Усюды фронда. Затрымалі трэнера па вольнай барацьбе, які нядаўна атрымаў лукашэнкаўскую стыпендыю

Затрыманне спартыўнага спецыяліста, які яшчэ нядаўна атрымаў «прэзідэнцкую стыпендыю» як перспектыўны трэнер, адбылося ў сярэдзіне верасня.

photo_2022_09_20_16_42_10_fee17.jpg

Як піша «Н*ша Ніва», у праўладных каналах з'явілася відэа з арыштаваным 41-гадовым трэнерам па вольнай барацьбе Канстанцінам Мерманішвілі.

Канстанцін — адзін з вядомых у Беларусі трэнераў па вольнай барацьбе, мае найвышэйшую трэнерскую катэгорыю. Мужчына працуе ў Мінскім дзяржаўным гарадскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і Мінскім гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Мядзведзя.

У мінулым годзе яго выхаванка Вольга Гардзей заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы па вольнай барацьбе сярод жанчын. За гэта Мерманішвілі прысудзілі стыпендыю г. зв. «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба», якую даюць за выбітныя дасягненні ў спорце для «маладых і перспектыўных» спартоўцаў і трэнераў. Яе памер на 2022 год складае каля 7700 рублёў цягам года.

У допісах праўладных каналаў выкладзеныя фота, дзе Канстанцін удзельнічае ў адной з дэманстрацый за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці ў 2020 годзе. Там жа сцвярджаецца, што «літасці да яго не будзе». Ці заведзеная на мужчыну крымінальная справа, пакуль невядома.

Масавыя рэпрэсіі ідуць у Беларусі з 2020 года. Усяго за гэты час заведзена больш за 11 тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў, іх фігурантамі сталі дзясяткі тысяч людзей, яшчэ дзясяткі тысяч вымушаныя былі пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсій.