Зелімха Яндарбі — паэт з аўтаматам

Яго шукаў Інтэрпол — нібыта за сувязі з «міжнародным тэрарызмам». А ён пісаў верш на смерць Васіля Быкава, сябраваў з Рыгорам Барадуліным і стаў першым чачэнскім паэтам, чые творы былі перакладзеныя на беларускую мову.

10960335_1536371683303656_8983695480668269818_o.jpg


Зелімха Яндарбі, больш вядомы на постсавецкай прасторы як Зелімхан Яндарбіеў, нарадзіўся ў 1952 годзе. Месцам ягонага нараджэння сталі далёкія стэпы Казахстану, куды ягоны народ быў сасланы ў сталінскія часы ў якасці помсты за непакорнасць.
Як і пра пераважную большасць чачэнскіх палітычных і вайсковых дзеячаў, пра Зелімха вядома няшмат — у іх не было аўтабіёграфаў, і да таго як узвіліся палітычныя віры перабудовы і развалу Імперыі, яны ў асноўным не надта вылучаліся сярод сапляменнікаў.
У 1957 годзе Зелімха вярнуўся ў Чачэна-Інгушскую СССР, скончыў школу, прызваўся ў войска.Як і большасці савецкіх юнакоў і дзеўчын, лёс рыхтаваў яму працоўную спецыяльнасць у індустрыяльнай машыне СССР. Аднак прага да ведаў і мастацтва ўзяла сваё: працуючы на буравой памочнікам свідравальніка, ён адначасова паступіў на завочнае аддзяленне філфака Чачэна-Інгушскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які і скончыў у 1981 годзе, каб ужо да самай смерці звязаць свой лёс з літаратурай.


Далей кар'ера літаратара, прытым даволі паспяховая. Зелімха працаваў карэктарам, начальнікам вытворчага аддзела Чачэна-Інгушскага кніжнага выдавецтва, потым вучыўся на вышэйшых курсах пры Літаратурным інстытуце ў Маскве, быў старшынёй Камітэта прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР, літаратурным кансультантам у Саюзе пісьменнікаў ЧІАССР. Публікаваў кнігі з вершамі, у тым ліку на чачэнскай мове, што за савецкім часам ужо само па сябе было выклікам Сістэме. Як празаік разгарнуўся ўжо пазней — падчас рэвалюцыйных падзей на ўскрайках Савецкай імперыі.
Культурна-палітычныя рухі, якія потым перараслі ў «народныя франты» і першыя нацыянальныя дэмакратычныя партыі, уздымаліся не толькі на захадзе СССР, але і на Каўказе. Адным з такіх рухаў стала таварыства «Барт» («Згода»), якое Зелімха Яндарбі ачольваў з 1985 года, і якое потым перарасло ў ВДП — Вайнахскую дэмакратычную партыю.
Момант пераўтварэння паэта ў палітыка зазначыў расійскі журналіст Андрэй Бабіцкі:
«Чачэнскі паэт Зелімхан Яндарбіўе не быў ні мабілізаваны, ні пакліканы рэвалюцыяй, усё адбывалася роўна наадварот. Яму давялося быць тым чалавекам, які яшчэ ў гады савецкай улады палка клікаў рэвалюцыю і мабілізоўваў яе прыхільнікаў і лідараў на заканчэнне існавання СССР. Будучы літэратарам-дысідэнтам, Яндарбіеў пад дахам дзіцячага часопіса цягам некалькіх год, якія папярэднічалі прыходу да ўлады Джахара Дудаева, песціў кола аднадумцаў, такіх жа паэтаў, як і ён сам. Яны марылі аб будучай велічы Чачэніі. Яндарбіеў лічыў назву «Чачня» немілагучнай і наўмысна абразлівай».
Ускоснае пацверджанне гэтым словам мы знаходзім у паводзінах самога Зелімха: яшчэ ў юнацтве ён сумяшчаў працу і вучобу ва ўніверсітэце, а адразу пасля абвяшчэння перабудовы, калі дзяржаўная сістэма СССР стала дазваляць найменшыя парасткі вальнадумства — пачаў грамадзянскую актыўнасць. Хаця ў 1985-м, калі да сапраўднай галоснасці было яшчэ далёка, а КДБ яшчэ быў усёмагутным, многія баяліся, засцерагаліся, бо былі ўпэўненыя, што перабудовачная адліга — ненадоўга.
Пасля развалу СССР Яндарбі стаў верным паплечнікам Дудаева, падтрымаў ягонае рашэнне аб роспуску парламента і хутка стаў віцэ-прэзідэнтам. І ўжо тады гэтая высокая пасада ледзь не каштавала яму жыцця — 1 кастрычніка 1993 года на яго быў зроблены замах. Невядомыя (хутчэй за ўсё — з прадстаўнікоў прарасійскай узброенай апазіцыі) выпусцілі па ім дзве гранаты з падствольнага гранатамёта. Аднак па шчаслівай выпадковасці ніхто не пацярпеў.

