
Гаворка ідзе пра
аднаўленне дыпламатычных зносін паміж Саудаўскай Аравіяй і Іранам. Краінамі,
якім, падаецца, самой гісторыяй наканавана быць вечнымі ворагамі праз рознасць
эканамічных, палітычных і рэлігійных інтарэсаў. І самае, канечне, галоўнае ў
гэтай падзеі: спонсарам працэсу нармалізацыі адносін выступілі не ЗША, ад якіх,
па лёгіцы, усе гэтага чакалі, а Кітай. І асабіста кітайскі лідар Сі Цзіньпін.
За што ён, тэарэтычна, мог бы прэтэндаваць на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.
Вытокі канфлікту паміж саудытамі і аятоламі
Задача прымусіць ворагаў забыцца на свае ўзаемныя крыўды, сапраўды, была надзвычай складанай. Адносіны паміж саудытамі і Іранам не былі цёплымі ад самога пачатку. На гэта ўплывала традыцыйнае процістаянне паміж суніцкай і шыіцкай плынямі ў ісламе. Хоць адносіны паміж краінамі былі ўсталяванымі ў 1929-м, вельмі хутка яны пачалі псавацца менавіта праз рэлігійныя супярэчнасці. Прычым, падставай для крызісаў у адносінах маглі быць дзеянні асобных людзей, як тое было, напрыклад, у 1943-ім, калі іранец-шыіт пад час пілігрымкі ў Меку паспрабаваў кінуць свае ваніты ў Каабу. У выніку іранскі пілігрым быў пакараны смерцю саудаўскімі ўладамі, а ўзаемныя адносіны паміж краінамі значна папсаваліся.
Калі ў 1980-м іракскія войскі ажыццявілі ўварванне ў Іран, распачаўшы ірана-іракскую вайну, саудыты падтрымалі Ірак з ягоным суніцкім насельніцтвам. У клерыкальным кіраўніцтве шыіцкага Ірана яны бачылі сур'ёзную пагрозу для сістэмы бяспекі ў раёне Персідскай затокі. Дзеля таго, каб падарваць магчымасці Ірану весці вайну, яны, нарасціўшы здабычу, знізілі цану на нафту з 30 да 15 долараў за бараль (што ўскосна ўдарыла і па эканоміцы СССР, арыентаванай на экспарт энерганосьбітаў).
Сітуацыя ў адносінах крыху выправілася пад канец 1980-х. У 1990-х адбылося далейшае паляпшэнне. У тым ліку — праз тое, што Іран, як і Саудаўская Аравія, асудзіў агрэсію Ірака супраць Кувейта. Саудыты нават прыкладалі высілкі да нармалізацыі адносін паміж Іранам і іншымі краінамі Персідскай затоцы.
Але грамадзянская вайна, якая пачалася ў Емене ў пачатку 2010-х, моцна папсавала адносіны паміж краінамі. Іран падтрымліваў паўстанцаў-хусітаў, у той час як саудыты стаялі на баку прызнанага міжнароднай супольнасцю ўрада Емена. Гэта, а таксама іншыя акалічнасці (інцыдэнты з іранскімі пілігрымамі ў Мецы, змовы, замахі на палітыкаў і дыпламатаў, тэрарыстычныя атакі на разнастайныя аб'екты) прывялі да таго, што да сярэдзіны 2010-х адносіны паміж краінамі апынуліся на мяжы разрыву.
У 2016-м у Саудаўскай Аравіі быў пакараны смерцю папулярны шыіцкі рэлігійны дзеяч Німр ан-Німр, у адказ на што ў Тэгеране была разгромлена амбасада гэтай краіны. Пасля гэтага дыпламатычныя адносіны паміж імі спыніліся. Пагаршала сітуацыю і тое, што ў канфліктах у Сірыі і Емене Саудаўская Аравія і Іран падтрымлівалі розныя бакі.
Такое развіццё падзеяў у рэгіёне, які з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком нафты ў свеце, мела б цяжкія наступствы для ўсяго свету. Таму не дзіўна, што дадзеная сітуацыя была галаўным болем для шмат якіх краін, у тым ліку — для ЗША. Менавіта ад гэтай краіны, якая доўгі час лічылася галоўным «рашалам» міжнародных праблемаў, а таксама гарантам міру ў раёне Персідскай затокі, чакалі прапановаў па вырашэнні канфлікту.
