Кампанія «Будзьма беларусамі» запусціла тэлеграм-бот, які дапаможа заставацца на беларускай хвалі ў любой кропцы свету
Кампанія «Будзьма беларусамі» запусціла тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які паведамляе падпісчыкам пра цікавыя беларускія мерапрыемствы па ўсім свеце. Карыстаюцца ім ужо амаль 3 тысячы беларусаў.
![photo_2022_06_03_01_41_49.jpg photo_2022_06_03_01_41_49.jpg](/img/v1/images/photo_2022_06_03_01_41_49.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як адзначаецца ў паведамленні «Будзьма», ад 2020 года Беларусь зазнала масавую хвалю эміграцыі. Безліч нашых суродзічаў на ўласным досведзе зразумелі, як цяжка на новым месцы ўліцца ў мясцовае жыццё, адшукаць сяброў ды паплечнікаў, не згубіць сувязей з беларускім асяродкам.
«З ботам больш няма патрэбы па крупінках шукаць звесткі пра беларускія падзеі — дастаткова выбраць у боце горад, у якім вы апынуліся, і падпісацца на абнаўленні. Бот максімальна акумулюе такую інфармацыю, а Вы будзеце атрымліваць пуш-паведамленні і зможаце наведаць беларускія мерапрыемствы, дзе можна пазнаёміцца з суайчыннікамі, усталяваць кантакты, знайсці аднадумцаў. Дый проста ў цёмныя часы ўсвядоміць, колькі ўсяго беларусы робяць па розных краінах, і адчуць сябе несамотным», — адзначаюць у «Будзьма беларусамі».
Бот шматфункцыянальны. Ён нагадвае пра цікавыя падзеі не толькі за межамі краіны, але і ў розных гарадах Беларусі. Таксама ў бот можна даслаць абвестку пра беларускае мерапрыемства, а ён падзеліцца інфармацыяй з усімі карыстальнікамі.
Каманда бота абяцае рэагаваць на водгукі, таму, калі не хапае пэўнага горада ці краіны альбо ёсць прапановы па ўдасканаленні, можна сказаць пра гэта праз радок паведамлення.
Цяпер у боце ёсць абвесткі пра падзеі ў Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Германіі, Грузіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, ЗША, у тым ліку анлайн. У меню рэгулярна дадаюцца новыя опцыі і гарады: надоечы з’явіліся Уроцлаў і Быдгашч. Абяцаюць і новыя краіны, дзе жыве беларуская дыяспара і ідзе беларускі рух.
Карыстацца ботам проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці абірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля — сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!
«Цяпер, дзе б вы ні былі, вы можаце заставацца на беларускай хвалі і даведвацца пра беларускія падзеі: канцэрты і выставы, акцыі ды імпрэзы, лекцыі, майстар-класы і фэсты — у горадзе, дзе жывяце, па ўсёй краіне, анлайн ці наогул па ўсім свеце», — кажуць у «Будзьма беларусамі».