Прафсаюзны бос, які кінуў выклік Лукашэнку
29 красавіка спраўляе юбілей беларускі палітык, які ў свой час быў кіраўніком для мільёнаў беларусаў. Гэта супернік Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. Прычым толькі тады беларуская апазіцыя здолела вызначыцца з адзіным кандыдатам у сваіх стракатых колах. Экс-кандыдату ў прэзідэнты, былому дэпутату Вярхоўнага Савета і старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзіміру Ганчарыку — 80 гадоў.
Ураджэнец Лагойскага раёна, Уладзімір Ганчарык быў прафсаюзным босам на працягу палутара дзясятка год. Яшчэ за савецкім часам, у 1986 годзе, ён стаў на чале Беларускага рэспубліканскага савету прафсаюзаў, які ў 1990-м ператварыўся ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Яе першы кіраўніком і зрабіўся Ганчарык. І займаў пасаду старшыні ФПБ да 2001 года — уласна да паразы на прэзідэнцкіх выбарах, пасля якіх працэс адзяржаўлення прафсаюзнай арганізацыі паскорыўся, а Ганчарык пакінуў палітыку.
Зрэшты, і да гэтага часу нельга было сказаць, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі нягледзячы на сваю шматмільённасць уяўляла сабой самастойную вялікую сілу, з якой даводзілася лічыцца ўладам. Хаця ў тым ліку старшыняванне Уладзіміра Ганчарыка ў ФПБ і перадвызначыла тое, што менавіта ён быў абраны пасля складаных перамоваў унутры апазіцыйнай кааліцыі на адзінага кандыдата — суперніка Аляксандра Лукашэнкі. Разлік быў на тое, што прафсаюзныя масы прагаласуюць за кіраўніка сваёй арганізацыі, а не за дзейнага кіраўніка краіны, які першы раз пераабіраўся. Апрача таго, як тады пагаворвалі, на выбар Ганчарыка адзіным кандытатам ад апазіцыі паўплывала і пазіцыя вонкавых гульцоў.
А рабіўся гэты самы выбар сярод умоўна правага Сямёна Домаша, ужо нябожчыка, і левага Уладзіміра Ганчарыка. Адметна, што абодва мелі досвед працы ва ўладных структурах і былі «сваімі» для значнай часткі наменклатуры. Апазіцыя такім чынам жадала з’яднаць прыхільнікаў перамен і кансерватыўны электарат. У кар’еры Домаша былі: дырэктарства на аўтакамбінаце ў Гродне, старшыняванне ў Лідскім гарвыканкаме ў канцы існавання СССР, затым у Гродзенскім, а пасля гэтага кіраванне Гродзенскай вобласцю, а таксама старшыняванне ў Гродзенскім абласным савеце дэпутатаў, дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 12 і 13 скліканняў, кіраўніцтва рухам «Рэгіянальная Беларусь». На рахунку Ганчарыка: кіраўнічыя працы ў рэгіянальных структурах камсамолу і камуністычнай партыі, дэпутацтвы ў Вярхоўным Савеце СССР і Беларусі, ну і, паўторым, 15-гадовае кіраванне самай буйной грамадскай арганізацыяй нашай краіны — Федэрацыі прафсаюзаў з больш як 4 мільёнамі членаў.
Сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў выбарцаў і былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты абодва — і Сямён Домаш, і Уладзімір Ганчарык. Пачаліся доўгія кулуарныя кансультацыі, у выніку якіх урэшце рэшт Домаш заявіў, што здымецца на карысць Ганчарыка.
Як пісала тагачасная прэса, паводле дамоўленасцяў у выніку перамогі апазіцыі на выбарах Домаш павінен быў стаць спікерам новага складу парламента. Пасада прэм’ер-міністра аддавалася былому міністру сельскай гаспадаркі, нябожчыку Васілю Лявонаву. Менавіта Лявонаў кіраваў прэзідэнцкай кампаніяй Ганчарыка ў 2001 годзе. Сам Уладзімір Ганчарык у інтэрв’ю «Новаму Часу» напярэдадні свайго 80-гадовага юбілею сказаў, што канкрэтных дамоваў наконт пасадаў у апазіцыйным Ценявым урадзе не было.
Перадвыбарчая кампанія адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах-2001 атрымалася не надта шырокай і яркай, нават нягледзячы на тое, што менавіта каманда Ганчарыка ўпершыню агучыла рэзанансную расследавальніцкую інфармацыю пра «эскадроны смерці», датычныя да знікненняў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі — былых віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. У выніку адзіны кандыдат ад апазіцыі на выбарах-2001 паводле афіцыйных дадзеных набраў трохі больш за 15%, незалежныя ж сацыёлагі называлі лічбу ад 25% да 40%. Уладзімір Ганчарык цяпер кажа, што шанцы на другі тур у 2001 годзе былі б, каб мелася болей часу на правядзенне выбарчай кампаніі і каб апазіцыйныя структуры працавалі належным чынам, як дамаўляліся. Рэч у тым, што, напрыклад, многія актывісты-«домашаўцы» папросту адмовіліся працаваць на Ганчарыка або чынілі сабатаж.
Апрача таго, не спраўдзіліся абяцанні падтрымкі з боку кіраўнікоў шэрагу буйных прадпрыемстваў, а таксама матэрыяльнай дапамогі на агітацыю. Былі абяцанні спрыяння і з боку Масквы. Нават была дамова на эфіры расійскіх тэлеканалаў, але ў апошні момант у іх было адмоўлена нягледзячы на ўжо зробленую аплату. Ну і, натуральна, умовы для вядзення перадвыбарчай агітацыі для Лукашэнкі і Ганчарыка былі непараўнальныя.Урэшце рэшт, не апраўдалася і стаўка на шматмільённую ФПБ, якую не ўдалося зрабіць уплывовай сілай. Па словах Ганчарыка, прафсаюзы ва ўспрыняцці грамадзян заставаліся «касамі дапамогі» — напрыклад, для кампенсацыі кошту пуцёўкі ў санаторый: «Разумення, што трэба салідарна дзейнічаць, не было. А многія папросту падчас выбараў пабаяліся падтрымліваць маю кандыдатуру».
Удзел у той прэзідэнцкай кампаніі Уладзімір Ганчарык называе адным з трох сваіх валявых учынкаў у жыцці. Таксама гэта — жаніцьба на апошнім курсе інстытута насуперак волі бацькоў і галасаванне супраць прэзідэнцкага курсу на першым Усебеларускім сходзе ў 1996 годзе. Гэты форум, на якім Ганчарык сядзеў у прэзідыуме, ладзіўся напярэдадні рэферэндуму, з дапамогай якога Лукашэнка значна пашырыў свае ўладныя паўнамоцтвы, здзейсніўшы, па сутнасці, дзяржаўны пераварот. Але сумленне прафсаюзнага лідара Ганчарыка тады не перавярнулася...