У Сенат ЗША ўнесены двухпартыйны законапраект аб санкцыях за куплю нафты з РФ
Падаецца, амерыканскія сенатары стаміліся чакаць санкцый у дачыненні да Расіі ад Дональда Трампа, і пачалі дзейнічаць самастойна. У той жа час ЗША і ЕС распрацавалі дакументы для ваеннай падтрымкі Украіны пасля заканчэння агрэсіі РФ. А Еўропа працягвае ўмацоўваць СПА Украіны. Ідуць 1393-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 278 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 82 штурмавыя дзеянні расіян у раёнах Котліна, Удачнага, Пакроўску і ў бок Роўнага, Мірнаграда, Радзінскага, Зверава, Новапаўлаўкі, Філіі, Новага Шахавага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 28 атак расіян у раёне Салодкага і ў бок Варвароўкі, Гуляйполя.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 27 разоў у раёне Торскага і ў бок Ліману, Стэпавага, Каровінага Яру, Зарэчнага, Дробышава, Навасёлаўкі, Стаўкі, Глушчанкава.
На Купянскім і Канстанцінаўскім кірунках адбыліся па 24 атакі расіян на кожным.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Студзеньскага, Краснагорскага, Згоды, Рыбнага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 15 атак расіян.
* * *
Аналітыкі праекта DeepState паведамілі, што расійская армія акупавала Серабранку і прасунулася паблізу Дронаўкі, Свята-Пакроўскага, Звонаўкі, Пазена, у Сіверску і Пераезным.
* * *
Расійская армія ўвечары 16 снежня атакавала Запарожжа беспілотнікам, пацярпелі два чалавекі.
Двое мужчын атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару беспілотнікам па Дняпроўскім раёне Херсона ўвечары 16 снежня.
Увечары ў аўторак, 16 снежня, у Кіеве і вобласці чулі выбухі на фоне паветранай трывогі. Мясцовыя ўлады папярэдзілі аб працы СПА. Паветраныя сілы Украіны паведамлялі пра групу БПЛА, якая накіроўваецца на Гастомель.
У Расіі ў ноч на сераду, 17 снежня, беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Славянску-на-Кубані ў Краснадарскім краі. У сацсетках паведамляюць, што на заводзе адбыўся пажар.
* * *
Амерыканскія заканадаўцы ўнеслі ў Сенат ЗША двухпартыйны законапраект аб санкцыях за куплю або садзейнічанне імпарту нафты і нафтапрадуктаў з РФ, паведаміла ў Facebook пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына.
Законапраект пад назвай «Decreasing Russian Oil Profits Act of 2025» унеслі сенатары ЗША — «рэспубліканцы Д. МакКормік і Дж. Гастэд і дэмакраты Э. Уорэн і К. Кунс».
«Аўтары законапраекта адзначылі, што купля расійскай нафты фінансуе вайну супраць Украіны, а любыя краіны, кампаніі або фінансавыя пасярэднікі, якія спрыяюць такому гандлю, павінны разумець наступствы, у прыватнасці рызыку страты доступу да фінансавай сістэмы ЗША», — піша Стэфанішына.
Законапраект стварае прававую аснову для ўзмацнення санкцыйнага ціску на нафтавыя даходы РФ. У выпадку, калі дакумент будзе ўхвалены, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе абавязаны на працягу 90 дзён прымяніць санкцыі да асоб, якія ўцягнутыя ў імпарт нафты з РФ.
Пералік такіх асоб будзе фармаваць міністр фінансаў пасля кансультацый з дзяржсакратаром ЗША.
* * *
ЗША разам з еўрапейскімі партнёрамі напрацавалі праекты двух дакументаў, у якіх выкладзены план падтрымкі Украіны пасля магчымага заключэння мірнага пагаднення, піша The New York Times.
Адзін з дакументаў, які суразмоўцы NYT называюць «аператыўным ваенным», утрымлівае падрабязныя палажэнні аб супрацоўніцтве войскаў ЗША і Еўропы з УСУ з мэтай прадухілення спробаў Расіі захапіць дадатковыя тэрыторыі.
Ніводзін з дакументаў пакуль не апублікаваны. У той жа час, паводле слоў інфармаваных крыніц, яны ўтрымліваюць канкрэтныя дырэктывы для розных сцэнарыяў магчымага новага ўварвання РФ. Неназваны амерыканскі чыноўнік адзначыў, што ў іх «вельмі дакладна» прапісаны механізмы стрымлівання далейшых атак і рэагавання ў выпадку іх аднаўлення.
