Пуцін хоча зрабіць Чорнае мора сваёй прыватнай сажалкай. Ці дазволяць гэта ЗША?

Лепшы адказ на правакацыю Расіі з амерыканскім MQ-9 Reaper — адпраўка Украіне ракет і беспілотнікаў далёкага радыусу дзеяння? Прынамсі, гэта сцвярджаецца ў артыкуле WSJ. Але не вядома, што вырашаць у адміністрацыі Байдэна.

Артыкул у Wall Street Journal 

Артыкул у Wall Street Journal 

Газета Wall Street Journal апублікавала рэдакцыйны артыкул з заклікам да Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна адказаць на нядаўні інцыдэнт з амерыканскім беспілотнікам MQ-9 Reaper адпраўкай Украіне ракет далёкага радыусу дзеяння.

Выданне патлумачыла такую пазіцыю: рашэнне расійскіх вайскоўцаў атакаваць амерыканскі беспілотнік у нейтральнай паветранай прасторы сведчыць пра намер Крамля ісці далей у сваіх агрэсіўных дзеяннях.

Нагадаем, беспілотнік MQ-9 Reaper разбіўся ў Чорным моры непадалёк ад Крыма пасля таго, як яго перахапіў расійскі знішчальнік. Улады ЗША кажуць, што самалёт ВПС Расіі скідаў на амерыканскі апарат паліва, а затым сутыкнуўся з яго прапелерам. Міністэрства абароны Расіі сцвярджае, што сутыкнення не было і апарат упаў сам па сабе.

«Некаторыя папярэджваюць, што гэты эпізод нагадвае пра рызыку вайны ЗША з Расіяй — і таму варта адмовіцца ад падтрымкі Украіны. Але беспілотнік дзейнічаў у міжнароднай паветранай прасторы, а Пуцін хоча зрабіць Чорнае мора сваёй прыватнай сажалкай, — піша Wall Street Journal. — Расія можа пайсці на эскалацыю, але гэтая сітуацыя пацвярджае, што Пуцін — агрэсар і ягоныя амбіцыі не абмяжоўваюцца Украінай».


Ці зменіць Байдэн тактыку?

На думку журналістаў выдання, цяпер у Байдэна ёсць больш прычын пайсці на дзеянні, якія «ён павінен быў распачаць ужо вельмі даўно: даць Украіне зброю для перамогі».

Да такой “зброі перамогі” Wall Street Journal прылічае тактычныя ракеты, якія дазваляюць наносіць удары ў глыбокім тыле расійскіх пазіцый, а таксама самі беспілотнікі MQ-9 Reaper.

Аўтары рэдакцыйнага артыкула сцвярджаюць, што адной з прычын адмовы Вашынгтона даць Украіне такія апараты былі асцярогі, што яны трапяць у рукі да расіян і тыя выкрадуць адпаведныя тэхналогіі. Але цяпер расійскія вайскоўцы спрабуюць вылавіць абломкі дрона з Чорнага мора, а ў Пентагоне кажуць, што нічога каштоўнага ў іх ужо не засталося пасля прынятых ЗША мер.

«Гэта паказвае, што рызыка, звязаная з прадастаўленнем MQ-9 Украіне, прымальная – і яе пераважваюць магчымасці беспілотніка, што больш за дзень можа заставацца ў паветры і праводзіць разведку на вялікіх адлегласцях», — гаворыцца ў артыкуле.

Аўтары працягваюць: «Адміністрацыя Байдэна будавала палітыку ў дачыненні да Украіны з улікам уласных страхаў у дачыненні да таго, як адрэагуе [прэзідэнт Расіі], але крушэнне беспілотніка — апошні доказ, што Пуцін гатовы ісці на любыя рызыкі, якія, як ён лічыць, могуць сысці яму з рук».

«Байдэн можа вырашыць, што варта пакінуць гэта без наступстваў і задаволіцца ўласнай стрыманасцю. Але яму не спадабаюцца пастановы, якія давядзецца прымаць у выпадку, калі Расія пойдзе на эскалацыю і саб'е самалёт, якім будуць кіраваць амерыканскія вайсковыя пілоты», — папярэджвае Wall Street Journal.


Што яшчэ стала вядома пра беспілотнік?

Расія, на думку ўладаў ЗША, імаверна, здолела сабраць частку абломкаў дрона MQ-9 Reaper, які разбіўся ў Чорным моры. У Вашынгтоне заявілі, што ўся каштоўная інфармацыя была з беспілотніка выдаленая.

Да гэтага Пентагон апублікаваў кадры збліжэння расійскага Су-27 з БПЛА MQ-9 Reaper над Чорным морам.

Паводле ВВС, Wall Street Journal.