политические диалоги» быў змешчаны артыкул «Мифы и реальность демократии», які падрыхтаваў прафесар Вячаслаў Оргіш.
Змест дыялогаў і асабліва спосаб іх выкладання нагадаў мне савецкія часы, калі з любой нагоды масава штампаваліся патрэбныя ідэалагічныя матэрыялы. Пасля ўсталявання шматпартыйнасці і ліквідацыі КПСС
многія кадры савецкай грамадскай навукі тэрмінова пераарыентаваліся, рынуліся асвойваць новыя гарызонты паліталогіі, сацыялогіі і іншых сучасных навук аб грамадстве. Адным з такіх філосафаў і быў
Вячаслаў Оргіш. У 2001 годзе ён узначальваў штаб адзінага тады кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка, за што яго і звольнілі з працы. Але доўга Оргіш не бедаваў. Сэрдабольны Іосіф Сярэдзіч узяў
яго палітычным аглядальнікам «Народнай Волі» і нават зрабіў сваім намеснікам.
Адзін за адным у «НВ» выходзілі артыкулы прафесара Оргіша, які абвясціў інтэлектуальную вайну ненавіснаму лукашэнкаўскаму рэжыму. Ён стаў рупарам апазіцыі.
І вось нечакана ўжо не ў «НВ», а ў «Советской Белоруссии» выйшаў артыкул Оргіша «Прыйшоў час сыходзіць з барыкад», дзе ён выклаў дыяметральна
процілеглую пазіцыю сваім нядаўнім антыдыктатарскім публікацыям у апазіцыйнай прэсе. Як напісаў адразу Валер Карабалевіч: «Вячаслаў Пятровіч не сышоў з барыкады, а проста перабег на яе другі
бок».
І вось вам — «Дыялогі», мэта якіх — поўнае апраўданне існуючага рэжыму, асуджэнне Плошчы і ўсёй дэмакратычнай апазіцыі. Расцягнутыя на два нумары, але шматслоўе не
дадае ім доказнасці.
Цэнтральнае паняцце «Дыялогаў» — «палітычныя эліты», вакол якіх і вядзецца ўся гульня. Словы «эліта», «эліты»
«эліт» у гэтым творы сустракаецца 156 разоў. Ну а ўвесь сэнс дыялогаў зводзіцца да таго, што для Беларусі дэмакратычныя каштоўнасці Захаду не падыходзяць. Нядаўні дэмакрат В. Оргіш
наогул ставіць пад сумнеў неабходнасць дэмакратызацыі грамадства: «Сторонники институционального подхода работают не с эмпирически подтвержденной теоретической гипотезой, … а с
идеологической мифологемой, опираясь на которую они стремятся втиснуть эту жизнь в прокрустово ложе любезной им демократии». Так што ніякай дэмакратыі нам не патрэбна. І беларуская
палітычная эліта, па «тэорыі» прафесара Оргіша, не падтрымлівае і ніколі не падтрымае гэтай «любезной» дэмакратыі.
І тут узнікае пытанне. Што і каго трэба разумець пад палітычнай элітай?
«ПОЛИТИЧЕСКАЯ ЭЛИТА — внутренне сплоченная, составляющая меньшинство социальная общность, выступающая субъектом подготовки и принятия важнейших стратегических решений в сфере
политики и обладающая необходимым для этого ресурсным потенциалом. Ее характеризует близость установок,… а также причастность к власти (независимо от способа и условий ее
обретения).» (А. Мельнік. Политология. Мн., 2003).
Апазіцыя ў гэтую «социальную общность» яўна не патрапляе, бо зусім не пры ўладзе. Ды што там! Яе не пусцілі нават у выбарчыя камісіі, куды лёгка трапіў мой сусед-п’янтос з
сямю класамі адукацыі, які, фактычна, увайшоў у гэтую эліту.
