Прадстаўнік Ціханоўскай: Лукашэнка не можа знайсці патрэбныя для эканомікі грошы
Кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі пракаментаваў сітуацыю з рэфінансаваннем дзяржаўнай пазыкі Беларусі. Раней афіцыйны Мінск заяўляў, што для кампенсацыі заходніх санкцый трэба 3,5 млрд долараў. Масква ж гатовая дапамагчы толькі з $1 млрд, і тое ў выглядзе рэфінансавання доўгу.
Па словах Кавалеўскага, сітуацыя паказальная: Лукашэнка не здольны знайсці патрэбныя для вырашэння праблем у эканоміцы грошы нават у бліжэйшага саюзніка, нават на нявыгадных умовах, адзначае Еўрарадыё.
«Лукашэнка не ў стане вырашыць усе праблемы, якія стаяць перад нашай краінай», — робіць выснову прадстаўнік Ціханоўскай.
«Сёння рэжым атрымаў адмову ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на атрыманне 3,5 мільярда долараў, — заявіла сама Святлана Ціханоўская. — Я хачу нагадаць, што такую ж суму Еўрасаюз выдзеліць нашай краіне па Плане ЕС для дэмакратычнай Беларусі». І дадае, што сродкі пойдуць на «стабілізацыю эканомікі і ўмацаванне інфраструктуры, а не на рэпрэсіўны апарат».
«Беларусам патрэбныя не турмы і штрафы, а нармальныя кошты ў крамах, даступныя лекі і рэгулярная праца транспарту», — падкрэслівае Ціханоўская.