Міратворца знянацку
І вось, насуперак усім чаканням і прагнозам, з-за спіны ЗША выскачыў Кітай і літаральна «шчаўчком пальцаў» вырашыў праблему. Увесь свет заціх у шоку. Не столькі ад таго, што Кітай зрабіўся спонсарам мірнага вырашэння, колькі ад таго, што ЗША пры гэтым адсутнічалі крыху болей, чым цалкам.
Нельга казаць, што ўдзел Кітая быў зусім ужо нечаканым. У тэорыі, ініцыятыва «Пояс-Шлях» патрабавала палітычнай стабільнасці ў краінах і рэгіёнах, задзейнічаных у ёй. Я запытваў тады ў кітайскіх калегаў, якім чынам можа быць рэалізаваным транзіт праз нестабільны Сярэдні і Блізкі Усход — з усімі ягонымі еменскімі, сірыйскімі, іракскімі і саудыта-іранскімі канфліктамі. Тады калегі разводзілі рукамі і паціскалі плячыма. Але цяпер адказ, падаецца, знойдзены.
І, галоўнае, аднаўленне саудыцка-іранскіх адносін выклікала ланцуговую рэакцыю. Амаль адразу за гэтай навіною з'явілася паведамленне, што Мальдывы таксама збіраюцца аднавіць свае адносіны з Іранам, а таксама звесткі пра сакрэтныя перамовы «на нізкім узроўні» паміж Іранам і Бахрэйнам, які дагэтуль быў зацятым ворагам Тэгерана. У такія блізкія і знаёмыя нам Аб'яднаныя Арабскія Эміраты накіраваўся з візітам сакратар Вышэйшай нацыянальнай рады бяспекі Ірана Алі Шамхані.
А там на гарызонце маячыць і нармалізацыя адносін з Егіптам. Пазіцыі Кітаю могуць умацавацца ў яшчэ адной арабскай краіне — Сірыі. Раней там шмат што вызначалася процістаяннем сілаў, саюзных Саудаўскай Аравіі і Ірану адпаведна. І, канечне, значнай была роля Расіі. Цяпер, калі Іран і саўдыты паўсталі на шлях прымірэння, а ўплыў знясіленай Расіі значна знізіўся, Кітай можа зрабіцца той сілай, якая здольная ўсталяваць мір на гэтай тэрыторыі. Задача гэта, праўда, можа быць складанейшай за прымірэнне аятолаў з саудытамі.
Глабальныя перспектывы Кітая
Але Кітай не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Ён плануе пашыраць сувязі з арабскімі краінамі. Ужо ў гэтым годзе Кітай правядзе з імі саміт, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні развіцця эканамічных стасункаў. А за эканамічнай можа пачацца супраца і ў іншых сферах. Напрыклад, пакуль Кітай у дадзеным рэгіёне праводзіў сумесныя марскія вучэнні з Іранам і Расіяй (чарговыя акурат праводзяцца ў гэты момант). Дык чаму б не далучыць да гэтых вучэнняў яшчэ і арабскія дзяржавы?
Актыўнае будаўніцтва сяброўскіх адносін паміж Кітаем і ісламскімі арабскімі краінамі можа ў значнай ступені зняць праблему ісламскага насельніцтва Сіньцзяна. Канечне, зняць яе для кітайскага кіраўніцтва ў Бэйдзіне (Пекіне). Прынамсі, Кітай можа разлічваць на істотнае змяншэнне падтрымкі патрабаванняў уйгураў з боку мусульманскіх краін і, адпаведна, да зніжэння матывацыяў уйгураў да адстойвання сваіх пазіцыяў.
Кітай ужо вылучыў свае прапановы па дасягненні міру ва Украіне. Яны не выклікалі асаблівага энтузіязму, бо не адпавядаюць, у першую чаргу, інтарэсам Украіны і тых краін, якія яе падтрымліваюць. Увогуле, дасягнуць тут міру куды складаней, чым аднаўлення адносін паміж саудытамі і Іранам. Пакуль аніводны бок не згодны паступіцца сваімі прынцыповымі пазіцыямі. Дый на коне стаіць куды болей.
