Сяргей Навумчык: Пуціну трэба «суцяшальны прыз» — і такім стала Беларусь

Ці сапраўды ўся сітуацыя вакол Украіны была разыграная, каб захапіць Беларусь, як пра гэта казаў Пазьняк? Ці проста так склаліся абставіны? Але цяпер у рэальнасці — Беларусь ужо ў руках Пуціна, лічыць Сяргей Навумчык.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg

Беларусам няма падстаў заўчасна радавацца, нібы Пуцін прайграў у супрацьстаянні з Захадам. Пра гэта разважае ў сваім тэлеграме экс-дэпутат Вярхоўнага савета і журналіст Сяргей Навумчык.

— Чаму не магу далучыцца да радасных ацэнак у сувязі з заявай пра адвод расійскіх войскаў і да сцвярджэнняў, што Пуцін моцна прайграў?

Не толькі таму, што казаць пра пагрозы знікненне нападу на Украіну зарана.

Пуціну трэба «суцяшальны прыз», і такім можа быць (фактычна, ужо ёсць) Беларусь.

Мы наўрад ці хутка даведаемся, ці сапраўды, як пра гэта казаў Пазьняк, уся сітуацыя вакол Украіны была разыграная, каб захапіць Беларусь, ці гэта атрымалася ў выніку сукупнасці падзеяў, а галоўнай мэтай была Украіна — ды гэтым разам Захад паказаў кулак.


Але ў рэальнасці — Беларусь ужо ў руках Пуціна, бо Крэмль ажыццяўляе поўны вайсковы кантроль над яе тэрыторыяй. Я маю на ўвазе нават не прысутнасць расійскіх войскаў, а гатоўнасць Лукашэнкі імгненна выканаць якую заўгодна просьбу (калі не выкарыстоўваць слова «загад») Пуціна, а кіраўніцтва Мінабароны РБ — указанне расійскага генштабу.

У такой сітуацыі, натуральна, Пуціну нават няма патрэба ісці на поўную анексію — Беларусь застанецца фармальна суверэннай, але вайсковы кантроль над тэрыторыяй будзе страчаны. Ужо страчаны.

Між іншым, не бачу прычынаў, чаму Пуціну пасля гэтага мяняць Лукашэнку — ратацыі заўсёды нясуць патэнцыйную пагрозу дэстабілізацыі. А пра стабільнасць страху, які ў выніку тэрору ўсталяваны ў Беларусі (увядзенне расійскіх войскаў не сустрэла ніводнай публічнай масавай акцыі, хаця б адзіночнага пікету) — можа марыць любы акупант.