Карбалевіч: Лукашэнка велікадушна дорыць мір народу, якому застаецца толькі дзякаваць і кланяцца

Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на sn-plus.com аналізуе апошнія прамовы Лукашэнкі і робіць несуцяшальныя для яго высновы.

Моладзь — галоўны вораг цяперашняга рэжыму. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Моладзь — галоўны вораг цяперашняга рэжыму. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Нашаму народу ўжо столькі абяцана, а яму ўсё мала.

Мікалай Фаменка

На гэтым тыдні Лукашэнка наведаў практычна ўсе вобласці і, як у старыя добрыя часы, інспектаваў сельгасугоддзі, даваў указанні, як трэба працаваць у полі і на фермах. Як заведзена, аблаяў чыноўнікаў за безгаспадарчасць, запатрабаваў цвёрдай дысцыпліны («надыходзіць жалезная дыктатура»). Таксама правёў нарады з мясцовымі начальнікамі ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Успомніў і пра чарнобыльскую аварыю.

Але ўсё гэта руціна, абавязковы інгрэдыент. Самае галоўнае — мяняецца танальнасць яго выступу перад насельніцтвам. Лукашэнка заўважна спрабуе карэктаваць вобраз, рыторыку і пазіцыянаванне. І гэта адбываецца пад уздзеяннем масавых настрояў у Беларусі. Нават у дыктатарскіх рэжымах улада не можа зусім ігнараваць меркаванне людзей.

Больш за год Лукашэнка ўдаваў на правадыра ваюючай краіны. Ён разаграваў мілітарысцкую ліхаманку, палохаў народ пагрозай нападу з боку Захаду і Украіны, праводзіў бясконцыя нарады з сілавікамі, людзей пастаянна тузалі позвамі з ваенкамата, выклікалі на зборы, пагражалі узброіць увесь народ для барацьбы са знешнімі супастатамі. Гэта значыць шмат месяцаў беларусаў рыхтавалі да вайны.


Магчыма, Лукашэнка адчуў, што з вайсковай ліхаманкай і рыторыкай улады трохі перабралі. Людзі баяцца вайны. Мір — гэта базавая каштоўнасць для беларускага соцыуму, закладзеная ў культурным кодзе, нацыянальным архетыпе беларусаў. І запалохванне народа ваеннай пагрозай не ўмацоўвае давер да ўлады. Людзі хацелі б ад палітычнага кіраўніцтва не заклікаў рыхтавацца да вайны, а абяцанняў ці нават гарантый таго, што Беларусь не будзе ўцягнутая ў нейкую ваенную авантуру. Наўрад ці для Лукашэнкі з'яўляецца сакрэтам той факт, што абсалютная большасць насельніцтва выступае супраць размяшчэння ў краіне ядзернай зброі.

І Лукашэнка вырашыў змяніць пласцінку або, гаворачы сучаснай мовай, флэшку.

З заяў Лукашэнкі падчас паездкі ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці вынікае, што народ напалоханы («там людзі напружаныя ў Гомелі»), мілітарысцкая рыторыка негатыўна ўспрымаецца ў грамадстве, людзі хочуць міру:

«Людзі нарэшце сваім прыярытэтам зрабілі нармальнае жыццё, спакойнае, мірнае, і жыццё сваіх дзяцей. Гэты прыярытэт сёння я бачу на Гомельшчыне, ды й па ўсёй рэспубліцы... Людзі ўжо пачалі цаніць жыццё. Дайце толькі мір!»

Таму Лукашэнка вырашыў іх супакоіць. Паводле яго слоў, вайны не будзе, таму што, аказваецца, ніхто на Беларусь нападаць не збіраецца:

«Так, Гомельская вобласць і Брэсцкая сталі прыфрантавымі. Але гэта не значыць, што да нас хтосьці збіраецца з вайной ісці... Ніхто на нас нападаць не збіраецца. У тым ліку ўкраінцы. Ды і заходнікі».

Са жніўня 2020 года ён настойліва запэўніваў народ, што Захад разам з Украінай збіраюцца напасці на Беларусь, Польшча рыхтуецца захапіць заходнюю Беларусь. А цяпер аказваецца, што гэта не так, ён гаварыў няпраўду, проста палохаў людзей.