«Чачэнскі і любы другі народ, які змагаецца за сваё вызваленне, мае поўнае і безумоўнае права на выкарыстанне любых метадаў і сродкаў у сваёй барацьбе. Калі камусьці так хочацца бачыць метады нашай барацьбы іншымі — то яны мусяць прадставіць нам іншыя магчымасці[...] Мы змагаемся за сваю свабоду, як можам».З. Яндарбі

Прыйшла вайна. Яндарбіеў устаў у шэрагі абаронцаў айчыны, камандаваў абаронай цэнтральнай часткі Грознага.
Пасля смерці Джахара Дудаева выконваў абавязкі прэзідэнта ЧРІ і падпісаў, на чале чачэнскай дэлегацыі, пагаджэнне аб спыненні баявых дзеянняў.

Менавіта гэтых мірных перамоваў тычыцца вельмі паказальны момант. Ельцын хацеў пасадзіць Яндарбіева збоку ад сябе, насупраць Доку Заўгаева (расійскага стаўленіка ў Чачні). А сам Ельцын, такім чынам, седзячы ў тарцы стала, выступаў нібыта міратворцам між імі. Яндарбіеў не дазволіў гэтаму адбыцца, вымусіўшы Ельцына прызнаць у сябе, хай і на сімвалічным узроўні, прэзідэнта незалежнай краіны.


Пасля — другая чачэнская і працяг змагання. Яндарбі актыўна ездзіў па краінах Бліжняга Усходу, быў у Афганістане і Саудаўскай Аравіі — шукаў дыпламатычную, палітычную і фінансавую падтрымку для сваёй справы. Кантакты з «Талібанам», магчыма, і дазволілі Расіі залічыць яго ў спіс «асобаў, якія падазраюцца ў фінансаванні тэрарызму» і запатрабаваць ягоны вышук праз Інтэрпол.
У 2002 годзе Зелімха падае ў адстаўку з усіх пастоў, а ўжо з 2003-га ў якасці ганаровага госця эміра стала жыве ў Катары.
13 лютага 2004 года, калі Яндарбі вяртаўся з пятнічнай малітвы ў цэнтральнай мячэці горада Дохі, ягоны аўтамабіль выбухнуў. Яндарбіеў і два ахоўніка загінулі. Ягоны 13-гадовы сын атрымаў цяжкія раненні.
Віноўныя ў тэракце, расійскія грамадзяне, былі хутка знойдзеныя. Выявілася, што арганізаваць забойства ім дапамагалі дыпламаты з расійскай амбасады. Пасля гэтага Катар выслаў першага сакратара расійскай амбасады. Двое расіян (меркавана, ГРУшнікаў), атрымалі пажыццёвае зняволенне, аднак потым цаной аграмадных дыпламатычных высілкаў Расія змагла вярнуць іх на радзіму нібыта «для адбывання пакарання на тэрыторыі Расіі». У аэрапорце забойцаў сустракалі з вайсковымі ўрачыстасцямі...

Чытайце таксама:

Яго баялася Расія


Сёння Зелімхан Яндарбіеў — адзін з чарговых антыгерояў расійскай прапаганды, нароўні з Шамілём Басаевым, Джахарам Дудаевым, Русланам Гелаевым і іншымі лідарамі чачэнскага супраціву. Прапагандысцкая машына людажэрнай дыктатуры Кадырава здымае аб ім сюжэты, у параўнанні з якімі «Жалезам па шклу» проста адпачывае.


Вершы і кнігі Яндарбіева былі перакладзеныя больш чым на 40 моваў. Дзякуючы сяброўству з Рыгорам Барадуліным, ён стаў першым чачэнскім паэтам, чые вершы былі перакладзеныя на беларускую: у 2005 годзе ў Вільні выйшаў зборнік «Зелімха Яндарбі. Сэрца майго святыня» якраз у перакладзе Рыгора Іванавіча. Застаецца толькі здагадвацца, якія інтэлектуальныя і мастацкія высілкі трэба прыкласці, як па-майстэрску валодаць абедзвюма мовамі, каб перадаць усю гаму пачуццяў, думак і сэнсаў ад аўтара!
А беларусаў Зелімха, відаць, сапраўды лічыў роднымі, нягледзячы на вялізарную розніцу ў менталітэтах, гісторыі і геаграфічным размяшчэнні. Як узгадваў Рыгор Барадулін, «...ён быў вельмі задаволены, што ягоныя вершы загучаць па-беларуску. Беларусь ён называў сястрой Чачні, казаў, што лёсы ў нашых народаў падобныя».
Калі памёр Васіль Быкаў, Зелімхан стаў адным з першых, хто выказаў спачуванне ў адмысловым вершы.
Сумленьне
На сьмерць Васіля Быкава
Не наступаў я на горла песьні сваёй,Тым болей — чужой,Бо ведаў, што немагчымаГэткае зьдзеіць сіле любойНі горлам луджоным,Ні вызьверанымі вачыма.Ні фараонам розных масьцейНі ў старажытным Егіпце,Ні ў Рыме першым, другім, ні ў трэцім.Ні ў прастольным Крамлі,Што шырыцца любіць хутчэй,Ні ў хмарачосістым Вашынгтоне,Што езьдзіць у залатой карэце.Ні цяпер,Ні ў наступным,Ані ў мінулым,І калі нават сьвет увесь закрычыць,Захлынуўшыся ўласным гулам.
Я ніколі ня верыў,Што могуць музы маўчаць,КаліПрамаўляюць тамагаўкі альбо гарматы.І калі нават атамны сьмерчСпрабаваў стрэсьці мозаг Зямлі,Сумленьне і толькі сумленьнеРатавала Сусьвет ад страты.
Я ведаў,Што велічы на зямлі няма ніякой.Ёсьць Людства,І вышэй за Людства няма нічога.Я зноў пераканаўся ў гэтым,Калі Вечнасьць забрала з сабойЧалавека,Ў каго сумленьне, як дар нятленныАд Бога.
У сваёй прадмове да «Сэрца майго святыні» Зелімхан пісаў: «Гэтак ужо здараецца на зямлі, што знаходзіш сардэчных сяброў і пабрацімаў там, дзе зусім не чакаў іх сустрэць… У той момант, калі мне, закінутаму за межы Радзімы, вораг пачаў адразаць апошнія шляхі, адсякаць апошнія надзеі, Вы падалі мне і ўсяму чачэнскаму народу сваю шчодрую братэрскую руку і сэрца. Няхай аддзячыць Вам Звышні за чыстыя сэрцы і высакародны дух».
Паэты ў палітыцы — не такая ўжо і рэдкасць, у тым ліку для Беларусі. Уладзімір Някляеў сёння, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін, Алесь Адамовіч у мінулыя часы... Тут можна намацаць нават нейкую тэндэнцыю — ім больш уласціва прыходзіць у палітыку, чым людзям многіх іншых пакліканняў. Можа, таму, што паэту ў палітыцы стартаваць прасцей — пэўны грамадскі капітал і вядомасць ужо маюцца? Можа, таму, што творчыя асобы заўсёды выразна і шчыра адчуваюць несправядлівасць? А можа яшчэ і таму, што сама стыхія паэзіі — гэта стыхія свабоды, якая пярэчыць усялякаму гвалту і прымусу?