«Фінансавы інструмент можа стаць рычагом ціску з мэтай кантраляванага транзіту не пасля 2025, а ў агляднай будучыні»

Беларуская ўлада ўжо далёка не ў першы раз паказвае цуды паслядоўнасці і вынаходлівасці ў знешняй палітыцы, піша ў сваім тэлеграм-канале аналітык Пётр Кузняцоў.

wide_4_3_f0e746b3d3bfcbe926281864a610d946.jpg


Чаканага ўварвання ва Украіну не адбылося. Захад кажа, што расслабляцца рана. Аднак з Мінска загучалі ўжо цалкам мірныя галасы — віншаванне народу Літвы з незалежнасцю (незалежнасцю ад СССР, нагадаю, то бок, ад Расіі), першая чорт ведае за які час вялікая прэс-канферэнцыя МЗС, заклікі Макея да дыялогу і скаргі на тое, што ні драбнюткай кропкі судакранання з краінамі Захаду няма, запэўніванні, што ніводнага расійскага жаўнера на беларускай тэрыторыі не застанецца.

Агульны фон добра дапаўняецца з заявамі расійскага боку, вуснамі Сілуанава, што запытанага крэдыту на $3,5 млрд Мінску не дадуць. Разгледзяць толькі магчымасць рэфінансавання ўжо бягучага доўгу ў памеры прыкладна з мільярдзік. Гэта значыць, новых грошай не прадбачыцца.

Сітуацыя ў прынцыпе чытаецца — працягваецца чарада непрацоўных ставак. Вось толькі, чым далей, тым груз папярэдніх памылак усё цяжэй, і гуляць становіцца ўсё складаней.

Стаўка на міграцыйны крызіс з тым, каб прымусіць Захад да дыялогу, не спрацавала раней, затое прывяла да ўвядзення цалкам рэальных і адчувальных санкцый. Прыйшлося павышаць узровень і выступіць у ролі патэнцыйнай пляцоўкі для патэнцыйнай жа агрэсіі. Тут, па ўсёй бачнасці, разлік быў адразу падвойны: можна ж і Пуціну лаяльнасць прадэманстраваць (усё ж лёс крэдыту якраз быў у падвешаным стане), і Захаду намякнуць: «Мы, маўляў, можам так, а бо можам і па-іншаму».

Мяркуючы па ўсім, і такі дуплет прыйшоўся татальна міма. Захад (у асобе Макрона) і Масква абмеркавалі вайсковую суб’ектнасць (на прыкладзе пытання аб размяшчэнні ракет) Мінска цалкам сабе без ягонага ўдзелу. У NATO Беларусь цяпер канчаткова разглядаюць як прамога расійскага вайсковага сатэліта. Тых самых «кропак судакранання» неяк зусім не дадалося.

З Расіяй удвая крыўдна. Накшталт, былі гатовыя паміраць за Данбас, а тут…

Між іншым, адна маленькая дэталь. Можна колькі заўгодна шмат і доўга разважаць, чаго дамаглася або дамагаецца Масква стварэннем напружанасці з Украінай і якая можа быць мэта прамой агрэсіі, калі такая ў прынцыпе магчымая. З украінскім кірункам у геапалітычнай гульні Масквы ўсё няпроста, а вось з беларускім пасля гэтых «вучэнняў» поспех проста ў наяўнасці. Бо, калі інструментам расійскай палітыкі з'яўляецца шантаж, то ў апошнія месяцы Захаду было вельмі добра прадэманстравана, што ніякага «буфера», якім раней было прынята лічыць Беларусь паміж расійскай і натаўскай мяжой, у прынцыпе, не існуе. Прытым, гэта адсутнасць «буфера» — яна аднабаковая, бо калі NATO захоча рушыць на Усход, то «буфер» нібыта ёсць. А вось калі Расія на Захад — то ўжо і няма.

Гэты нязначны штрых добра дапаўняе карціну агульнай сітуацыі на бягучы момант. З пункту гледжання прычын і матываў для дыялогу, каштоўнасць Мінска для Захаду сёння, у кантэксце ўсяго таго, што адбылося – нуль, а ўсе сённяшнія намёкі Макея з верагоднасцю ў 100% пачутыя не будуць.

У сувязі з чым асаблівую цікаўнасць выклікае жэст Крамля, які адмовіў у жыццёва неабходным крэдыце. Гэта можа быць банальнае «і так нікуды не падзенецеся», аднак тады ўзнікае лагічнае пытанне: «А што далей?» Цалкам замарожваць падтрымку і даводзіць сітуацыю да непрадказальнай у сувязі з пагрозай эканамічнага краху — такі сцэнар не падаецца вельмі ўжо выгадным для Масквы, паколькі яго зыход малапрадбачны.

З большай верагоднасцю можна дапусціць іншае. «Транзітны» рэферэндум застаецца на парадку дня і новая Канстытуцыя, таксама «транзітная», па ўсёй бачнасці, будзе прынятая. А фінансавы інструмент праз аказанне падтрымкі або яе адсутнасць можа стаць вельмі дзейсным рычагом для ціску з мэтай кантраляванага транзіту не пасля 2025 на працягу яшчэ двух тэрмінаў, а ў агляднай будучыні.

Як то і прапаноўваў Крэмль у жніўні-верасні 2020 года.

Зрэшты, гэта ўсяго толькі версія. Як бы там ні было, сітуацыя для беларускіх уладаў не выглядае вясёлкавай, а залішняя ваяўнічасць, як гэта звычайна і бывае, ні да чаго добрага не вядзе.