Адзінота рускамоўных

Вайна ва Украіне і фашызацыя афіцыйнай Расіі з ейным канцэптам «рускі свет» зноў паставіла рубам моўнае пытанне ў Беларусі і прымусіла кожнага і кожную з нас выбраць пэўны бок. Як ніколі рускамоўныя беларусы аказаліся ўразлівай, слабой, а да ўсяго адзінотнай групай.

drazdovich001__1_.jpg


Так, нібыта ў дэмаграфічнай бальшыні звычайна, яны раптам сталіся сімвалічнай меншынёй. Ранейшыя звычкі і адгаворкі кшталту «так зручней», «я дрэнна ўмею па-беларуску», «складана перайсці на беларускую», «няма дзе і з кім практыкаваць» гучаць цяпер недалуга. Пад цяжарам расійскай прапаганды і вайны ва Украіне рускамоўныя ў свеце, у Беларусі ў прыватнасці, малююцца, як патэнцыйна тыя, на каго пуцінскі рэжым абапіраецца і пры неабходнасці прыйдзе «вызваляць». А таму вялікая частка рускамоўных Беларусі аказаліся ў тоеснасных пошуках, у сітуацыі, якая вымагае рэвізіі сваіх моўных поглядаў і практыкаў.
Так, многія цяпер спрабуюць перайсці на беларускую мову, забытую толькі таму, што беларускія ўлады за амаль 30 год нічога не зрабілі, каб падтрымаць ейнае развіццё пасля стагоддзя русіфікацыі. Некаторыя ж маўчаць ці стараюцца менш размаўляць па-руску, прынамсі публічна і ў некаторых краінах асабліва, бо ім сорамна, што цяпер гэта зноў мова акупантаў. А ёсць тыя, хто працягваюць размаўляць па-руску, выступаючы супраць усякай палітызацыі пытання. Як бы сабе ні паводзілі і ні тлумачылі адбывалае рускамоўныя Беларусі, ці не ўсе яны цяпер сутыкаюцца з пэўным страхам, адзінотай і безупыннай думкай аб сваёй нацыянальнай, моўнай, грамадзянскай тоеснасці.
Такім парадкам, расійскае ўварванне ва Украіну зрабіла пункцірную лінію моўнага разлому Беларусі тлустай і вызначальнай: актуалізавалася замарожанае Лукашэнкам пытанне будучыні, у тым ліку беларускай мовы. Бо якраз расійская агрэсія супраць Украіны нагадала нам рэальныя прычыны расійскага паходжання заняпаду беларускай мовы і патэнцыйна падобную ж агрэсію, калі б мова развівалася і квітнела ў нас. Ці маргінальны стан беларускай мовы і «рускамоўнасць» беларусаў адбаранілі нас ад расійскай ваеннай агрэсіі? Не, бо саюзная дзяржава здаўна агрэсавала і акупавала нас эканамічна, фінансава, палітычна і культурна-інфармацыйна. І большасць беларусаў, асабліва рускамоўных, гэтага нават не заўважылі, бо праз свае моўныя звычкі, інерцыю, залежнасць ад рускамоўнай інфармацыі і прадукцыі нават спрычыніліся і ў некаторай ступені падтрымалі культурны напад на радзіму і катастрафічнае паслабленне беларускай мовы цягам апошніх дзесяцігоддзяў.
Цяпер жа ва ўмовах вайны і знешніх пагрозаў Масквы ўсяму свету многія рускамоўныя свядомыя беларусы асэнсавалі праблему і рызыку для цэласнасці беларускай супольнасці і дзяржавы. Пераход на беларускую мову падаецца многім, як мажлівы ці нават аптымальны варыянт. Аднак з'ява моўных практыкаў і іх змена, пераход на беларускую мову — справа складаная, хоць цалкам і мажлівая, аднак вымагае прынцыповасці і дзяржаўнай падтрымкі. Ва ўмовах цяперашняй моўнай прарасійскай дзяржаўнай палітыкі ў беларусаў застаецца хіба асабістая прынцыповасць і партызанская беларусізацыя.
З самага пачатку вайны я назіраю за процьмай рускамоўных беларусаў — знаёмымі і проста сустрэлымі на шматлікіх імпрэзах, а таксама ў сеціве, і канстатую іх адзіноту, хапатлівыя пошукі новай культурна-моўнай мадэлі. «Вялікая расійская культура і літаратура» больш не працуе і не дапамагае ім, яна больш не мае сэнсу ў самой Расіі, калі большасць расейцаў падтрымліваюць вайну. А таму ўсё, чаму нас вучылі русіцы, паляцела кулямі на мірную Украіну.
Мусіць, паводле фантазійнага і хваравітага плану Пуціна і прыхільнікаў «рускага свету», усе рускамоўныя свету павінны былі адчуць эйфарыю ад вайны і хутка ўз'яднання ўсіх рускамоўных, але так не сталася. І рускамоўныя, і ўкраінамоўныя ўкраінцы, на якіх абрынуліся ракеты і кулі «вызваляльнікаў», у роўнай ступені зведалі жуду і агіду да такога моўнага братэрства. У жаху і раптам у адзіноце ад гэтага і многія рускамоўныя беларусы.  
І калі невядома, што рабіць з адзінотай і траўмай рускамоўных у Расіі, то, падаецца, у рускамоўных беларусаў ёсць і заўсёды было выйсце з адзіноты, а яшчэ страху і ізаляцыі: вярнуцца да забытай роднай беларускай мовы. У іншых рускамоўных такой мажлівасці проста няма.