У Мінску затрымалі пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку. Чым скончылася? (абноўлена)

Ранкам святара запрасілі на размову ў Фрунзенскае РУУС, паведамляе канал царквы «Новае жыццё». Адтуль Вячаслава Ганчарэнку не выпусцілі.

photo_2022_09_20_12_17_13.jpg

Паводле папярэдняй інфармацыі, Ганчарэнку будуць судзіць за «правядзенне спаткання 18 верасня 2022 года».

Пад спатканнем, імаверна, маюцца на ўвазе набажэнствы вернікаў, якія апошнія два гады царква праводзіць кожную нядзелю. На паркоўцы каля будынка царквы. Будынак у «Новага жыцця» раней забрала ўлада.

Меркавана, затрыманаму пастару закінуць «народны» адміністрацыйны артыкул 24.23 (раней 23.34) аб «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Іншымі словамі, прыраўняюць богаслужэнне да мітынгу альбо пікета.

Раней Мінгарвыканкам і сталічная міліцыя пагражалі евангельскай царкве «Новае жыццё» крымінальным пераследам.

UPD. Вячаслаў Ганчарэнка цяпер на волі. Над ім хуценька правялі суд, які прызначыў святару штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублей).