Сілавікі спачатку замовілі экскурсію, а пасля затрымалі экскурсавода
У Мінску сілавікі спачатку замовілі экскурсію, а пасля затрымалі экскурсавода. Аксана Манкевіч была асуджана ў судзе Цэнтральнага раёна на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «непадпарадкаванне» міліцыянерам.
Манкевіч затрымалі раніцай 2 лістапада на Плошчы Свабоды. Згодна з пратаколам, экскурсавод «аказала непадпарадкаванне Аляксандровічу, адмовілася прайсці ў РУУС па факце разбіральніцтва ў падазрэнні ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне». І адбылося гэта ў 15:10 на Арлоўскай вуліцы, перадае Еўрарадыё.
Аксана Манкевіч на судзе сваю віну не прызнала. Паводле яе слоў, нейкі малады чалавек замовіў ёй экскурсію для сваёй дзяўчыны. Калі а 11-й гадзіне яна прыйшла на Плошчу Свабоды, яе сустрэў толькі згаданы хлопец, які паказаў пасведчанне і павёў у ГУБАЗіК на Рэвалюцыйную вуліцу. Пакаяльнае відэа запісваць Манкевіч адмовілася. Пасля ў яе дома прайшоў ператрус. Далей яе перадалі ў Цэнтральнае РУУС.
«Там прыпаркаваліся каля тратуара, — расказвала экскурсавод. — Яны бачылі, што я адэкватна сябе вяду і нават не трымалі мяне за руку. Прайшлі спакойна разам у РУУС».
Сведка-міліцыянер на судзе блытаўся ў паказаннях. Паводле яго слоў, здымка відэарэгістратарам у той дзень не вялася.
Зімой Аксана Манкевіч ужо атрымлівала 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яе затрымалі падчас экскурсіі, якую яна праводзіла. Цяпер жа вырашылі адправіць за краты паўторна.