Самалёт-знішчальнік РФ урэзаўся ў амерыканскі беспілотнік над Чорным морам

Амерыканскія вайскоўцы паведамілі, што іх беспілотнік выконваў звычайную аперацыю ў міжнароднай паветранай прасторы, калі два расійскія самалёты паспрабавалі яго перахапіць.

dron_mq_9_reaper.jpg

Сёння, 14 сакавіка, над Чорным морам расійскі знішчальнік сутыкнуўся з амерыканскім беспілотнікам, пра гэта пішуць СМІ са спасылкай на прэс-службу Еўрапейскага камандавання Узброеных сіл ЗША.

Паводле звестак амерыканскіх вайскоўцаў, сёння над Чорным морам два расійскія знішчальнікі Су-27 спрабавалі перахапіць беспілотнік MQ-9 ВПС ЗША, які вёў разведку ў міжнароднай паветранай прасторы.

Раніцай адзін з Су-27 урэзаўся ў беспілотнік MQ-9 Reaper, у выніку чаго беспілотнік быў збіты. Перад сутыкненнем расійскія знішчальнікі праляцелі перад БПЛА «правакацыйна і неасцярожна».

«Наш беспілотнік MQ-9 выконваў звычайныя аперацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, калі быў перахоплены і збіты расійскім самалётам, што прывяло да катастрофы і поўнай гібелі MQ-9. На самай справе гэты небяспечны і непрафесійны акт расіян ледзь не прывёў да падзення абодвух самалётаў», — сказаў генерал ВПС ЗША Джэймс Хакер, камандуючы ВПС ЗША ў Еўропе і Афрыцы.

Ён таксама падкрэсліў, што авіяцыя ЗША і саюзнікаў будзе працягваць аперацыі ў міжнароднай паветранай прасторы, нягледзячы на такі інцыдэнт.

У амерыканскім камандаванні дадалі, што такія агрэсіўныя дзеянні расіян небяспечныя і могуць прывесці да пралікаў і ненаўмыснай эскалацыі.

Што такое беспілотнік MQ-9 Reaper?

mq_9_reaper.jpg

MQ-9 Reaper — гэта баявы дрон. БПЛА мае турбавінтавы рухавік, які дазваляе развіваць хуткасць больш за 400 кіламетраў за гадзіну. Максімальная працягласць палёту MQ-9 Reaper роўная 24 гадзінам.

Гэты баявы дрон таксама могуць выкарыстоўваць і для разведкі. Беспілотнік мае шэсць кропак падвескі. Можа несці да чатырох ракет класа «паветра-зямля», або да васьмі ў мадыфікацыі MQ-9A, або 4 ракеты «Хелфайр» і дзве бомбы «Mark 82» з лазерным навядзеннем.

Раней Польшча арандавала ў ЗША падобныя дроны для таго, каб праводзіць разведку на ўсходняй мяжы краіны.


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн праінфармаваны пра інцыдэнт з расійскім самалётам, які прывёў да катастрофы над Чорным морам беспілотнага лятальнага апарата MQ-9 Reaper. Пра гэта напісаў у твітары карэспандэнт «Daily Beast» Шэнан Ваўра. Журналіст спаслаўся на каардынатара Рады нацыянальнай бяспекі Белага Дома Джона Кірбі.

Кірбі заявіў, што расійскія самалёты нярэдка перахопліваюць амерыканскія беспілотныя апараты над Чорным морам, але гэты выпадак быў «неразумным».

ЗША маюць намер па дыпламатычных каналах выказаць Маскве занепакоенасць з нагоды перахопу беспілотніка над Чорным морам, цытуе заяву Белага дома ТАСС.

Самі расійскія ўлады, як і вайскоўцы РФ, сітуацыю пакуль не каментавалі.

Паводле ВВС, Украінскай рэдакцыі РБК