«Вельмі моцны месэдж рэжыму». Эксперт пра стварэнне беларускай кантактнай групы ў РЕ

Учора Святлана Ціханоўская паведаміла, што Рада Еўропы прыняла рашэнне аб стварэнні кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам.

Рэзідэнцыя Рады Еўрапейскага саюза. Фота Brussels Shutterstock

Рэзідэнцыя Рады Еўрапейскага саюза. Фота Brussels Shutterstock

Цяпер голас беларусаў будзе гучаць у Радзе Еўропы. Што для Беларусі азначае з'яўленне такой кантактнай групы ў Радзе Еўропы?

З палітолагам Варшаўскага ўніверсітэта Вольгай Лаўрыненка «Филин» абмеркаваў, што значыць гэты крок для нашай краіны і грамадства.

— Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы па той простай прычыне, што Лукашэнка — нелегітымны кіраўнік. Адзіныя выбары, якія ён выйграў, адбыліся ў 1994 годзе. У далейшым усе выбары праходзілі з парушэннямі, а рэжым адмаўляўся ад узаемадзеяння з Радай Еўропы, нягледзячы на заклікі выконваць працэдуры сумленных і адкрытых выбараў.

Тым не менш, ёсць вельмі шмат актывістаў і прадстаўнікоў экспертнай супольнасці новага пакалення, якія, валодаючы вельмі высокім узроўнем прафесійнага развіцця, могуць прапанаваць рэальныя праграмы па рэфармаванні Беларусі.

Але ў гэтых людзей, як і ў Беларусі ў цэлым, зразумела, няма ніякіх магчымасцей для прапановы і рэалізацыі такіх праграм, пакуль улада ўзурпіравана Лукашэнкам.

Раней, вядома, былі сустрэчы, кантакты паміж прадстаўнікамі незалежнай экспертнай супольнасці і еўрапейскімі палітыкамі, але яны праходзілі, хутчэй, на нефармальным або паўфармальным узроўні.

А стварэнне ўжо афіцыйнай пляцоўкі з прававога пункту гледжання дае больш магчымасцей для незалежных беларускіх экспертаў узаемадзейнічаць з еўрапейскімі палітыкамі, прапаноўваць праекты рэформ, якія можна будзе ажыццявіць пасля звяржэння рэжыму Лукашэнкі. Таму вельмі важна, што менавіта з працэдурнага пункту гледжання існуе такі механізм.

Гэта і вельмі моцны месэдж рэжыму. Бо, як і ў Беларусі, так і ў Расіі ўлада вельмі любіць сцвярджаць: «Вось, вы — адшчапенцы, вы нікому не патрэбныя, на вас ніхто не звяртае ўвагу, здраднікі» і гэтак далей. І прапагандысты любяць выкарыстоўваць такую рыторыку.

Таму, калі Еўропа стварае падобныя групы, яна паказвае, што яна сапраўды зацікаўлена ў экспертных ацэнках, незалежных ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта важны сігнал.


Нагадаем, як пісаў НЧ, плануецца, што беларуская кантактная група будзе дапамагаць Радзе Еўропы ў выпрацоўцы пазіцыі па Беларусі, а таксама яна зможа каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў рамках розных праграм Рады Еўропы, рыхтаваць праекты рэформ і дэмакратычных пераўтварэнняў для новай Беларусі. У кантактную групу ўвойдуць прадстаўнікі структур Рады Еўропы, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл. Склад кантактнай групы будзе яшчэ абмяркоўвацца.

Паводле gazetaby.com