Неасцярожна было з боку беларускіх улад звязаць свой лёс з такім хаўруснікам — але хто ж думаў!

У лютым 2022-га ніхто не чакаў, што ў пачатку наступнага вайна будзе не толькі ва Украіне, а партызанская вайна будзе ўжо ў Расіі, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

horad__kz_scjah_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo__2_.jpg

У саюзніка ўчора было зноў неспакойна. СПА Белгародскай вобласці звыкла збівала недружалюбныя беспілотнікі. У Растове-на-Доне так трапна загарэліся гаруча-змазачныя матэрыялы, што разам з імі загарэўся будынак мясцовай ФСБ. А ў Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцях лавілі пяць узброеных дыверсантаў на пікапе.

З дыверсантамі, праўда, атрымалася няёмка. Аказалася, што дыверсантаў як такіх наогул і не было. Папросту хтосьці кагосьці пакрыўдзіў на дарозе, а пакрыўджаны адпомсціў: паведаміў куды трэба, што ў машыне крыўдзіцеля едуць узброеныя людзі. Мілы атрымаўся жарт. Што характэрна — усе паверылі. У Курскай вобласці нават абвясцілі план «Перахоп».

Гэта значыць, калі ў іншы раз варожа настроеныя ўзброеныя людзі на пікапе будуць сапраўднымі, то ніхто і не здзівіцца. На трыста восемдзесят шосты дзень вайны расійскі наступ ва Украіне дасягнуў такіх поспехаў, што расійскія ўлады на месцах маральна гатовы да з'яўлення варожых партызанскіх атрадаў у глыбіні расійскай тэрыторыі. (Арлоўская вобласць калі што, з Украінай нават не мяжуе).

Вось калі расійская спецыяльная аперацыя ва Украіне толькі пачыналася, розныя разумныя людзі з замежных разведак і вайсковых інстытутаў прагназавалі, што гэтая аперацыя прывядзе да маштабнай партызанскай вайны. Я падазраю, што гэтыя разумныя людзі мелі на ўвазе, вядома, што гэтая партызанская вайна будзе ва Украіне. І нават самыя разумныя з гэтых людзей не чакалі, што праз год вайна будзе не толькі ва Украіне, а партызанская вайна будзе ўжо ў Расіі.


Калі ў глыбокім тыле на аэрадромах выбухаюць стратэгічныя бамбавікі, глыбока ў тыле гараць склады і ўзгараюцца гаруча-змазачныя матэрыялы ў небяспечнай блізкасці ад ФСБ, гэта ўсё прыкметы партызанскай вайны. Нават без групы ўзброеных людзей на пікапе. Таму што ўзброеныя людзі — гэта ўжо наступная стадыя.

І гэта, вядома, вельмі неасцярожна з боку беларускіх улад — звязаць свой лёс з такім хаўруснікам, у якога ў тыле адбываюцца розныя сумнеўныя працэсы. Таму што калі гэты саюзнік не можа абараніць свой уласны тыл, то як ён будзе абараняць чужы? Хоць, калі звязваліся, думалі, што саюзнік у іх ого-го. Што ён — другая армія свету, ніяк не менш. А цяпер ужо так проста не адвязацца.