Гродзенскі музыка Ігар Банцэр выйшаў на волю

Гродзенскі музыка і саліст панк-гурта «Mister X» Ігар Банцэр адбыў пакаранне на «хіміі» і выйшаў на волю. Пра гэта ён сам распавёў «Медыязоне».

0bb220e5_cf58_4123_9101_fa3e89baf4d6_w1200_r1_logo_1.jpg


Паводле спадара Банцэра, адзіны яго план на бліжэйшы час — «адзначыць Каляды і Новы год з сям'ёй, з дзецьмі».
У сакавіку 2021 года Ігара Банцэра прысудзілі да 1,5 года «хіміі» па справе аб хуліганстве (арт. 339 КК) за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Ён пачаў адбываць пакаранне на «хіміі» з 17 чэрвеня. У жніўні за парушэнні яго адправілі ў штрафны ізалятар — ён правёў там 40 сутак.
29 верасня суд вырашыў перавесці музыку ў калонію. Праз месяц Банцэра вярнулі на «хімію»: пракурор папрасіў адмяніць пастанову суда і накіраваць прадстаўленне аб замене пакарання на новы разгляд з-за юрыдычных парушэнняў.
1 лістапада сувязь з Ігарам Банцэрам перапынілася. 21 лістапада ён звязаўся з «Медыязонай» і распавёў, што ўвесь гэты час знаходзіўся ў ШІЗА. 24 лістапада суд зноў разгледзеў пытанне аб пераводзе Банцэра ў калонію і адмовіў у гэтым з-за таго, што адміністрацыя ПУАТ паспяшалася з перадачай у суд прадстаўлення аб замене пакарання. Супрацоўнікі не далі музыканту дастаткова часу, каб апратэставаць вынесеныя яму парушэнні. 25 лістапада музыку зноў адправілі ў ШІЗА на 10 сутак за тое, што ён запісаў для «Медыязоны» відэа аб умовах на «хіміі». За што яму прызначылі наступныя суткі ў ізалятары, невядома.