«Гіды не пагаджаюцца скажаць гістарычную праўду». Як паўплывае на экскурсіі закручванне гаек

Мінспорту і турызму РБ зацвердзіла прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Напрыклад, пры правядзенні экскурсій трэба стварыць вобраз Беларусі, як прывабнай для турыстаў краіны, затое недапушчальныя «суб’ектыўныя і некарэктныя ацэнкі і выказванні пра Беларусь і іншыя дзяржавы» — прычым як з боку гіда, так і з боку турыстаў «і іншых асоб», — прымаць меры на гэты конт мусіць сам экскурсавод.

_belarus_horad_polack_francysk_skaryna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo.jpg

Сярод іншых крытэрыяў этыкі і прафесіяналізму — «праява павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці», «веды па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, унутранай і знешняй палітыцы краіны».

Не зусім зразумела, праўда, хто і якім чынам будзе кантраляваць выкананне гэтых патрабаванняў і што пагражае за іх парушэнне — пазбаўленне бэйджу экскурсавода альбо адразу арышт? Але дакумент абяцаюць апублікаваць у найбліжэйшы час.

Нагадаем, летась кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Ігар Сергяенка на нарадзе Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы абяцаў «элементарны і чоткі парадак» у працы экскурсаводаў, а таксама ў падручніках і кнігах, каб быў «адзіны навуковы погляд на гісторыю». Падобна, цяперашнія патрабаванні — якраз у гэтым рэчышчы.

Пра тое, дзеля чаго ўлады душаць гідаў ідэалогіяй і як гэта адаб’ецца на турыстах, экскурсаводах і галіне наогул, «Филину» на ўмовах ананімнасці распавяла беларуская экскурсаводка, якая патрапіла пад рэпрэсіі і была вымушаная пакінуць краіну.

Суразмоўца звяртае ўвагу: год таму Саўмін РБ прыняў пастанову аб прафесійнай атэстацыі экскурсаводаў, паводле якой кваліфікаваныя спецыялісты маглі страціць пасведчанне — і, па сутнасці, права на прафесію — калі былі асуджаныя па пэўных крымінальных ці адміністрацыйных артыкулаў, альбо «не адпавядалі прафесійным і этычным патрабаванням». То чаму спатрэбіўся яшчэ адзін дакумент на гэты конт?

— Калі Нацыянальнае агенцтва па турызме пазбаўляла экскурсаводаў пасведчанняў альбо прыпыняла іх дзеянне, яно ніяк не каментавала: якія ж этычныя нормы былі парушаныя, — зазначае экскурсаводка. — На мой погляд, гэтыя правілы па сутнасці паўтараюць усё тое, што ўжо ёсць у палажэнні аб атэстацыі, і прымаюць іх таму, што папярэдняе закручванне гаек не дало выніку. А паказваць нейкую работу чынавенству трэба.

Наконт кантролю за выкананнем прапісаных правілаў, дадае яна, у функцыянераў Нацагенцтва па турызме ёсць ужо даўно адпрацаваная схема. Не трэба нават запісвацца на экскурсію, каб правесці праверку — дастаткова прайсціся па асноўных пунктах, маршрутах, дзе найчасцей ладзяцца экскурсіі. Калі гаворка пра Мінск, напрыклад — ішлі ў Верхні горад, на плошчу Незалежнасці — і прыслухоўваліся да груп людзей.

— Зразумела, што гэта не дадае ні якасці экскурсіі, ні спакою і ўпэўненасці ў сабе нашым экскурсаводам — увесь час азіраешся, хто глядзіць і слухае, акрамя сваёй групы. Былі выпадкі, скажам, мінулым летам, што нават і ціхары хадзілі, іх лёгка было вылічыць па гопніцкім выглядзе; калі такі прыладжваецца да экскурсіі, адразу нервуешся, — кажа экскурсаводка.


Глядзіце таксама

Непрыемна ўразіў суразмоўцу і пункт, паводле якога экскурсавод мусіць прыняць меры, каб турысты не дазвалялі «некарэктных выказванняў і дзеянняў на адрас РБ»: «Гэта як, кшталту, экскурсавод павінен на сваіх турыстаў даносіць?».

— Наогул, я лічу, з’яўленне гэтага дакументу выкліканае тым, што сённяшнія ўлады стараюцца закруціць гайкі, каб інтэрпрэтаваць гісторыю так, як ім трэба — і каб усе астатнія так рабілі. Але гэта не атрымліваецца, — адзначае суразмоўца. —

Сёння скажуць не расказваць пра Каліноўскага, заўтра скажуць не расказваць пра Радзівілаў, паслязаўтра — пра шляхту, наконт якой прапагандысты нядаўна дэбатавалі, маўляў, шляхта — гэта кепска. Але ж без такіх расказаў, гістарычных баек, — пра Радзівілаў, пра «Пінскую шляхту», напрыклад — губляецца цікавасць да экскурсіі, застаюцца адно сухія факты і лічбы.

Калі мы выкраслім частку фактаў і будзем расказваць толькі пра праваслаўныя храмы і пра Хатынь, пра вайну і ні пра што астатняе — гэта не будзе цікава ні беларускім, ні расійскім турыстам, нікому. Таму экскурсаводы стараюцца прытрымлівацца гістарычнай праўды: у гэтую прафесію ідуць людзі, якія любяць гісторыю, любяць сваю Радзіму і хочуць прадставіць яе сваім гасцям з самага лепшага боку.

За некалькі гадоў рэпрэсій частку экскурсаводаў кінулі за краты па крымінальных, а насамрэч палітычных артыкулах, частку — выціснулі з краіны, таксама многіх не атэставалі і пазбавілі права на прафесію. Ці атрымаецца замяніць кампетэнтных, апантаных сваёй справай адмыслоўцаў — лаяльнымі?

— Канечне, дзяржава стараецца так зрабіць, — але не атрымліваецца. Новыя экскурсаводы, якія прыходзяць, магчыма, на словах і не спрачаюцца з патрабаваннямі, але ўнутры сябе і ў працы з турыстамі не пагаджаюцца на тое, каб скажаць гістарычную праўду.

Маштаб рэпрэсій у сферы турызму і гасціннасці даволі вялікі, заўважае экскурсаводка.

— Было дзве вялікіх хвалі: хваля затрыманняў дзесьці са жніўня па лістапад 2022 года, і кампанія пазбаўлення бэйджаў у лютым-сакавіку 2023 года. Я дакладна ведаю пра 15-20 экскурсаводаў, якія выехалі з краіны, трое асуджаны па крымінальных артыкулах, і таксама каля 20 чалавек пазбаўленыя пасведчанняў.

Акрамя таго, дадае суразмоўца, з-за пераследу экскурсаводаў перасталі праводзіцца экскурсіі ў фармаце free walking tour. Гэта ўмоўна-бясплатныя экскурсіі за данаты: людзі, для якіх квіткі на звычайныя экскурсіі былі досыць дарагімі, маглі далучыцца да вандроўкі па горадзе за сімвалічную суму ці наогул бясплатна.

— Я сама вадзіла такія экскурсіі, і на іх прыходзіла даволі шмат людзей. Гэта еўрапейская практыка, якая далучала Мінск да культуры падобных экскурсій, бо яны ладзяцца шмат у якіх гарадах. Апошні год нічога падобнага, канечне, не ладзіцца: хтосьці з’ехаў, а хтосьці пасля «хапуноў» проста вырашыў не рызыкаваць, бо былі ж затрыманні проста падчас экскурсій, і перастаў вадзіць групы.