Хронікі рэпрэсій. У Гродне затрымалі актывіста, суд над рэдактаркай ABW.by пачнецца 19 верасня
З дапамогай праваабаронцаў сабралі звесткі пра рэпрэсіі за 18 верасня. Нядзеля — дзень выходны, але затрыманні ў Беларусі працягваюцца.
У панядзелак, 19 верасня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска распачнецца суд над галоўнай рэдактаркай аўтамабільнага парталу «Аўтабізнэс» палітзняволенай Юліяй Мудрэўскай. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Бушава. Жанчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе. За кратамі Юлія знаходзіцца больш за тры месяцы.
Жанчыну затрымалі 16 чэрвеня. Таксама ў гэты дзень
былі затрыманыя рэдактар рэкламных праектаў ABW.by Юрый Гладчук
і выпускаючы рэдактар
Вадзім Зянкевіч.
У Гродне затрыманы вядомы моладзевы
актывіст Яўген Юнцэвіч. З ім з’явілася «пакаяльнае відэа» на
праўладных тэлеграм-каналах. Прычына затрымання — нібыта Юнцэвіч
зарэгістраваўся ў плане «Перамога» і распаўсюджваў «экстрэмісцкія
матэрыялы». Верагодна, супраць яго распачатая крымінальная справа.
Яўген Юнцэвіч вядомы ўдзелам у розных грамадскіх ініцыятывах. Напрыклад, у 2018 годзе ён валанцёрыў у суполцы Grodno travelers’ club.