Інклюзіўны рашызм — сучасны рускі фашызм
Першым слова «рашызм» ужыў, як вядома, лідар Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Дудаеў. Хоць ён аддаваў большую перавагу тэрміну «русізм», які лічыў сінонімам да першага.
Пад гэтымі тэрмінамі Дудаеў разумеў чалавеканенавісніцкую і вялікадзяржаўную ідэалогію «выпаленай зямлі», калі знішчаецца ўсё нярускае. Такім чынам, тэрыторыя павольна чысціцца ад «малых» народаў і іх нацыянальнай унікальнасці, ідэнтычнасці.
Хутчэй за ўсё многія заўважылі, як шмат этнічна нярускіх жаўнераў ваюе на баку РФ у вайне з Украінай. Гэта стварае ілюзію, быццам няма прыніжэння нацыянальных меншасцяў, быццам сапраўды «брацкія» народы ў адзіным парыве з запалам ажыццяўляюць жаданне свайго лідара. Але ўсё не так проста. У Расіі стварылі такую ідэалогію, якая, у адрозненне ад гітлерызму, гатовая ў шэрагі «арыйцаў» пушчаць усіх, хто скажа, што ён рускі, што ён захапляецца «вялікай рускай культурай», што ён ненавідзіць «загніваючы Захад» і г.д. Этнічныя, генетычныя і іншыя прыналежнасці не маюць значэння.
Можна быць «сапраўдным арыйцам» (чытай: «сапраўдным рускім»), жывучы ў ЗША, Брытаніі, Беларусі і дзе заўгодна. Ідэя такой ідэалогіі заключаецца, прабачце за таўталогію, у бязмежнай бязмежнасці, прычым ва ўсім, і, як адказаў аднойчы сам Уладзімір Пуцін на пытанне аб межах РФ: «Расія нідзе не заканчваецца». Зыходзячы з вышэйсказанага будзе правільным сучасную ідэалогію Расіі называць не проста рашызмам, а інклюзіўным рашызмам. Інклюзіўны — усёабдымны, усёўключальны.
Як любая форма фашызму, інклюзіўны рашызм мае падмурак расізму. Але тут расізм разглядаецца ў больш шырокім сэнсе, і ў нашым выпадку ён месціцца ў рамкі класічнага вызначэння шавінізму. У расісцкай супольнасці ахвяр расізму заўсёды называюць больш прыніжальна і адпаведна ставяцца. Расіст не назаве афраамерыканца цемнаскурым, а знойдзе больш крыўднае слова, як нацысты, да прыкладу, называлі габрэяў «грызунамі». У супольнасці рускіх гэта выяўляецца ў такой прыніжальнай тэрміналогіі, як «хахол», «бульбаш», «лабус», «чурка» і т. п. Такім чынам, як нацысту складана назваць габрэя габрэем, так і носьбіту рашызму складана назваць украінца – украінцам, яму зручней назваць яго «хахлом», «укропам».
Ідзе гэта не з верхавіны расійскай улады, а як раз знізу, з «глыбіннага народа». Але выкарыстоўваецца расісцкая тэрміналогія ў дачыненні да суседніх народаў і ў шэрагах так званай «рускай інтэлігенцыі», так як узровень адукацыі не перашкаджае расчалавечваць чалавека, што паказаў яшчэ гітлерызм.
Такім чынам, у вузкім сэнсе пад інклюзіўным рашызмам можна разумець звычайную форму фашызму. У разгорнутым сэнсе — гэта расісцкая ідэалогія, якая ставіць на першае месца нейкую супольнасць людзей, што называюць адзін аднаго «рускімі», якая мае права вырашаць лёсы іншых народаў і нацый па прычыне сваёй богаабранасці, а таксама бязмежнасці ў ідэалагічным, інфармацыйным, духоўным плане.