Святлана Ціханоўская: Лукашэнка зноў схлусіў

Святлана Ціханоўская выказалася наконт анансаванай Лукашэнкам амністыі і яе адсутнасці.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская


17 верасня не здарылася амністыі, піша Ціханоўская. Лукашэнка чарговым разам схлусіў. Да гэтага ён абвяшчаў, што не будзе ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, але сам стаў саўдзельнікам Пуціна. Пасля ён гаварыў, што расійская армія не будзе адступаць — і гэта таксама аказалася няпраўдай. Ён таксама прыдумаў «свята» 17 верасня — але і гэта хлусня: гэтая дата ніколі ў гісторыі не была для народа Беларусі днём адзінства.
Пры гэтым у Беларусі цэны растуць літаральна на ўсё, арышты і суды працягваюцца кожны дзень — а рэжым працягвае хлусіць і сабе, і людзям, быццам можа вывесці краіну з крызісу. Але гэта таксама проста словы. Пакуль рэжым штодня затрымлівае нязгодных, любыя абяцанні і «амністыі» — толькі вызваленне турмаў для новых зняволеных. Цывілізаваны свет ужо ведае, што бывае, калі згаджаешся на гандаль з дыктатурай, таму старыя прыёмы больш непрымальныя.


Мы ўсе хочам, каб людзі выходзілі з турмаў, каб сем'і ўз'ядналіся, каб дзеці зноў маглі абдымаць бацькоў — без гандлю, без умоў, без новых затрыманняў. Тады гэта будзе сведчаннем вырашэння крызісу і змены палітыкі на карысць народа.
На волю павінны выйсці ўсе. Мы не павінны забываць, што краіна без палітвязняў — гэта і ёсць нармальная краіна.
Нагадаем, на пачатку верасня была анансаваная амністыя для палітычных зняволеных. Тады Лукашэнка заявіў, што рэжым зможа амніставаць тых, «хто загладзіў віну». Было абвешчана, што на волю выйдуць каля 8 тысяч чалавек. Адначасова з гэтым улады прапанавалі пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія вымушаныя былі з'ехаць за мяжу і, на думку Лукашэнкі, «займаюцца там экстрэмісцкай дзейнасцю».