У Іране за падтрымку пратэстаў затрымалі адну з самых вядомых акторак
У Іране за выступ у падтрымку пратэстоўцаў была затрыманая адна з самых вядомых акторак краіны Таранэ Алідусці. Пра гэта паведамляюць заходнія СМІ са спасылкай на іранскія інфармагенцтвы.
Таранэ Алідусці затрымалі праз некалькі дзён пасля паста ў
Instagram, прысвечанага пакаранню смерцю 23-гадовага дэманстранта Махсэна
Шэкары. У публікацыі акторка раскрытыкавала міжнародныя арганізацыі за тое, што
яны не рэагуюць на дзеянні іранскіх уладаў.
Падставай для затрымання, згодна з публікацыямі іранскіх
агенцтваў, стала тое, што акторка публікавала «ілжывыя і скажоныя паведамленні,
якія правакуюць бунты» і не падала ўладам «дакументы, якія пацвярджаюць свае заявы», паведамляе The Guardian.
Instagram-акаўнт Алідусці, на які былі падпісаныя больш за
восем мільёнаў чалавек, цяпер недаступны. У лістападзе актрыса апублікавала там
сваю фатаграфію без хіджаба, пост набраў больш за мільён лайкаў.
38-гадовая Таранэ Алідусці вядомая за межамі Ірана ў тым
ліку па ролі ў фільме «Каміваяжор», які ў 2017 годзе атрымаў «Оскар» як лепшы
фільм на замежнай мове. У 2020 годзе яе прысудзілі да пяці месяцаў турмы ўмоўна
за крытыку паліцыі ў твітары.
Гэта далёка не першы выпадак затрымання іранскай
знакамітасці за падтрымку пратэстоўцаў. У лістападзе былі затрыманыя, у
прыватнасці, актрысы Хенгамэ Газіянэ і Катаюн Рыяхі. Пазней іх вызвалілі.
Паводле ацэнак праваабаронцаў, за час пратэстаў у Іране былі
затрыманыя больш за 18 тысяч чалавек. Больш за 450 чалавек, па даных
праваабарончых арганізацый, былі забітыя сілавікамі.
Паводле «Медузы».