Віталь Цыганкоў: Быць антырашыстам — маральная норма

Памятаю, як у канцы 80-х я тлумачыў савецкім людзям, што ў слове «антыкамуніст» няма нічога кепскага. Што «антыкамуністы» — гэта абсалютна пераважная большасьць людзей на плянэце. Усе тыя, хто супраць экспрапрыяцыі ўласнасьці, супраць ГУЛАГаў, супраць дыктатуры пралетарыяту, супраць «выбараў» бяз выбару, піша журналіст Віталь Цыганкоў у сваім блёгу.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

«Вы хочаце, каб у вас забралі ўсю маёмасьць, каб не было грошай, прыватнай уласнасьці, каб ежу выдавалі па картках?» — пытаўся я суразмоўцаў. «Калі не — дык значыць, і вы антыкамуніст».
Я б назваў гэта «мэтад кубачка кавы». Калі вы спакойна п'яце каву, і разважаеце пра нейкія рэчы абстрактна, нібыта ў вакуўме, без уліку цяперашняй часовай рэальнасьці. А рэальнасьць была такая — існаваў СССР, у якім было 20 мільёнаў камуністаў. Але як толькі большасьць людзей стала думаць, што камунізм — гэта ненармальна, дык ён і зьнік.
Тое самае сёньня, быць «антырашыстам» — гэта абсалютная маральная, фактычна адзіна магчымая, норма. Гэта азначае, што ты супраць забойства мірных людзей, супраць вайны, супраць заваёваў, супраць дзікай хлусьні й замбаваньня, супраць беззаконьня і несправядлівасьці. Рэальнасьць ствараецца выключна ідэямі і перакананьнямі людзей, яна не бывае сама па сабе.
Як толькі большасьць людзей у самой Расеі і за яе межамі вырашыць, што гэтая сыстэма ненармальная і ня мае права на існаваньне — яна зьнікне. І ніякае ФСБ і ядзерная зброя нічым гэтаму не перашкодзяць.