Урочышча Касута — вілейскія Курапаты
Ва ўрочышчы Касута было забіта 600-800 чалавек, але расстрэлы адбываліся і ў іншых мясцінах Вілейшчыны.
Рух
салідарнасці "Разам" 1 ліпеня правёў акцыю, прысвечаную ўшанаванню памяці
расстраляных калонаў. Гэта вязні турмаў Заходняй Беларусі, якіх НКВД у канцы
чэрвеня 1941 года гнала на Усход.
Дэлегацыя
Руху салідарнасці "Разам" з Мінску разам з вілейскімі краязнаўцамі правяла
акцыю ўшанавання памяці ахвяраў тэрору НКВД ва ўрочышчы Касута.
Павал Хаванскі, які вёў акцыю, напачатку запрасіў айца Вікенція з Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы памаліцца за спачын душы беларусаў, якія былі расстраляны тут.
Дзяніс Канецкі распавёў пра лёс вязняў вілейскай турмы, якіх расстралялі ва ўрочышчы Касута і ў іншых месцах. Расстрэлы пачаліся яшчэ ў самой турме ў Вілейцы.
Ва ўрочышчы Касута было забіта 600-800 чалавек, але расстрэлы адбываліся і ў іншых мясцінах, частка з якіх вядомая, але там, у адрозненне ад урочышча Касута, не ўсталяваныя крыжы.
Першы старшыня Руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык падзякаваў вілейчукоў за арганізацыю традыцыйных акцый ва ўрочышчы Касута і за тое, што гэтыя вілейскія Курапаты заўжды пад іх аховай і даглядам. Распавёў пра няспраўджаныя планы па мемарыялізацыі мясцінаў расстрэлаў вязняў іншых турмаў, матэрыялы па якіх збіраў светлай памяці Сяргей Ханжанкоў. Бо крыжы, акрамя ўрочышча Касута, усталяваны толькі ў горадзе Чэрвень, у вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёну, і пад Пінскам. А ў Беларусі дзясяткі месцаў расстрэлаў вязняў, якіх калонамі гналі на Усход. Па словах Сяргея Ханжанкова, агулам было 12 калонаў. Нелюдзі забівалі людзей, — ва ўрочышчы Касута, у Трасцянцы, у Курапатах. І таму іначай, як здзекам з Беларусі, немагчыма назваць тое, што сённяшнія ўлады прыбралі крыж, прысвечаны памяці кіраўніка беларускага нацыянальнага супраціву нацыстам айца Вінцэнта Гадлеўскага напярэдадні візіту пяці замежных прэзідэнцкіх дэлегацыяў у Трасцянец. Гэта такі ж здзек з Беларусі, як і адкрыццё рэстарацыі ў Курапатах.
Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што змагацца з нелюдствам мусяць людзі, і заклікаў бараніць беларускія святыні, бо інакш і сённяшняму пакаленню давядзецца прайсці праз жахі і трагедыі, якія перажыла беларуская нацыя ў ХХ стагоддзі, — імперыялістычныя войны і палітыка генацыду, якую праводзілі нацысцкая Нямеччына і камуністычны Савецкі Саюз.
Пасля заканчэння акцыі ва ўрочышчы Касута дэлегацыя Руха салідарнасці "Разам" усклала кветкі да помніка гетману Украіны Піліпу Орліку ў вёсцы Касута, да помніка вязням Вілейскай турмы на могілках г. Вілейка, і да крыжа на месцы расстрэлу нацыянальнага героя Беларусі Расціслава Лапіцкага ва ўрочышчы Красны Беражок.
На кожным месцы, дзе пахаваныя ахвяры і героі беларускай нацыі, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсій, гучалі гімн "Магутны Божа!" і вокліч "Жыве Беларусь!"
Паводле прэс-групы Руха салідарнасці "Разам"