«Вораг народа». У Расіі сенатар адрокся ад дачкі, бо яна не падтрымала вайну

Сенатар ад Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі назваў ад'езд дачкі з Расіі і яе інтэрв'ю з крытыкай вайны «здрадай радзіме». Ён заявіў, што не выхоўваў дачку з трох гадоў.

Сенатар ад Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Эдуард Ісакаў адрокся ад сваёй дачкі Дзіяны пасля яе інтэрв'ю аб ад'ездзе з Расіі і выступленняў супраць вайны ва Украіне. 49-гадовы сенатар напісаў у telegram, што спыніў зносіны з дачкой, бо мяркуе, што яна «прадала свайго бацьку, сям'ю, радзіму і пакінула Расію». Сенатар назваў дачку «здраднікам».

«Яна выказвае сваю пазіцыю супраць правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі, супраць палітыкі сваёй краіны. Мабыць, яна атрымала грашовыя сродкі ад гэтых сродкаў масавай інфармацыі, іншымі словамі — прадала свайго бацьку, сям'ю, радзіму і пакінула Расію. Складана падабраць словы, калі твая дачка аказваецца здраднікам... З таго моманту, як я даведаўся, што ў яе антырасійская пазіцыя, мы не маем зносін. Я яе не забяспечваю, не прадастаўляю жыллё», — напісаў ён.

Парламентарый таксама падкрэсліў, што не выхоўвае дачку, якой цяпер 25 гадоў, з трох гадоў.

У красавіку Дзіяна Ісакава ўдзельнічала ў акцыі супраць расійскіх дзеянняў ва Украіне, працягнуў яе бацька. Калі ён пра гэта даведаўся, то спрабаваў растлумачыць ёй неабходнасць правядзення ваеннай аперацыі, «прапаноўваў наведаць месцы баявой славы савецкага народа, пачытаць пра гісторыю сваёй краіны», а таксама паехаць у Данбас валанцёрам.

756609314860470.jpg

Дачка сенатара распавяла ў інтэрв'ю Бі-бі-сі, што з'ехала з Расіі з-за сваёй пазіцыі адносна ваенных дзеянняў ва Украіне. Са слоў дзяўчыны, у сакавіку яна ўдзельнічала ў мітынгу ў Сочы, а ў красавіку распаўсюдзіла антываенныя ўлёткі, за што яе затрымалі «людзі ў цывільным» і даставілі на допыт у паліцыю, а потым выклікалі ў ФСБ.

Дзіяна распавяла, што ў яе былі канфлікты з бацькам, у тым ліку з-за яе палітычных поглядаў. Пасля таго як яна распаўсюдзіла ўлёткі, Ісакаў, па яе словах, «спрабаваў выставіць» яе «вінаватай, здрадніцай», называў «ворагам сям'і» і «ворагам народа», а таксама запатрабаваў, каб яна з'ехала з яго дома ў Сочы, дзе жыла апошнія пяць гадоў.

Са слоў Ісакавай, да бацькі інфармацыя аб затрыманні дачкі дайшла ўвечары пасля допыту ў ФСБ. «Я даведалася, што ён не проста даведаўся, а яму патэлефанавала неверагодная колькасць чыноўнікаў, і ў выніку [старшыня Савета Федэрацыі Валянціна] Мацвіенка яму распавядала пра гэта», — сказала дзяўчына.

Дзеянні сенатара пракаментаваў дэпутат Дзярждумы і адыёзны прапагандыст Яўген Папоў. «Адмаўляцца ад дзяцей — апошняя справа. Якімі б яны ні былі», — напісаў ён у telegram.

Ісакаў з 2015 года прадстаўляе ў Савеце Федэрацыі Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу, уваходзіць у рэгіянальную палітраду «Адзінай Расіі».

Паводле РБК.

 

Больш падрабязна на РБК:

https://www.rbc.ru/politics/19/08/2022/62ffbdb19a7947494d7d1c85