Але Кітай тут можа спадзявацца на сваю вагу і аўтарытэт як на міжнароднай арэне, так і ў эканоміцы. З кітайскага боку ўжо прагучала ініцыятыва правесці тэлефонную размову паміж Сі Цзіньпінам і Уладзімірам Зяленскім. Пад час гэтай размовы Сі можа агучыць якія-небудзь прывабныя прапановы, падмацаваўшы іх акурат «вагой» свайго аўтарытэту, каб украінскае кіраўніцтва хаця б задумалася над гэтымі прапановамі. А далей разлічваць на тое, каб дапамога з боку краін Захаду пачала слабець, што, тэарэтычна, можа прымусіць украінцаў прыняць і кітайскае пасярэдніцтва, і іхнія прапановы. Прынамсі, імавернасць наяўнасці такіх разлікаў у кітайскага кіраўніцтва адрынаць нельга.
Прайграўшыя бітву…
Хоць каментарыі на тэму падзеяў на Сярэднім Усходзе пакуль супярэчлівыя ў сваіх прагнозах на перспектывы далейшага развіцця сітуацыі, амаль усе каментатары сыходзяцца ў тым, што для Злучаных Штатаў тое, што адбылося, зрабілася гучнай аплявухай. Галоўны геапалітычны супернік ЗША ў бягучы час — Кітай — не толькі залез на тэрыторыю, якая традыцыйна лічылася «вотчынай» амерыканцаў, але і з трыумфам вырашыў адну з найцяжэйшых задачаў, якую ні амерыканская дыпламатыя, ні армія, ні флот не маглі вырашыць дзесяцігоддзямі. І пры гэтым Кітай не згубіў аніводнага свайго жаўнера, і не забіў аніводнага мясцовага мірнага жыхара. Які каласальны вонкавы кантраст з усім тым, у чым абвінавачвалі ўсе гэтыя гады амерыканцаў!
Сур'ёзным выклікам з'яўляецца для амерыканцаў і тое, што адным з удзельнікаў непрыемнай падзеі з’явіўся іх стары і, падавалася, надзейны саюзнік — саудыты. Раней амерыканцы маглі заўжды абаперціся на яго, але цяпер такая магчымасць апынулася пад пытаннем. У тым ліку, можа істотна змяніцца сітуацыя з санкцыямі супраць Ірана. Калі дагэтуль саўдыты гэтыя санкцыі падтрымлівалі, дык цяпер яны абвяшчаюць пра тое, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы пачнуць інвеставаць у іранскую эканоміку.
Ключом да такіх паводзін саудытаў можа быць іхняе памкненне да большай самастойнасці ў знешняй палітыцы, у якой раней адчувалася дамінаванне ЗША. Акрамя таго, саудытаў ня надта радуе крайне негатыўная рэакцыя амерыканцаў на забойства журналіста Хашогі, у арганізацыі якога падазраюць саудаўскі каралеўскі дом.
Не самымі добрымі навінамі гэта ўсё з’яўляецца і для Ізраіля. Дагэтуль ён у сваім процістаянні з Іранам таксама мог абапірацца на падтрымку Саудаўскай Аравіі і арабскага свету. Цяпер сітуацыя змянілася, і змянілася відавочна на карысць іранцаў. Гэта робіць складанымі прагнозы наконт далейшага лёсу іранскай ядравай праграмы, паспяховая рэалізацыя якой паставіць Ізраіль у надзвычай складаную сітуацыю. Тут, праўда, хаваецца і некаторы «плюсік». Наўрад ці Саудаўская Аравія настолькі далёка зайсці ў сваім збліжэнні з Іранам, што спакойна дазволіць яму атрымаць ядравую зброю. Дый астатні свет (у першую чаргу — краіны Захаду) паўстануць тут мурам каменным. Бо не бывае ўсё проста ў гэтым свеце.