Значыць, эліту трэба шукаць сярод бліжэйшага асяроддзя прэзідэнта, адміністрацыі і наогул сярод людзей пры ўладзе. І паколькі курс нашага ўраду адметны стабільнасцю, то эліту пачнём шукаць з часу яе
ўсталявання, з 1994 года. Добра памятаю, газеты тады пісалі — у палітыку ўвайшлі «молодые волки», і гэтая каманда прывяла А. Лукашэнку да ўлады. Імёны іх вядомыя: А.
Фядута, А. Лябедзька, Л. Сініцын, Д. Булахаў, В. Ганчар, І. Ціцянкоў.
Пазнаёмімся, спадар Оргіш, з палітычнай элітай? Аляксандр Фядута і Анатоль Лябедзька цяпер на слыху. Толькі ўбачыць іх нельга — сядзяць у турме, славутай «амерыканцы». Іван
Ціцянкоў у 1995 годзе, каб выслужыцца, рваў бел-чырвона-белы дзяржаўны сцяг на Доме ўраду, але гэты самаахвярны ўчынак не ацанілі — усё роўна ён потым быў вымушаны ўцякаць у Маскву. Віктар
Ганчар — адна з самых трагічных фігур нашай новай гісторыі, бо ў яго няма нават магілы, да якой маглі б прыйсці ягоная жонка і дзеці. Міхаіл Чыгір, прэм’ер-міністр з 1995 па 1996
гады, за ўдзел у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах па версіі апазіцыі ў 1999 годзе адсядзеў 8 месяцаў у турме. Былы дырэктар Мінскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў выйшаў на волю ў студзені
2010 года, адсядзеўшы 8 гадоў. Другі Лявонаў — Васіль — былы міністр сельскай гаспадаркі адсядзеў тры гады… Леанід Калугін кіраваў «Атлантам» ад 1993 да
2001 года, за намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2001 года супраць яго была распачатая крымінальная справа па фактах «злоўжывання службовым становішчам». Цяпер Калугін прыняў
пострыг і стаў манахам Ніканам.
Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч быў асуджаны на пяць гадоў. З турмы выйшаў інвалідам. Былы міністр МУС генерал Юры Захаранка знік у 1999 годзе… Гэты спіс палітычнай
эліты Рэспублікі Беларусь мінулых гадоў можа быць падоўжаны. Спіс жудасны. Селекцыя эліты па стандартах «вертыкалі».
Магчыма, сучасная палітычная эліта выправілася, законы не парушае і нарэшце выконвае сваю ролю авангарда палітычнага жыцця краіны, як напісана ў падручніках паліталогіі, і яе мае на ўвазе В. Оргіш у
сваім знакавым дыялогу? Паглядзім.
Вось жа, зусім нядаўна быў галавой Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас. Цяпер ён старшыня Беларускай федэрацыі футбола. А дзе ж Уладзімір Канаплёў, былы старшыня Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу? Кіраўнік федэрацыі гандбола. Палітычная эліта перакінулася ў спартыўную. Праўда, гэта іх не выратавала ад чорнага спісу неўязных у краіны ЕС. А гэты спіс вельмі цікавы і немалы.
Што ж гэта за эліта, якую не пускаюць у Еўропу?
Цяперашняя палітычная «эліта» — гэта не авангард грамадства, і «важнейших стратегических решений в сфере политики» яна даўно не прымае. Гэта бязвольная
шэрая маса запалоханых, карыслівых людзей, якія стаяць па стойцы «смірна» перад сваім начальствам, што можна назіраць у шматлікіх справаздачах БТ.
Сістэма страху вырасціла халуёў на ўсіх узроўнях улады, ва ўсіх дзяржаўных і яшчэ больш — недзяржаўных арганізацыях. Калі савецкія функцыянеры ў выпадку нейкіх абставін сыходзілі са сваіх
пасадаў, то пазбаўляліся толькі сваіх прывілей, доступу к «карыту». Цяпер жа можна пазбавіцца не толькі гэтага, і прыведзены спіс скалечаных лёсаў яскрава сведчыць пра тое, што можа
здарыцца…
На старонках свайго «дыялога» ў СБ В. Оргіш прыходзіць да «навуковага» выніку: «Сильная президентская власть в Беларуси (по терминологии ее критиков
— авторитарный режим) — это в определенном смысле выбор самой белорусской элиты, ее представителей в местных эшелонах власти». Менавіта гэтай «эліты» (яна
заслугоўвае толькі двукосся), мэтанакіравана сфармаванай аўтарытарным рэжымам. Для яе, сапраўды, няма іншага выбару. Яна — сааўтар 19 снежня.
