Рэжым Пуціна — гэта рашызм: Вярхоўная Рада Украіны прызнала гэта афіцыйна
Вярхоўная Рада Украіны на заканадаўчым узроўні прызнала паноўны палітычны рэжым у Расіі «рашызмам» і асудзіла яго — як таталітарны і чалавеканенавісніцкі.
Адпаведны праект пастановы №9101 на пасяджэнні Вярхоўнай Рады ў аўторак падтрымаў 281 народны дэпутат, піша «Украінская праўда».
Пастанова прынята ў якасці заявы і гучыць так: «Заява Вярхоўнай Рады Украіны «Аб вызначэнні існуючага ў Расійскай Федэрацыі палітычнага рэжыму як рашызму і асуджэнні яго ідэалагічных асноў і грамадскіх практык як таталітарных і чалавеканенавісніцкіх».
Заява адрасавана Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскаму Парламенту, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Парламенцкай асамблеі НАТА, урадам і парламентам замежных дзяржаў з заклікам падтрымаць асуджэнне ідэалогіі, палітыкі і практыкі рашызму.
Ініцыятары пастановы лічаць, што яна «дазволіць вызначыць формы агрэсіі і будзе падахвочваць асуджэнне дзяржавамі свету палітыкі РФ, якая прыводзіць да здзяйснення ваенных злачынстваў і генацыду ўкраінскага народа».
Таксама заява павінна дапамагчы сфарміраваць адзіны падыход міжнародных інстытутаў да вызначэння расійскай палітыкі.
Даслоўна ў тлумачальнай запісцы да заявы напісана: «Абгрунтаванне неабходнасці прыняцця пастановы: жорсткая, несправакаваная вайна Расійскай Федэрацыі супраць Украіны раскрыла ўсяму свету рэальную сутнасць палітычнага рэжыму У. Пуціна, як неаімперскай, таталітарнай дыктатуры, якая атрымлівае ў спадчыну горшыя практыкі мінулага і ўвасабляе ідэі фашызму і нацыянал-сацыялізму ў сучаснай версіі расійскага фашызму (рашызму)».
Першым слова «рашызм» ужыў, як вядома, лідар Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Дудаеў. Пад гэтымі тэрмінамі Дудаеў разумеў чалавеканенавісніцкую і вялікадзяржаўную ідэалогію «выпаленай зямлі», калі знішчаецца ўсё нярускае. Такім чынам, тэрыторыя павольна чысціцца ад «малых» народаў і іх нацыянальнай унікальнасці, ідэнтычнасці.
Нагадаем, як пісаў НЧ, на тэму рашызму нядаўна выказаўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён адзначыў, што слова «рашызм» ніхто не прыдумляў, але яго паўтараюць і ва Украіне, і ў Еўропе.
«Рашызм — гэта паняцце, якое будзе ў гістарычных кніжках, будзе ва ўмоўных вікіпедыях, застанецца на ўроках. І за партамі маленькія дзеці ва ўсім свеце будуць уставаць і адказваць настаўнікам, калі гэты «рашызм» пачаўся, на якой зямлі і хто дапамог у барацьбе за свабоду супраць менавіта гэтага страшнага паняцця», — заявіў Зяленскі 23 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.