…Але не прайграўшыя вайну
Вось у гэтай акалічнасці — што не ўсё так проста ў гэтым свеце — хаваецца патэнцыйная пастка і для самога Кітаю. Сярод цяперашніх прагнозаў асабліва выдзяляюцца тыя, якія прарочаць Кітаю вялікую будучыню і вядучую ролю ў фармаванні сусветнага парадку. Пры якім Кітай праз сваю эканамічную моц, міралюбнасць і аўтарытэт, не папсаваны спадчынай каляніялізму, зробіцца спонсарам вырашэння канфліктаў у розных рэгіёнах Азіі і Афрыкі. Што, у сваю чаргу, дазволіць яму зрабіцца цэнтрам прыцягнення краін, незадаволеных мінулай і цяперашняй палітыкай краін Захаду. Што можа прывесці да новага процістаяння двух лагераў, кшталту процістаяння капіталістычных і сацыялістычных краін эпохі Халоднай вайны.
Такую магчымасць, канечне, нельга адрынаць. Заўжды прысутнічаюць «але». У дадзенай сітуацыі такімі «але» могуць зрабіцца шматлікія аспекты. У першую чаргу — хісткасць дасягнутых пагадненняў паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй. Падобныя пагадненні бывалі і ў мінулым. Саудыты і Іран часцяком рабілі крокі адзін насустрач другому. І, заўважым, рабілі гэта без пасярэдніцтва Кітаю. Так і цяпер: пагадненні ўзніклі не на пустым месцы, а на тых заявах, якія рабіліся бакамі процістаяння раней.
Але, як і ўсе папярэднія падобныя «крокі насустрач» і «нармалізацыі адносін», цяперашнія пагадненні могуць мець толькі часовы характар. Надта глыбокімі падаюцца супярэчнасці ў рэгіёне. Дастаткова новых інцыдэнтаў пад час пілігрымак — і ўся канструкцыя бяспекі можа захістацца. І цяпер, заўважым, гэта ўжо будзе галаўным болем не Злучаных Штатаў, а Кітая. Як і любыя іншыя канфлікты ў тых рэгіёнах і тых спрэчках, дзе ён праявіць сябе як спонсар мірных працэсаў. То бок, калі прэтэндуеш на ролю лідара, будзь гатовы і да той залевы з шышак, якія пасыплюцца з розных бакоў на тваю галаву. Тады ўжо збліжэнне з ЗША будзе разглядацца як крок да самастойнасці ў знешняй палітыцы.
Што ж тычыцца процістаяння ліберальнай дэмакратыі і аўтарытарызму, на баку якога выступае Кітай, дык гэта, канечне, можа ўтварыць нейкія канфігурацыі на міжнародным палітычным полі. Але ў гэтых канфігурацыях будзе адразу закладзена няўстойлівасць, якая выцякае з няўстойлівасці саміх аўтарытарных рэжымаў. У іх заўжды будзе існаваць унутраны праціўнік — уласныя грамадзяне, што запатрабуе ад гэтых рэжымаў вялікіх высілкаў дзеля ўтрымання сваёй улады. А гэта, у сваю чаргу, непазбежна негатыўна адаб'ецца на магчымасцях мець эфектыўную эканоміку, на якую таксама будуць ціснуць такія ж непазбежныя карупцыя і кепскі менеджмент.
Гледзячы на гэта ўсё, залішні раз прыходзіш да высновы, што Фрэнсіс Фукуяма не меў рацыі, калі казаў, што з падзеннем сацыялістычнага лагеру гісторыя скончыцца (сам ён, праўда, спісвае гэтую думку на Маркса). Не, гісторыя не скончыцца. І нават не праз «сутыкненне цывілізацыяў», як на тым настойваў Хантынгтан. Яна не скончыцца праз тое, што пакуль існуе чалавецтва, заўжды будзе канфлікт паміж жаданнем дамінаваць і жаданнем не апынуцца пад дамінаваннем. Гэта будзе заўжды і на любым узроўні — ад невялічкіх калектываў, да краін і рэгіёнаў. Таму гісторыя працягваецца! Але чамусьці ад гэтага не атрымліваецца спаць спакойна.
А наконт Нобелеўскай прэміі Сі Цзіньпіну будзе цікава паглядзець на рашэнне Нобелеўскага камітэту.