У доказ сваіх намаганняў апраўдаць рэпрэсіі, Оргіш спасылаецца на высновы сацыёлага Жанны Грышчанка: «Деятели местной власти в Беларуси придерживаются патерналистских представлений,
предпочитают работать под опекой и в системе иерархически выстроенной государственной власти, опираясь на волю и директивы Центра». Але па сутнасці гэта цытата пацвярджае адваротнае: гэта не
эліта, гэта абслуга рэжыму.
Я разумею, перад Оргішам стаяла нялёгкая задача: абгрунтаваць існуючы цяпер у Беларусі аўтарытарны рэжым і даказаць, што ён лепшы за еўрапейскія дэмакратыі. І гэта пасля брутальнага разгону плошчы 19
снежня, на фоне несціхаючай хвалі рэпрэсій.
Вымушаны канстатаваць: з задачай ён не справіўся. Ды і немагчыма справіцца, бо гэта тое самае, што інтэрпрэтаваць відавочны еўрапейскі прагрэс як рэгрэс. Каб надаць навуковы выгляд сваім кволым
развагам, скрозь пабудаваным на пяску, Оргіш апелюе да антычнай дэмакратыі. Але якім чынам?
Для фармавання правільнага погляду на дэмакратыю, паводле Оргіша, дастаткова азнаёміцца з працамі Арыстоцеля, які «считал принципиально важным для правильной демократии наличие
ограничительной нормы, а именно, чтобы все граждане, собравшись вместе, могли видеть один другого. В связи с этим он называет предельную цифру граждан одного полиса — 20 000». Так
што Амерыка са сваёй хвалёнай дэмакратыяй хай не лезе, бо мае не 20 000, а пад 200 мільёнаў насельніцтва. Так што ў яе дэмакратыя — «няправільная».
Ніжэй у згаданых дыялогах, В. Оргіш наогул «мочыць» дэмакратыю. На гэты раз, грунтуючыся на «Экспертным заключении Платона», з якога вынікае, што «при
демократии граждане перестают уважать законы, повсеместно царит культ потребительства, люди крайне отчуждены друг от друга, укореняется эгоизм. В результате крайняя свобода оборачивается крайним
рабством, произволом толпы...»
А далей уласныя высновы, якія і не маглі сасніцца Платону: «Надо ли нам под маркой развития представительной системы народовластия поощрять развитие предвыборных балаганов в виде неизвестно
кем проплаченных радио- и телешоу, уличных митингов, пикетов, листовок, плакатов и т.п…»
Вось вам і апраўданне беззаконня на Плошчы, арыштаў больш як 700 чалавек. Чытайце Платона!
Ну і, як разынка, на заканчэнне хвалебнай оды Оргіша рэжыму — абгрунтаванне неабмежаванага тэрміну прэзідэнцкага праўлення Аляксандра Рыгоравіча. Таксама антычнасць, але прыклады бяруцца ўжо
з гісторыі. Што там чатыры тэрміны, Перыкл — грэцкі правіцель V стагоддзя да нашай эры — выбіраўся 31 раз! Калі памножыць на пяць, то атрымаем — 155 гадоў!
Так што хадзіць і хадзіць яшчэ беларусам на Плошчу…
На заканчэнне мне б хацелася запытаць у Вячаслава Пятровіча наступнае. Ці задумваліся вы над тым часам, калі беларускі аўтарытарны рэжым рухне? Ні адна дыктатура вечнай не бывае. Куды вы тады
пойдзеце служыць? Вам як даследчыку хрысціянства, пэўна ж, вядома, што нават Іуда пасля здрады Хрысту пакаяўся, праўда, са спазненнем.
Анатоль Астапенка, доктар паліталогіі