Аблава на вулічных музыкаў: на Зыбіцкай забралі адразу тры гурты (дапоўнена)
Сілавікі правялі ў Мінску новую аблаву на вулічных музыкаў, з Зыбіцкай забралі адразу тры гурты.
Увечары 18 жніўня на мінскай тусовачнай вуліцы Зыбіцкая АМАП затрымаў адразу некалькі музычных гуртоў, што ніякіх песень «пра палітыку» не выконвалі, пра гэта рэдакцыі «Зерк*ло» паведаміў чытач.
Паводле яго слоў, АМАП забраў з Зыбіцкай адразу тры розныя гурты — іх затрымалі без папярэджання і адвезлі ў РУУС. Адзін з калектываў — кавер-група «Best Band Sound», якая грала на вуліцы са сваёй апаратурай.
— Да іх падышлі, спыталі, хто старэйшы, і забралі траіх адразу, — распавёў сведка. Адметна, што музыкі не выконвалі «нічога палітычнага».
У верасні 2020 года музыкаў «Best Band Sound» ужо затрымлівала міліцыя — яны гралі «Разбуры турмы муры» ў пераходзе на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Тады музыкаў пакаралі адміністрацыйным арыштам: альтыстка Ніна Матушкіна і гітарыст Вадзім Бурак атрымалі па 13 сутак, бас-гітарыст Яраслаў Бандарчук — 12 сутак. Іх судзілі паводле «народнага» артыкула 23.34 КаАП — за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Варта згадаць пра нядаўняе гучнае затрыманне на Зыбіцкай. 3 жніўня на тэрасе бара «Банкі-Бутэлькі» прайшоў вулічны канцэрт спявачкі Мерыем Герасіменка. Сярод песень, якія яна выканала, былі і творы ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы».
Неўзабаве ў бар прыйшлі з праверкамі з санстанцыі і МНС. Уладальніка бара Андрэя Жука затрымалі на 30 сутак, а Мерыем Герасіменка — на 15. Зрэшты, ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама сцвярджалі, што арышты не звязаныя з песняй, якую выканала Мерыем Герасіменка. Прычына ў тым, што «дадзенае мерапрыемства не было санкцыянавана ні з адным органам дзяржкіравання». А 1 жніўня нібыта ўступіла ў сілу пастанова, па якой установы, дзе выступаюць артысты, напрыклад, бары і рэстараны, павінны быць уключаны ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
Пад вечар 19 жніўня стала вядома, што ўзятых на Зыбіцкай музыкаў пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусцілі. Відаць, нават без пратаколаў ці папярэджанняў.