Хронікі рэпрэсій. Палітвязням прысудзілі калонію за пудзіла Лукашэнкі, у Мінску зноў затрымліваюць за БЧБ-сцяг
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 15 верасня.
Суддзя Сяргей Кацар
вынес тэрміны, звязаныя з пазбаўленнем волі, якія запрасіў пракурор. Ён асудзіў
на тры гады калоніі Іллю Давыдзенку, на 2,5 гады калоніі палітвязня Марыну Маркевіч, на паўтара года
калоніі — Ганну Кісялёву,
Віктара Хімароду і Максіма
Мацулевіча.
На абвяшчэнні
прысуду зняволеныя былі ў кайданках, іх суправаджалі шасцёра канваіраў.
Іх усіх прызналі
вінаватымі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Абраза Лукашэнкі») за спальванне пудзіла
Лукашэнкі, а Іллю і Марыну таксама паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел у пратэстах.
У Гомельскім
абласным судзе 15 верасня вынеслі прысуд экалагічнаму актывісту Паўлу Наздру. Палітвязня абвінавацілі ў
садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 1 арт. 361-1 КК за перасылку інфармацыі пра перасоўванне расійскіх войскаў у Мазыры тэлеграм-каналу
«Б*ларускі Гаюн». Суддзя Людміла Грынько прызначыла яму два гады калоніі ва
ўмовах агульнага рэжыму.
Павел Наздра —
экалагічны актывіст з Мазыра, затрыманы 11 траўня гэтага года і змешчаны да
суда пад варту.
Павел вядомы тым, што з’яўляўся прадстаўніком
у Мазыры ініцыятывы «Зялёны дазор». Ён арганізаваў у горадзе шэраг
экалагічных акцый і ініцыятыў, у якіх удзельнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі
ўладных органаў. Таксама ён з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў партыі
Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Уласніка «Кальяннай №1» Івана Мураўёва абінавачваюць ва «ўдзеле ў
экстрэмісцкім фарміраванні».
Яго затрымалі 1
верасня гэтага года. Супрацоўнікі Следчага камітэта прыйшлі наўпрост у «Кальянную №1», кіраўніком якой Мураўёў з’яўляецца. Да гэтага Івана
ўжо затрымлівалі — 11 жніўня 2020 года выцягнулі
з машыны, калі ён разам з сябрам ехаў здымаць матэрыялы для тэлеканала
«Звезда».
Цяпер стала
вядома, што яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1
КК («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні»). Івану пагражае ад 2
да 6 гадоў калоніі.
За ўдзел у
акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Мінску судзяць палітвязня Арсенія Дзядка.
Юнака
абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК.
Арсеній Дзядок — моладзевы актывіст, былы актывіст Моладзі
БНФ — быў затрыманы 20 красавіка 2022 года і да суда змешчаны ў СІЗА №1 Мінска.
Арсенія Дзядка неаднаразова затрымлівалі, апошні раз яго схапілі падчас акцыі пратэсту ў Мінску 14 ліпеня 2020 года. А крыху раней тады яшчэ 17-гадовы Арсеній зазнаў пераслед з боку Камісіі па справах непаўналетніх за ўдзел у акцыях пратэсту.
Сілавікі
затрымалі пяцярых мінчукоў, якія вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны
на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі. Па якім артыкуле затрыманыя
жыхары сталіцы, пакуль невядома.
Сярод затрыманых
мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 35 да 51 года. Згодна з інфармацыяй МУС, яны
ўдзельнічалі ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах, стасаваліся паміж сабой у
раённых чатах.
Палітзняволенай
Паліне Шарэндзе-Панасюк прадоўжылі тэрмін у штрафным ізалятары.
Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда. Паводле яго слоў, палітзняволенай прадоўжылі тэрмін
утрымання ў ШІЗА на 10 сутак. Агулам Паліна правядзе ў ізалятары 60 сутак
запар. Акрамя гэтага, адвакат жанчыны не можа да яе патрапіць ужо тры месяцы.
Нагадаем, у гомельскай калоніі 7 красавіка
Паліну асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням
адміністрацыі папраўчай установы»). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў
зняволення яшчэ адзін год у калоніі.
Двух
палітзняволеных фігурантаў «справы карагодаў» перавялі ў іншыя папраўчыя
ўстановы.
Паводле інфармацыі
праваабаронцаў, палітвязняў Сяргея Ярошкіна і Іллю Палхоўскага
перавялі з ПУАТ-39
у папраўчыя ўстановы Гомеля і Віцебска.
Прычыны ім не
паведамлялі. Вядома, што раніцай 5 верасня Сяргея звольнілі з працы і далі
паўгадзіны, каб сабраць рэчы, а потым на машыне перавезлі ў ПУАТ Гомеля. У гэты
ж дзень перавялі і Палхоўскага.
Нагадаем, 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу
№ 39 у Крупках прыязджалі супрацоўнікі АМАПа і збівалі «палітычных» кулакамі і
дубінкамі. Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных да «хіміі» па палітычных
матывах, невядомыя.