Улада ўсё робіць, каб сацыяльны выбух стаў рэальнасцю, — прафсаюзны лідар
Людзям, якія страцілі крыніцы існавання, пільна патрэбная дзяржаўная дапамога… Калі ладзяцца парады, «Славянскія базары» — як можна пры гэтым казаць, што няма грошай на падтрымку людзей? Гэта чыста палітычны выбар, і гэта наша трагедыя, распавёў «Свабодзе» Аляксандр Ярашук.
Старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук тлумачыць, чаму беларуская ўлада не дапамагае людзям, што страцілі даходы ў выніку пандэміі каронавірусу, заяўляе, што працоўныя робяцца ўсё больш бяспраўнымі, і тлумачыць, які плацдарм трымаюць незалежныя прафсаюзы.
— 1 траўня, у дзень, які нездарма мае назву «Міжнародны дзень салідарнасці працоўных», варта пагаварыць пра тое, як у Беларусі выглядае сітуацыя з правамі працоўных. Асабліва на фоне каронавіруса, калі мы ўжо назіраем, як масава звальняюць людзей, закрываюцца малыя прадпрыемствы. Ці не парушаюцца пры гэтым працоўныя правы? І ці магчыма іх адстаяць?
— Сапраўды, варта вярнуць першапачатковы сэнс 1 траўня — не свята, а дзень барацьбы за правы працоўных. У гэты дзень людзі выходзяць на вуліцы, каб змагацца за свае правы, каб выказаць сваю пазіцыю супраць працоўнай дыскрымінацыі, вылучыць патрабаванні да сваіх урадаў.
У Беларусі ўсё па-іншаму. Зусім нядаўна выйшаў указ кіраўніка дзяржавы № 143 аб падтрымцы эканомікі, які красамоўна дэманструе, як беларуская ўлада ставіцца да правоў працоўных, да неабходнасці ім дапамагчы. І без надыходу каронавіруса справы ў беларускай эканоміцы былі не вельмі добрыя, заробкі не растуць ужо 10 гадоў.
У такой сітуацыі, якая найперш адбілася на працоўных — многія з іх былі звольненыя альбо вымушаныя працаваць у няпоўнай занятасці, — можна было чакаць, што ўлада нешта зробіць, каб дапамагчы працоўным. Але ва ўказе пра гэта няма ані слова. Эксперты даўно казалі, што дапамогу па беспрацоўі трэба давесці да мінімальнага спажывецкага бюджэту, цяпер гэта 513 рублёў. Пасля таго, як выйшаў указ і ўлады пачулі вялізарнае нездавальненне грамадскасці, віцэ-прэм’ер Крутой сказаў, што ўлады будуць падвышаць дапамогу па беспрацоўі. Калі? Калі пандэмія ўжо скончыцца?
— Гэтае бяздзеянне кіраўніцтва краіны, магчыма, адлюстроўвае стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да эканомікі. Раней ён казаў пра прадпрымальнікаў як «вашывых блох», а 3 красавіка выказаўся так: «Як вы думаеце, вы рэстаран сёння будзеце падтрымліваць ці БелАЗ? Вядома, вытворцу будзем падтрымліваць перш за ўсё». То-бок прыватны бізнес можа паміраць, дзяржава яго не абароніць?
— Такое супрацьпастаўленне недапушчальнае. Гаворка ідзе не пра тое, дапамагаць БелАЗу ці рэстарану. Гаворка пра тое, каб дапамагаць людзям. Ад пачатку ўлада штучна супрацьпастаўляла адно аднаму. У канчатковым выніку не будуць дапамагаць ані людзям, ані эканоміцы, усё гэта пушчана на самацёк.
Калі не гаварыць нават пра заходнія краіны, то нават у Расіі ўжо абвешчана дапамога людзям, па 12 тысяч рублёў, звыш 150 долараў.
Што нас яшчэ абурае ў гэтым указе — гэта істотнае змяненне ўмоваў працы. Цяпер замест месяца, як прапісана ў Працоўным кодэксе, дазваляюць адзін дзень наймальніку, каб абвясціць пра змены ўмоваў працы. Цяпер працаўніку даецца толькі адзін дзень на тое, каб вырашыць, ці пагаджаецца ён на змену ўмоваў працы. Калі не пагаджаецца — то на наступны дзень ён ужо беспрацоўны.
Эканоміка — гэта найперш людзі. У нас няма элементарнага разумення, як працуе эканоміка, разумення таго, што яе трэба стымуляваць.
— Паводле аднаго з апошніх даследаванняў, 6 працэнтаў апытаных ужо заявілі, што страцілі сваю працу за апошні месяц. І відавочна, што гэта толькі пачатак. Як на гэтым фоне выглядае ваш рэцэпт развязання гэтых праблемаў?