Таму народу трэба супакоіцца, не хвалявацца і не жыць напярэдадні вайны. І самае галоўнае, што павінны зразумець людзі: хто прынясе ім гэты мір? Адгадайце з трох разоў. Так, правільна, Лукашэнка аб'яўляе сябе гарантам міру:

«Я ваяваць не хачу... Вы не думайце, што я хачу разгарнуць тут нейкую вайну... Вы не хвалюйцеся. Я больш за вас не хачу ваяваць. У мяне таксама ёсць дзеці. І вы ўсе мае дзеці. Я не хачу, каб мне давялося вас пасылаць кудысьці на фронт... Таму супакойцеся, працуйце спакойна ... Будзе вам мір, не хвалюйцеся».

Такім чынам, Лукашэнка пераабуваецца ў паветры. З вобразу правадыра ваюючай краіны ён на хаду трансфармуецца, ператвараецца ў голуба міру. Лукашэнка велікадушна дорыць гэты мір народу, як чараўнік, як Дзед Мароз ёлку на Новы год. Прычым каштоўнасць гэтага падарунка асабліва важная ва ўмовах кровапралітнай вайны паміж суседзямі, у якую ўжо ўцягнутая ўся Еўропа. А народу застаецца толькі дзякаваць і кланяцца.

Але гэты літасцівы падарунак народу ў выглядзе міру не безумоўны, ён абумоўлены правільным паводзінамі гэтага самага народа. У выглядзе падзякі таму, хто прынёс гэты мір, насельніцтва павінна ўдарна працаваць. Інакш Лукашэнка перадумае і пашле ваяваць:

«Лепш ваяваць у полі, чым там... Павінна быць вось такая сістэма выпрацаваная, калі мы не хочам ваяваць так, як яны ваююць на поўдні... Лепш я з вас зараз запатрабую, чым заўтра дам вінтоўку і пашлю на фронт».


Гэта значыць пагроза паслаць на вайну — гэта яшчэ адна, новая дубінка, занесеная над насельніцтвам.

Яшчэ адна ўмова міру — гэта «адзінства людзей». У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае аб'яднанне вакол улады. А калі зусім проста, то ўсе павінны аддана любіць Лукашэнку.

І яшчэ адзін цікавы пасаж. Тут вонкі адвольна вырвалася нешта зусім падсвядомае, але прамоўленае, прагаворанае ўслых. Лукашэнка выказаў поўны недавер моладзі:

«Сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон — заўтра з неба ўсё зваліцца. Мы іх разбэсцілі да крайняй ступені. Ах, моладзь у нас добрая, добрая! Так, добрая. Але працаваць не хочуць і не ўмеюць. Яны не зробяць, яны не ўтрымаюць краіну».

Тут некалькі падсвядомых пластоў. Па-першае, палітычная інтуіцыя, прыродны нюх падказваюць Лукашэнку, што моладзь іншая, яна не падобная да таго электарату, з якім ён прывык працаваць цягам 30 гадоў. Нягледзячы на ўсе прынятыя меры, на тое, што ўсю сістэму адукацыі пераналадзілі, ператварылі ў велізарную ідэалагічную машыну па забеспячэнні палітычнай лаяльнасці, ён адчувае, што ўсё гэта дрэнна працуе. Бо ў моладзі зусім іншая сістэма камунікацыі («сядзяць, тыкаюць у гэты тэлефон»), а значыць непазбежна іншая карціна свету. У іх іншая сістэма запытаў, яны не хочуць працаваць за капейкі («працаваць не хочуць і не ўмеюць»), прасцей кажучы, не ўпісваюцца ў беларускую мадэль, якая прадугледжвае ўсеагульную занятасць за сціплы заробак, інакш залічаць у дармаеды.

А па-другое, і гэта самае галоўнае — «яны не ўтрымаюць краіну». Таму старому трэба заставацца ва ўладзе да самага канца, каб, самі разумееце, «утрымаць краіну». І ўсе ведаюць прозвішча гэтага старога.