«Яны заўсёды перамяшчалі сілы туды і назад»: NATO не бачыць дээскалацыі з боку Расіі

NATO не бачыць прыкмет дээскалацыі сітуацыі вакол Украіны з боку Расіі. Пра гэта сёння заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг перад пачаткам сустрэчы міністраў абароны краін NATO. На працягу двух дзён яны будуць абмяркоўваць пытанні бяспекі.

stoltenberg_nato.jpg


«Мы пачулі сігналы з Масквы аб гатоўнасці працягваць дыпламатычныя намаганні. Але пакуль ніякай дээскалацыі на месцах мы не назіраем. Наадварот, ствараецца ўражанне, што Расія працягвае нарошчванне ваеннай моцы. І ніякага адказу на наш пісьмовы дакумент, нашы пісьмовыя прапановы, якія мы накіравалі ў Расію 26 студзеня, мы не атрымалі», — цытуе Столтэнберга REFORM.by.

Ён адзначыў, што ў NATO працягваюць сачыць за дзеяннямі Расіі. Заявы расійскага боку аб вяртанні частак Паўднёвага і Заходняга акругаў у месцы пастаяннай дыслакацыі не выглядаюць пераканаўчымі.

«Калі яны сапраўды пачнуць адводзіць сілы, мы гэта будзем толькі вітаць. Але гэта яшчэ трэба высветліць. Яны заўсёды перамяшчалі сілы туды і назад. Так што толькі тое, што мы бачым рух сіл, гэта значыць танкаў, не пацвярджае факт адыходу», — сказаў ён.

Столтэнбэрг растлумачыў, што колькасць расійскіх груповак заўсёды змянялася, павялічвалася і скарачалася, але тэндэнцыя апошніх тыдняў і месяцаў нарошчвання вайсковай моцы захоўваецца. Паводле яго слоў, NATO працягне даносіць да Масквы выразны сігнал аб гатоўнасці абмяркоўваць пэўныя пытанні. Ён пацвердзіў яшчэ раз пагрозу: калі РФ уварвецца ва Украіну, то заплаціць высокую цану.

«Мы працягнем выкрываць планы і дзеянні Расіі, каб ёй было складаней весці агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны. Але мы вельмі спадзяемся, што Расія пойдзе на змястоўны дыялог і абярэ дыпламатыю замест канфрантацыі», — дадаў ён.

Столтэнберг таксама паведаміў, што саміт будзе прадугледжваць і сустрэчу з партнёрамі з Украіны і Грузіі. Таксама будуць праведзены сесіі са Швецыяй, Фінляндыяй і Еўрасаюзам. Адбудзецца нарада Групы ядзернага планавання NATO. Генеральны сакратар арганізацыі таксама падкрэсліў, што рашэнне аб уступленні або неўступленні Украіны ў NATO будуць прымаць члены альянсу і Кіеў.

«Расія не вырашае, хто будзе чальцом NATO, а хто не. І гэта пытанне прынцыпу, аб якім усе саюзнікі выразна заяўлялі зноў і зноў. І гаворка ідзе пра павагу правы кожнай нацыі ў Еўропе выбіраць уласны шлях, ці хочуць яны належаць да такой арганізацыі, як NATO, ці яны не хочуць належаць да NATO. Фінляндыя і Швецыя, блізкія партнёры NATO, не падаюць заяўкі на сяброўства, але яны таксама вельмі выразна заявілі, што, вядома, NATO не можа падпісаць юрыдычна абавязваючае пагадненне з Расіяй, дзе мы кажам, што далейшага пашырэння NATO не будзе», — сказаў ён.