Хронікі рэпрэсій: 6 гадоў зняволення для Анатоля Латушкі і затрыманне беларускі з Андоры за абразу Лукашэнкі

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца і не бяруць выходныя дні.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Мазырскага праваабаронцу Уладзіміра Целепуна, меркавана, зноў затрымалі. Учора, 16 верасня, Уладзіміра а 18-й гадзіне выклікалі ў мясцовы РУУС. Але дагэтуль ён так і не выйшаў. Яго паклікалі, каб падпісаць новыя, выпраўленыя, пратаколы.

Палітвязня Сяргея Ярошкіна, які адбывае тэрмін на «хіміі» па «справе карагодаў», асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 5 верасня вязня перавялі з ПУАТ-39 у гомельскую «хімію». Прычыну не паведамілі, а проста раніцай звольнілі з працы і далі паўгадзіны, каб сабраць рэчы. Праз 10 дзён у судзе Савецкага раёна Гомеля яго судзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў. Вынік суду пакуль не вядомы.

Для Анатоля Латушкі, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі, запрасілі 6 гадоў калоніі. Цяпер у судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзяць трох палітзняволеных — Анатоля Латушку, Лілію Ананян і Алену Маліноўскую. Іх затрымалі за маляванне на паштовых скрынях у пад'ездах герба «Пагоня». Прысуд 20 верасня ў 10:00 абвесціць суддзя Дзмітрый Карсюк

У Баранавічах затрымалі Вольгу Манкевіч. Гэта здарылася яшчэ 22 жніўня 2022 года на вакзале, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь з Андоры. Прынамсі, гэта вынікае з роліка на дзяржканалах. Праваабаронцы паведамілі, што 26 жніўня Вольгу Манкевіч паспелі асудзіць па адміністрацыйнай справе — у раскладзе баранавіцкага суда было пасяджэнне за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Дзяніс Івашын у няволі ўжо 554-ты дзень, і 26 дзён, як не было яго лістоў. «Мы з Дзянісам Івашыным не раз абмяркоўвалі працэс дэкамунізацыі і дэрусіфікацыі Беларусі — і ў прыватнасці Горадні, амаль пачалі складаць мапу вуліц і завулкаў, якім неабходна будзе або вярнуць гістарычныя, або надаць новыя Беларускія назовы, спіс помнікаў і помных знакаў, якія або перадамо ў музей акупацыі і рэпрэсій, або знішчым за адсутнасцю якой-кольвек мастацкай каштоўнасці», — прыгадвае Вольга Івашына, жонка журналіста-палітвязня, на сваёй старонцы ў тэлеграме.