Лукашэнка зноў пазбавіў званняў некаторых «красаўцаў»

Каля 80 сілавікоў і супрацоўнікаў пракуратуры пазбаўлены званняў і чыноў.

1620375951_52383546_401.jpg


Год таму аналагічным указам ужо былі «ўзнагароджаныя» вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых ведамстваў. І колькасць іх была аналагічная — указ тычыўся больш чым 80 чалавек.
Гледзячы па ўсім, гэта стала «добрай традыцыяй» рэжыму: сёння Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога больш за 80 сілавікоў пазбаўляюцца сваіх званняў і чыноў. Прычыны розныя: «наўмыснае разгалошванне дзяржаўнай тайны», «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «абраза прадстаўнікоў улады», «заявы экстрэмісцкага характару» і г. д.


Акрамя таго, паведамляецца, што указ тычыцца і вайскоўцаў у адстаўцы ці запасе і тых, хто «прымае ўдзел ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыях іншых дзяржаў».
Пасля 2020 года шмат былых супрацоўнікаў сілавых структур аказаліся пад следствам. Шырока вядомая справа былога памочніка пракурора Яўгена Бабака, якога асудзілі на 4 гады зняволення і прылічылі да «тэрарыстаў». Нядаўна крымінальныя справы былі заведзеныя на супрацоўніцу пракуратуры Наталлю Лашч — нібыта за «зліў даных у "Чорную кнігу Беларусі"», і былога «алмазаўца» Вячаслава Сідаракіна, фігуранта прапагандысцкай стужкі «Манкурты», дзе яго абвінавачваюць у сувязі з іншым экс-сілавіком Ігарам Макарам.