— Гэтым людзям, якія страцілі крыніцы існавання, пільна патрэбная дзяржаўная дапамога. І калі нехта з кіраўнікоў заяўляе, што мы бедныя, мы не можам гэта сабе дазволіць, то, па-першае, хочацца спытаць — а хто давёў эканоміку да такога стану? Па-другое, так не бывае, каб зусім не было грошай у дзяржаве, заўсёды ёсць чым падтрымаць людзей. Калі ты пры гэтым яшчэ ладзіш парады, масавыя мерапрыемствы, «Славянскія базары» — як можна пры гэтым казаць, што няма грошай на падтрымку людзей?
Гэта чыста палітычны выбар, і гэта наша трагедыя.
— Лукашэнка на пачатку эпідэміі каронавіруса сказаў, што не дазволіць нікога звальняць з прадпрыемстваў. Ці вынікае з гэтага, што дзяржава будзе хвалявацца перш за ўсё пра дзяржаўныя прадпрыемствы, а тое, што адбываецца ў прыватным сектары, кіраўніцтва не турбуе?
— Працэс скарачэння людзей на дзяржаўных прадпрыемствах актыўна адбываўся апошнія 3–5 гадоў. Цяпер, у гэтыя месяцы, там масавых звальненняў няма. Але цяпер звольніць працаўнікоў з тых самых дзяржаўных прадпрыемстваў значна прасцей, і ў гэтым палягае сэнс дзяржаўнай палітыкі ў сферы занятасці. Працоўныя робяцца ўсё больш бяспраўнымі.
— А што ў такой сітуацыі робяць афіцыйныя прафсаюзы — ФПБ? Гэта самая масавая арганізацыя, яна мае вялікую вагу ва ўладзе — як яны абараняюць працоўных у такой цяжкай сітуацыі?
— Акрамя прафсаюзу аховы здароўя, які прапанаваў нейкую дапамогу медычным работнікам, — нічога няма. І гэта лагічна, бо нельга называць прафсаюзамі гэтую арганізацыю, у якую ўваходзяць 96 працэнтаў працоўных. Гэта проста адна з галінаў улады, частка сістэмы кіравання, якая адказвае за сферу кантролю над працоўнымі. З 2002 года, калі ўлада ўзяла пад кантроль ФПБ, з таго часу мы адтуль не чулі галасоў супраць рашэнняў улады.
Цынізм сітуацыі ў тым, што гэта не дзяржаўнае міністэрства, а структура, якую ўтрымліваюць самі працоўныя. І гэта карыкатура на савецкія прафсаюзы, які таксама менш за ўсё з’яўляліся прафсаюзамі.
— За гэтыя гады дзяржаўныя структуры даволі рашуча змагаліся з незалежнымі прафсаюзамі, і ім удалося зменшыць ваш уплыў. Ці можна разлічваць, што ў цяперашняй напружанай сацыяльнай сітуацыі працоўныя зноў павернуцца да незалежных прафсаюзаў?
— Людзі звяртаюцца да нас пастаянна. Але казаць, што сфармуецца нейкая тэндэнцыя павелічэння цікавасці да нас — я не рызыкнуў бы. Самім фактам нашага існавання мы канкрэтна абмяжоўваем апетыты ўлады, яе імкненне да поўнага бяспраўя працоўных. Бо за намі стаіць Міжнародная арганізацыя працы. Таму ўлады не рызыкуюць канчаткова з намі «разабрацца», і той плацдарм, які мы маем, вельмі стратэгічна важны. Мы лічым, што рана ці позна гэты плацдарм будзе пашырацца, можа і даволі хутка. Наша задача — гэты плацдарм захаваць, каб сённяшняе бяспраўе працоўных на Беларусі не ператварылася ў тое, што працаўнікі ўвогуле апынуцца ў ролі прыгонных.
— Ці лічыце вы, што ў цяперашняй сітуацыі, на фоне эканамічнага крызісу і на фоне ігнаравання ўладамі інтарэсаў людзей, якія цяпер страчваюць даходы, — могуць узнікнуць значныя сацыяльныя пратэсты?
— Я думаю, хутчэй не, чым так. Але ўлада ўсё робіць, каб сацыяльны выбух стаў рэальнасцю. Я назіраю за тым, з якой упартасцю ўлады цягнуць сваю памылковую палітыку ў дачыненні да каронавіруса — і не выключаю, што яны могуць давесці да сацыяльных катаклізмаў. І гэта тады будзе цалкам «заслуга» саміх уладаў.
Можа, нейкі розум і возьме верх. Мы бачым, як Федэрацыя прафсаюзаў адмовілася ад масавых мерапрыемстваў 1 траўня. Праўда, тое самае трэба было рабіць і ў дачыненні да суботніку. На маю думку (я пра гэта казаў яшчэ месяц таму), ніякага параду 9 траўня таксама не будзе.
Паводле www.svaboda.org