Беларус, якога двойчы судзілі за адзін здымак, просіць дапамогі
27 верасня 2020 года мінчук Уладзімір Фурман выйшаў на «Народную інаўгурацыю» Святланы Ціханоўскай у Мінску, а праз пяць дзён быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак. ГУБАЗіК вылічыў яго праз фота з маршу. Аж праз два гады людзі з аўтаматамі зноў уварваліся ў кватэру мужчыны праз той самы здымак, распавядае «Белсат».
«Уварваліся са
сваймі шчытамі і аўтаматамі, паклалі мяне на падлогу каля лазенкі. Я
ўвогуле не разумеў, што адбываецца. Тыцкаюць мне гэтую фотку. Я кажу ім, што
адбыў ужо за яе пакаранне. А яны мне: адбыў за мітынг – цяпер пойдзеш у турму
за перакрыццё дарогі паводле 342 артыкулу. ГУБАЗіК асабліва не цікавіла, што бяруць
чалавека два разы за адное і тое ж. І павезлі мяне ў Следчы камітэт…» –
расказвае Уладзімір Фурман.
Сядзеў з Мажэйкам і Тампалам
Уладзімір сцвярджае, што следчая, якая вяла ягоную справу, адмыслова «пераблытала» дату «ўчынення злачынства», каб усё выглядала больш-менш «законна». Бо сам Уладзімір ужо сядзеў у СІЗА № 1 на Валадарскага і закрываць справу было не ў правілах СК. Хоць адвакатка казала Уладзіміру, што следчая ведала пра «памылку».
На Валадарцы Уладзімір Фурман правёў да суда тры месяцы. Расказвае, што па дарозе ў суд перасякаўся і размаўляў з палітзняволеным журналістам Генадзем Мажэйкам, якому прысудзілі тры гады калоніі. Сядзеў з мастаком Генадзем Драздовым (асуджаны на тры гады калоніі), Канстанцінам Шышком ды іншымі палітычнымі вязнямі.
Некаторы час быў у камеры з грамадзянінам Польшчы Робэртам Тампалам, аб прысудзе якому стала вядома толькі нядаўна (тры гады калоніі за абразу Лукашэнкі).
«Ён добра размаўляе па-расійску. Расказваў мне, як яго затрымлівалі. Аказалася, Робэрта затрымалі на Камароўцы, калі ён купляў яйкі. Проста падышлі да яго і сказалі прайсці з імі. А калі пабачылі ягоны небеларускі пашпарт, разгубіліся і пачалі камусьці званіць. Але пагаварылі і павезлі яго да нас. Вось мы з ім у камеры некаторы час разам сядзелі», – адзначае Уладзімір.
У карцары – з Дзянісам Варозавым
Уладзімір Фурман згадвае, што людзей, якіх прывозілі з Акрэсціна на Валадарку, адразу кідалі ў карцар – па 10 чалавек (карцар разлічаны на аднаго вязня). Там сустрэў аднаго з маладзёнаў, якія вывесілі ў мінскай Вяснянцы вялікі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны. Гэта быў палітычны вязень Дзяніс Варозаў, якога сілавікі жорстка збілі пры затрыманні. На той момант сляды пабояў на ягоным целе ўжо не былі відаць – толькі ад кайданкоў:
«Але людзі мне апавядалі, што, калі яго прывезлі, на ім не было жывога месца. Нават на Акрэсціна яго не хацелі браць – напалову мёртвага. Проста суцэльнае мяса. Білі, здзекаваліся з яго, пісталет да галавы прыстаўлялі. Таксама гаварылі, што да Дзяніса ў камеру сам міністр Іван Кубракоў прыходзіў на гутарку».
Дзянісу Варозаву прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
«Бо ўжо не ведаеш, чаго чакаць ад людзей рэжыму»
1 снежня 2022 года Уладзіміра Фурмана прызналі вінаватым паводле артыкулу 342 КК і засудзілі на тры гады «хіміі». Калі выйшаў на волю з Валадаркі, не стаў чакаць, пакуль прысуд набудзе моц, і пры падтрыманні «BYSOL» эвакуяваўся з Беларусі.
Кажа, трэці суд за адзін і той жа фотаздымак – гэта было б ужо занадта. Не адчуваў сябе ў бяспецы.
Апошнія некалькі гадоў да другога затрымання Уладзімір
Фурман працаваў фрылансерам у сферы IT. У Польшчы працуе зваршчыкам. З
заробленых грошай пакідае сабе толькі на неабходнае для жыцця – харчаванне і
аплату жытла. Астатняе дасылае ў Беларусь самым блізкім, каб здолелі пагасіць
крэдыты і выехаць у Польшчу (у тым ліку грошы са збору «BYSOL»). Праз доўг за
крэдыты, які зʼявіўся падчас перабывання Уладзіміра ў СІЗА, сваякі пакуль
невыязныя.
Кажа, грошы, якія былі ў ягоным электронным гаманцы, цяпер у ГУБАЗіКу. Сямʼі, каб пагасіць крэдытныя запазычанасці, бракуе 1500 еўра.
«І я цяпер тут думаю, што ўжо лічыцца кожны дзень. Вельмі хочацца, каб яны прыехалі як мага хутчэй і каб мы былі разам. Бо ўжо не ведаеш, чаго чакаць ад людзей рэжыму. У іхных галовах творыцца абсалютны шал. Няма ніякай логікі ўва ўсім, што яны чыняць.
Усё горш і горш. Усё страшней і страшней. Здаецца, усё ўпіраецца ў аднаго толькі чалавека», – дзеліцца эмоцыямі суразмоўца.
24 сакавіка 2023 года прозвішча Фурмана з’явілася ў пераліку грамадзянаў, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Уладзімір прызнаецца, што яму няёмка прасіць
падтрымання ў іншых беларусаў, але будзе вельмі ўдзячны за кожную капейчыну
дапамогі. Каб падтрымаць Уладзіміра Фурмана фінансава, «Белсат» прочіць звязацца
з чат-ботам.