Хронікі рэпрэсій. Велізарны прысуд медыку, хапун на мяжы

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 22 чэрвеня.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынесены прысуд па крымінальнай справе 24-гадовага палітзняволенага медыка Артура Хлуса, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Справу першапачаткова разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль, затым, пасля працяглага перапынку была прызначаная іншая суддзя — Маргарыта Ланцэвіч.

Артур да свайго затрымання працаваў фельчарам гродзенскай брыгады хуткай дапамогі і з’яўляўся студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Хлопец вучыўся ў Слонімскім медыцынскім каледжы, скончыў з чырвоным дыпломам і па заканчэнні быў размеркаваны ў Гродна.

У судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся суд над спецыялісткай па падбору персаналу адной са сталічных кампаній Веранікай Сідарэнка. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Вераніка прымала ўдзел у неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве восенню 2020 года ў Мінску. Дзяўчыну, якая трымала у руках плакат бел-чырвона-белага колеру з надпісамі, ідэнтыфікавалі па фота на адным з сайтаў.

Яна прызнаная вінаватай і асуджаная да абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў («хатняя хімія»).

У судзе Добрушскага раёна асудзілі Галымжана Бакірава паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Святлана Лук’янава прызначыла Галымжану адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пасяджэнне мела выязны характар і праходзіла ў памяшканні камунальнага ўнітарнага прадпрыемства Добруша.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у адным з тэлеграм-чатаў пакідаў паведамленні з заклікамі ўдзельнічаць у пратэсных акцыях, а таксама дасылаў у чат «розныя навіны і інфармацыю дэструктыўнай накіраванасці». На судзе ён паведаміў, што двойчы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.

У Мінску затрыманы пілот Дзмітрый Маткоўскі. Дзмітрый — вядомы пілот, са стажам працы больш за 14 гадоў. Пра мужчыну неаднаразова пісалі беларускія СМІ, а напрыканцы 2022-га году Дзмітрый стаў героем вялікай праграмы «Беларусы» на «Беларусь-24». Падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.

У Мастах затрыманы мясцовы жыхар Іван Падліпенцаў. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за «нядобразычлівыя каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram». Па версіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога».

У ноч на 22 чэрвеня па вяртанні з Польшчы ў Беларусь пасля праверкі тэлефонаў былі затрыманыя некалькі чалавек. Іх знялі з аўтобуса — далейшыя іх лёсы невядомыя.

20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» беларуска-літоўскай мяжы была затрыманая жанчына — яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Яе далейшы лёс невядомы.

23 чэрвеня ў Мінгарсудзе разгледзяць апеляцыйную скаргу экс-кандыдата ў прэзідэнты палітвязня Андрэя Дзмітрыева.

Дзмітрыеў — сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання "Говори правду". Цягам 2021 году ў аб'яднанні прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакавалі. 12 жніўня 2021 году Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі. Перад гэтым кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрыеў заяўляў, што на яго адрас паступаюць шматлікія пагрозы.

Палітыка абвінавацілі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Суд Маскоўскага раёна Мінска 6 красавіка прызнаў Андрэя вінаватым і асудзіў яго да 2 гадоў калоніі.

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. У лістападзе яму прысудзілі 5 гадоў калоніі. Паколькі раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, канчаткова яму прызначылі 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 3.

Родныя палітвязня нядаўна атрымалі ліст ад яго. Ён паведаміў, што амаль 2 месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў мінімум 110 сутак у штрыфным ізалятары.

Цяпер стала вядома, што ў Віцебску 27 чэрвеня адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму. Рашэнне будзе прымаць суддзя Наталля Траццякова.

Палітвязня Уладзіміра Булаўскага этапавалі ў бабруйскую калонію. У судзе Першамайскага раёна Віцебска 26 траўня менеджара і музыку асудзілі на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 КК (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Справу разглядаў суддзя Міхаіл Юрчанка.

На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове. Палітвязню блакуюць ліставанне і ён амаль не атрымлівае вестачкі з волі. Днямі Уладзіміра перавялі ў папраўчую калонію № 2 — ён не абскарджваў прысуд.

На волю выйшлі палітвязні Ігар Сямыкін і Глеб Нікановіч. Іх асудзілі па берасцейскай "справе карагодаў", распачатай паводле падзеяў 13 верасня 2020 года ў горадзе, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт. 30 жніўня 2021 года ў Брэсце хлопцаў асудзілі на 1,5 года «хіміі». З 11 снежня 2021 года Ігар адбываў тэрмін у асіповіцкай ПУАТ-48, а Глеб — у гродзенскай ПУАТ-24. У гэтым месяцы палітвязні выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны.

Палітвязень з Гародні Кірыл Суслін цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Хлопца затрымалі за каментары па «справе Зельцэра», а абвінавацілі па «народным» арт. 342 КК. 6 лютага 2023 году яго асудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Вядома, што Кірылу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыў сябе вінаватым. Свой тэрмін Суслін адбываў у шклоўскай ПК № 17.