У Баранавічах за абразу Лукашэнкі затрымалі беларуску, якая жыве ў Андоры, але прыехала на радзіму
Берасцейскі дзяржканал апублікаваў відэа з Вольгай Манкевіч. 37-гадовую ўраджэнку Баранавічаў затрымалі 22 жніўня 2022 года на вакзале, калі яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь з Андоры, вынікае з роліка.
На відэа сама Вольга распавяла, што ў жніўні 2020 года палічыла, што выбары былі сфальсіфікаваныя. У Instagram падпісалася на старонку N*xta, адкуль рабіла скрыншоты і выкладвала на сваёй старонцы, рабіла каментары. Мяркуючы па ўсім, за гэта яе і затрымалі — і ўжо змясцілі пад варту ў СІЗА.
Прадстаўніца пракуратуры сказала, што жанчыне
прад'яўленыя абвінавачанні па ч. 1 арт. 368 КК РБ (абраза Лукашэнкі).
Па інфармацыі брэсцкай «В*сны», 26 жніўня Вольгу
Манкевіч яшчэ паспелі асудзіць па адміністратыўнай справе: у раскладзе
баранавіцкага суда было пасяджэнне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд
экстрэмісцкіх матэрыялаў). Якое рашэнне вынесла суддзя Паўлоўская, у дадзены
момант невядома.