Адной з ключавых задач называецца павелічэнне колькасці Узброеных сіл Украіны да 800 тысяч у мірны час. Для гэтага Украіне спатрэбіцца стабільная і значная падтрымка з боку партнёраў. Еўрапейскі дыпламат паведаміў, што ў дакументах утрымліваецца пералік канкрэтнага ўзбраення і ваенных магчымасцей, неабходных Кіеву, аднак дэталяў не раскрыў.
Асобна прапісаныя механізмы ўдзелу ЗША ў выяўленні магчымых аперацый РФ пад ілжывым сцягам, якія Масква можа выкарыстаць як нагоду для аднаўлення баявых дзеянняў.
Еўрапейскія чыноўнікі адзначаюць, што супрацоўніцтва з амерыканскімі перамоўшчыкамі і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам апошнім часам істотна палепшылася. «Мы бачым рэальны і канкрэтны прагрэс. Ён стаў магчымым дзякуючы ўзгодненасці дзеянняў Украіны, Еўропы і Злучаных Штатаў», — заявіла прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
* * *
Вялікабрытанія інвестуе 600 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, каб забяспечыць Украіну новымi абароннымi магчымасцямі, якія дапамогуць збіваць расійскія дроны на працягу зімы.
Міністр абароны краіныДжон Гілі заявіў, што Кіеў атрымае сістэмы СПА, ракеты і аўтаматызаваныя турэлі для збівання дронаў.
«Разам з гэтай групай з 50 партнёраў мы працуем над тым, каб аказаць жыццёва важную падтрымку абароне Украіны, каб паставіць яе ў самую моцную магчымую пазіцыю для забеспячэння міру», — сказаў ён.
Германія паставіла ва Украіну дзве абяцаныя ў жніўні сістэмы СПА Patriot, а таксама ўжо дзявятую сістэму IRIS-T, паведаміў міністр абароны ФРГ Борыс Пісторыус.
«З часу нашага апошняга пасяджэння UDCG мы істотна ўзмацнілі супрацьпаветраную абарону Украіны, у прыватнасці шляхам пастаўкі дзвюх сістэм Patriot, абяцаных у жніўні, што стала магчымым таксама дзякуючы нашым нарвежскім партнёрам, а таксама шляхам пастаўкі дзявятай сістэмы IRIS-T», — заявіў міністр абароны ФРГ Борыс Пісторыус.
* * *
Расійскі бюджэт адчувае падвойны ўдар з-за падзення аб'ёмаў паставак нафты і пастаяннага зніжэння коштаў. Гэтыя фактары прывялі да самага нізкага ўзроўню экспарту нафты са студзеня 2023 года, паведаміла агенцтва Bloomberg.
У апошні месяц фіксаваліся самыя вялікія з пачатку поўнамаштабнай вайны тыднёвыя падзенні паставак нафты. Да іх таксама дадаліся праблемы з дастаўкай.
«Разгрузка грузаў аказалася яшчэ большым выклікам, паколькі кошт перавозкі нафты морам з канца жніўня вырас на 40%, а як мінімум 20 грузаў, загружаных у заходніх партах краіны ў верасні і кастрычніку, да гэтага часу не дастаўленыя», — гаворыцца ў публікацыі.
Агенцтва паведамляе, што «шматлікія танкеры зніклі з сістэм сачэння ў архіпелагу Рыау, на паўночны ўсход ад Сінгапура, любімым месцы для перагрузкі падсанкцыйных іранскіх барэляў паміж судамі, якое становіцца ўсё больш папулярным сярод перавозчыкаў маскоўскай нафты». Даныя сачэння сведчаць, што з лістапада там адбылося як мінімум шэсць перагрузак расійскіх грузаў, а ў гэтым месяцы ў гэтым раёне зніклі яшчэ шэсць цалкам загружаных танкераў.
Больш за 170 мільёнаў барэляў расійскай нафты захоўваецца ў танкерах, — на 40% больш, чым у канцы жніўня. Па даных Bloomberg, які адсочвае суды, за чатыры тыдні да 14 снежня Масква адгружала 3,61 мільёна барэляў у дзень. Гэта на 70 тысяч менш, чым за перыяд да 7 снежня, што тлумачыцца зніжэннем штотыднёвых адгрузак на 1,24 мільёна барэляў у дзень.
«Падзенне даходаў Масквы супадае з узмацненнем дыпламатычнага ціску ЗША на Украіну і яе еўрапейскіх саюзнікаў з мэтай заключэння мірнага пагаднення, нават нягледзячы на тое, што Крэмль працягвае бамбардзіраваць газавую і энергетычную інфраструктуру суседняй краіны», — піша Bloomberg.
Пры гэтым адзначаецца, што Украіна, у сваю чаргу, працягвае наносіць удары па нафтавых актывах Расіі, распаўсюджваючы свае атакі на вытворчыя платформы ў Каспійскім моры і паражаючы ўсё больш танкераў, якія перавозяць расійскую нафту.