Карбалевіч: Чаму Лукашэнку не падабаецца беларуская моладзь?
Моладзь не ўпісваецца ў беларускую мадэль, якая прадугледжвае ўсеагульную занятасць за сціплы заробак пад пагрозай інакш залічаць у дармаеды, разважае на «Св*бодзе» гісторык, палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.
Палітычная інтуіцыя, прыроднае адчуванне падказваюць Лукашэнку, што моладзь — тое новае пакаленне, якое пратэставала супраць дыктатуры тры гады таму, — іншая, не падобная да ягонага электарату, з якім ён прывык працаваць цягам апошніх 30 гадоў. Моладзь — новае пакаленне — для яго малазразумелае. А таму выклікае недавер і падазрэнне.
Іншая сістэма камунікацыі, якой карыстаецца новае пакаленне, спарадзіла людзей з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця, іншай карцінай свету.
Ужо шмат разоў даводзілася пісаць, што Лукашэнку трэба ўважліва слухаць. У яго ёсць псіхалагічная асаблівасць уголас прагаворваць свае патаемныя (магчыма, падсвядомыя) думкі, якія палітыкі звычайна не выносяць на публіку.
Гэтым разам выхад індывідуальнага падсвядомага адбыўся падчас паездкі ў Ветку 28 красавіка. Там ён гаварыў шмат чаго. Як у старыя добрыя часы, інспектаваў сельгаспалеткі, даваў указанні, як трэба працаваць у полі і на фермах. Як належыць, аблаяў чыноўнікаў за безгаспадарлівасць, запатрабаваў цвёрдай дысцыпліны («надыходзіць жалезная дыктатура»).
Але самае цікавае прагучала, як часта здараецца, «на дэсерт».
Лукашэнка выказаў поўны недавер на адрас моладзі. І гэта ў пэўным сэнсе быў крык душы: «Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не жадаюць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну».
Тут адразу некалькі падсвядомых пластоў. Найперш, моладзь — паняцце адноснае. Хутчэй, тут Лукашэнка мае на ўвазе ўвогуле новае пакаленне, якое можна ўмоўна назваць «людзі 2020 году».
Палітычная інтуіцыя, прыроднае адчуванне падказваюць Лукашэнку, што моладзь, новае пакаленне, людзі, якія пратэставалі тры гады таму, — яны іншыя, не падобныя да таго электарату, з якім ён прывык працаваць цягам 30 гадоў. Яны для яго малазразумелыя.
Можна закатаць пратэст у асфальт, запоўніць турмы і калоніі палітзняволенымі, але гэта не дае ўпэўненасці, адчування спакою, бо ўсё аднаўляецца, рэгенэруецца.
Нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца, на тое, што ўсю сістэму адукацыі пераналадзілі, ператварылі ў вялізную ідэалагічную машыну дзеля забеспячэння палітычнай лаяльнасці, ён адчувае, што ўсё гэта дрэнна працуе. Усе гэтыя БРСМ, патрыятычныя клубы, палітынфармацыі, дзе апавядаюць пра фашысцкі генацыд, забарона на «экстрэмісцкія рэсурсы» — усё міма. На выхадзе вылазіць нейкая моладзевая субкультура, кшталту «Родан».
Глабальная праблема ў тым, што ў моладзі зусім іншая сістэма камунікацыі, якую нават Лукашэнка, які не карыстаецца інтэрнэтам, пачынае адчуваць («сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон»). З’яўленьне новых медыя, сацыяльных сетак, «смартфанізацыя» новага пакалення разбурылі старую сістэму сувязі рэжыму з грамадствам.
Іншая сістэма камунікацыі спарадзіла людзей з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця, іншай карцінай свету. Яна стымулявала канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сферы, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай і дамінуючай у краіне аўтарытарнай, іерархічнай кіроўнай вертыкаллю.
Яшчэ адзін папрок на адрас моладзі: «працаваць не жадаюць і не ўмеюць». Тут два моманты. Па-першае, у маладых людзей іншая сістэма запытаў і патрэбаў, яны не жадаюць працаваць за капейкі. Яны, прасцей кажучы, не ўпісваюцца ў беларускую мадэль, якая прадугледжвае ўсеагульную занятасць за сціплы заробак (інакш залічаць у дармаеды).
Па-другое, што гэта за праца — сядзець каля кампутара і пісаць нейкія праграмы? Сапраўдная праца — гэта касіць траву, калоць дровы, збіраць бульбу і кавуны, што Лукашэнка робіць на сваім сельгасучастку — і гэта паказваюць на ўсю краіну як узор. Яшчэ некалькі год таму ён наракаў, што ў школах не вучаць сельскагаспадарчай працы, дзеці «карову ад казы адрозніць не могуць».
Нарэшце, самая галоўная загана моладзі: «Яны не ўтрымаюць краіну». Адсюль непазбежная выснова: сталым людзям трэба заставацца пры ўладзе да самага канца. Не таму, што яны моцна любяць уладу і гатовыя трымацца за яе «пасінелымі пальцамі». Не, як вы маглі падумаць! А дзеля таго, каб, самі разумееце, «утрымаць краіну». Угадайце з трох разоў, пра каго гэта Лукашэнка кажа?