Ці непазбежная мабілізацыя ў Беларусі?

Лукашэнка стварыў з Расіяй «Саюзную дзяржаву». Згодна з яе палажэннямі напад на адну частку гэтай «дзяржавы» ёсць нападам і на другую частку, Беларусь абавязаная ваяваць у выпадку, калі Расія падвергнецца агрэсіі.

20092022_234521_995639_lg.jpg


Ці зможа зараз Беларусь ухіліцца ад правядзення мабілізацыі? «Наша Н*ва» распытала эксперта па пытаннях бяспекі Аляксандра Алесіна і папрасіла пракаментаваць кіраўніка BISS Пятра Рудкоўскага.

«У выпадку з Украінай неабходна, каб Вярхоўная Рада аб'явіла вайну Расіі або Дзяржаўная Дума Расійскай Федэрацыі заявіла, што яна знаходзіцца ў стане вайны з Украінай. Тады ўступае ў сілу Саюзная дамова Беларусі і Расіі, па якой бакі абавязваюцца абараняць тэрыторыі адзін аднаго як свае ўласныя, — тлумачыць Аляксандр Алесін. — Толькі тады Беларусь аб'яўляе мабілізацыю, разгортвае сваё войска, здымае тэхніку з захоўвання і пачынае ваенныя дзеянні».

«Пакуль Расійская Федэрацыя не змяніла статус аперацыі са "спецыяльнай ваеннай" на "вайну" і не ўвяла ваеннага становішча, то тое, што адбываецца ў Расіі, з'яўляецца прыватнай справай гэтай краіны, для Беларусі ніякіх прававых наступстваў быць не можа», — тлумачыць ён.

Ці можа так стацца, што вайна ўсё ж будзе абвешчаная адным з бакоў? «У такім выпадку Беларусь будзе абавязана пачаць ваенныя дзеянні на баку Расійскай Федэрацыі і ў якасці першага кроку — аб'явіць мабілізацыю», — кажа эксперт.

Аляксандр Алесін лічыць, аднак, што імавернасць такога развіцця падзей не вельмі вялікая.

«Расія вуснамі Пуціна заявіла, што яна не будзе мяняць статус спецыяльнай ваеннай аперацыі, гэта не ў яе інтарэсах, — мяркуе Алесін. — Праз тэрыторыю Украіны працягваецца транзіт расійскага газу і іншых рэсурсаў. І за гэта Украіна, як ні парадаксальна, працягвае атрымліваць ад Расіі грошы. Частку гэтых сродкаў яна выкарыстоўвае для вядзення баявых дзеянняў супраць Расіі».

Навошта ж Пуцін аб'явіў «частковую мабілізацыю»?

«У Расіі вельмі вялікі фронт і ім не хапае сілы. Некаторыя ўчасткі нават прыкрыты не вайсковымі часцямі, а сіламі Нацыянальнай гвардыі, САХРу. Украіна аказалася больш сур'ёзным супернікам, чым думалі ў Расіі. Пасля аперацыі пад Харкавам Расія ўсвядоміла, што без дадатковых сіл яна няздольная ўзяць пад кантроль Украіну, узяць тую тэрыторыю, якую яна сабе пазначала.

Калі верыць словам Сяргея Шайгу, цяпер мабілізуецца толькі 300 тысяч. Яна сапраўды частковая, таму што грошай трэба вельмі шмат на гэта, а Расія адчувае эканамічныя цяжкасці. І зараз можа сабе дазволіць толькі такую колькасць людзей, якіх яна можа ўзброіць, даць заробак і забяспечыць сацыяльным пакетам.

Улічваючы, што самыя маладыя, працаздольныя, тыя, хто яшчэ не вызначыўся ў жыцці, не маюць дастатку, частка з іх палічыць, што гэта спосаб заробку. Грошы, якія будуць налічаны, вялікія.

Цяпер у Расіі яшчэ ёсць некаторае беспрацоўе з-за закрыцця некаторых прадпрыемстваў і санкцый. Такім чынам, рашаецца і другая праблема. Сацыяльна небяспечны элемент, моладзь, якая страціла працу, можа быць прызвана на ваенную службу», — падсумоўвае Аляксандр Алесін.

11_1_4.jpeg


Палітолаг, кіраўнік BISS Пётра Рудкоўскі таксама лічыць, што мабілізацыя ў Беларусі малаімаверная.

«Па маіх ацэнках, зараз дубль два ў стасунку да таго, што было 24 лютага: Пуцін з-за правалу так званай "спецаперацыі" аб'яўляе новую ваенную кампанію з відазмененымі мэтамі і з уключэннем мабілізацыі.

Лукашэнка, аналагічна як у лютым, узмацняе прарасійскую і антызаходнюю рыторыку і гэтым, хутчэй за ўсё, яго "падтрымка" абмяжуецца. Адпадае таксама неабходнасць прадстаўляць беларускую тэрыторыю з-за іншай геаграфіі ваенных дзеянняў.

Беларусь і Расія — саюзныя дзяржавы. Там ёсць даволі расплывісты пункт пра тое, што "атака на адну з членаў Саюзнай дзяржавы разглядаюцца як атака на Саюзную дзяржаву ў цэлым" і што ў такім выпадку будуць прымяняць адпаведныя меры.

Практычнае значэнне гэтага запісу мінімальнае: па-першае, з-за расплывістасці фармулёўкі. У чым маюць заключацца гэтыя "меры"? Напрыклад, Лукашэнка можа гучна асудзіць "атаку на саюзніка".

Па-другое, усё бачна па функцыянаванні АДКБ. У адрозненне ад Саюзнай дзяржавы, гэта арганізацыя спецыяльна створана дзеля калектыўнай абароны ў выпадку вонкавай пагрозы. Арменія ўжо два разы звярталася з просьбай абараніць ад Азербайджана. І нічога.

Так што тут у канчатковым плане ўсё будзе залежаць ад нефармальных узгадненняў. Лукашэнка, калі яго не прыціснуць цалкам, не будзе ў гэта лезці», — тлумачыць палітолаг.