Нашто «мірная Беларусь» апошнімі гадамі купляла зброі ў два разы больш, чым раней?
Імпарт узбраенняў у Беларусь вырас на 55%. І амаль уся зброя — расійская. Але і еўрапейскія краіны таксама на палову больш сталі закупляць зброі. А аб'ём імпарту зброі ва Украіну — наогул трэці ў свеце

У дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследаванняў праблем міру (SIPRI) аб стане сусветнага рынку зброі гаворыцца, што ў 2018-2022 гадах імпарт узбраенняў у Беларусь вырас на 55%, а доля краіны ў сусветным імпарце павялічылася з 0.3 да 0.6%.
Амаль уся імпартная зброя ў Беларусь пастаўляецца з Расіі, толькі 0.1% імпарту прыпадае на Кітай.
Доля Беларусі ў сусветным экспарце ўзбраенняў за пяць гадоў скарацілася з 0.5 да 0.3%. Асноўнымі пакупнікамі ўзбраенняў з Беларусі з'яўляюцца Сербія (33%), В'етнам (25%) і Уганда (14%).
Беларусь — амаль як Еўропа
Адметна, што ў гэтым плане Беларусь ідзе ў еўрапейскім рэчышчы. Так, краіны Еўропы на фоне расійскай агрэсіі за апошнія пяць гадоў у паўтара раза павялічыла імпарт зброі, адзначае «Нямецкая хваля».
Расія па-ранейшаму застаецца другім у свеце прадаўцом узбраенняў, але з кожным годам усё больш прыкметна губляе пазіцыі.
У штогадовым дакладзе Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI) адзначаецца, што за апошнія пяць гадоў еўрапейскія краіны павялічылі імпарт зброі на 47 працэнтаў. «Нягледзячы на тое, што пастаўкі зброі ў глабальным маштабе скараціліся, пастаўкі ў Еўропу рэзка ўзраслі з-за напружанасці ў адносінах паміж Расіяй і большасцю іншых еўрапейскіх дзяржаў», — апісвае трэнд старшы навуковы супрацоўнік SIPRI Пітэр Веземан. Ён адзначае, што пасля расійскага ўварвання ва Украіну краіны Еўропы плануюць нарасціць імпарт зброі яшчэ мацней. Расія ж на фоне вайны паступова пачынае губляць свае пазіцыі на сусветным рынку ўзбраенняў.

Аб'ём імпарту зброі ва Украіну — трэці ў свеце
У 2022 годзе Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце па аб'ёме імпарту ўзбраенняў пасля Катара і Індыі. У суме за пяць гадоў з 2018 года Украіна заняла па гэтым паказчыку 14-е месца з доляй сусветнага імпарту ў два працэнты. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі Кіева сталі ЗША (34%), Польшча (17%) і Германія (11%).
Пры гэтым амерыканскі экспарт ва Украіну, які рэзка вырас пасля ўварвання, усё роўна саступае па аб'ёме паставак з ЗША ў Кувейт, Саудаўскую Аравію, Катар і Японію. Прычына, піша SIPRI, у тым, што гэтым краінам ЗША перадаюць больш перадавое і дарагое ўзбраенне, у тым ліку баявыя самалёты і сістэмы СПА. Ва Украіну ж у асноўным паступала больш старое ўзбраенне, у тым ліку са складоў Пентагона.
