Улады апублікавалі праект закона аб пазбаўленні грамадзянства Беларусі
На інтэрнэт-партале pravo.by з’явіліся папраўкі пад назвай «Аб змене Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь"». Яны прадугледжваюць не толькі пазбаўленне грамадзянства, але і «завочныя прысуды».
![pasport.jpg pasport.jpg](/img/v1/images/pasport.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Асноўных пунктаў у папраўках два. Першы тычыцца выяўлення «двайнога грамадзянства». Калі ёсць грамадзянства, ВНЖ іншай краіны або іншы дакумент, які дае льготы (напрыклад, «карта паляка»), то трэба паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў або дыпслужбу на працягу трох месяцаў з дня атрымання.
Грамадзянства РБ могуць пазбавіць, калі ў сілу ўступіў прысуд, які пацвярджае ўдзел чалавека ў «экстрэмісцкай дзейнасці» альбо «нанясенне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь», а ён знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
![Аляксей Лявончык: «Пашпарт не робіць чалавека беларусам» Аляксей Лявончык: «Пашпарт не робіць чалавека беларусам, вашая ідэнтычнасць не вызначаецца пашпартам»](/img/v1/images/liavonchyk_3xsz2_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
То-бок «збеглага экстрэміста» завочна судзяць, а пазней — пазбаўляюць грамадзянства. Вельмі зручна, адзначае «Е*рарадыё».
Пры гэтым Канстытуцыя Беларусі не прадугледжвае пазбаўлення грамадзянства.
«Нават у новай Канстытуцыі 2022 года ясна і дакладна напісана, што грамадзянін Беларусі не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Кропка. І ніякіх варыянтаў тут быць не можа. Таму любы закон па пазбаўленні грамадзянства ёсць антыканстытуцыйным», — звяртае ўвагу палітолаг Валерый Карбалевіч.